Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галошава: “Была вёска вялікая, дык паўцякалі ўсе з гэтым калгасам”


Віталь Сямашка, Галошава, Талачынскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Падчас вандроўкі ў Галошава, што на Талачыншчыне, давялося праезьдзіць па навакольлі кілямэтраў трыццаць, ды палову ад гэтага абысьці пехатой. Зрэшты, раскіданым гняздоўем родныя мясьціны сталі для галошаўцаў не ад добрага жыцьця. Пачуў гэта зь першых крокаў па вёсцы.

Ля прыпынку стаіць яшчэ моцны, двухпавярховы панскі маёнтак ХІХ стагодзьдзя, дзе яшчэ нядаўна вучыліся мясцовыя дзеці. Бачу, як сівы чалавек цягне з-пад яго два цяжкія бідоны з вадой. Аўгену Васілевічу Барцаву семдзесят тры. Найлепшыя ўспаміны ў яго — пра далёкае мінулае.

Барцаў: “У гэтым панскім маёнтку працавалі яшчэ мае дзед і баба, бацька пана ўхваляў — не зьневажаў людзей, як прасілі, усё даваў. А цяперашні калгас — што пра яго ўжо і гаварыць. Чацьвертую назву далі — Кірава, Куйбышава, “Акцябар”, цяпер “Калінавы Лог”.

Касьян: “А мілыя мае, была вёска вялікая — паўцякалі ўсе, якія тут заробкі ў гэтым калгасе?!”

Так сёньня кажа 60-гадовая Клара Іванаўна Касьян. У Галошаве яна нумар адзін — пад такой лічбай яе дом на цэнтральнай вуліцы. Яна адзіная ў вёсцы палітычна актыўная — сябра жаночай партыі “Надзея”. І, як пра яе кажуць, першая, хто кажа начальству праўду “за той жах, што адразу за дзьвярыма”. Не прамінула спадарыня Клара зрабіць гэта і перад мікрафонам “Свабоды”.



Касьян: “Узімку мінулага году наагул вады не было — у нас у вёсцы калодзежаў няма, глыбока. Адзін ёсьць, мы тут пятнаццаць гадоў пражылі, ніхто ня чысьціў. Хадзілі-званілі — “чакайце да вясны”. Возера ё, дык панавозілі гною, туды сьцякае. Тэлефануем — ня робіць ніхто. Летам ні памыцца, ні пасьціраць бялізну. Во конь е — вазілі флягі з суседніх вёсак.

У нас жа па ўсім Галошаве быў асфальт. Вясной навазілі грузавікі пяску — нельга праехаць з гэтай тэчкай набраць вады. А пыл слупом стаяў! Я званю Завадзкаму, намесьніку старшыні райвыканкаму. Кажу, вы ж тут нарадзіліся, асфальт будзеце класьці ў наступнай пяцігодцы?! Можа, кажа, і ў наступнай — я ж са сваёй кішэні вам ня дам. А вёска ж пэрспэктыўная — і бугальтэрыя, і мэхдвор, фэрмы. Дык начальнікі пабудавалі шэсьць дамоў, забралі ўсе маладыя сем’і ў Коханава, за восем кілямэтраў. Сем’і зь дзецьмі — і закрылі школу-васьмігодку! Цяпер панскі маёнтак стаіць пусты”.

Пра дамы ды “маладыя сем’і зь дзецьмі” — пазьней. Побач жа з маёнткам — урослы ў зямлю, зь нізкай стольлю будынак сельскага клюбу. На зьдзіўленьне, адчынены з самага раньня. Аднак ізноў усё проста і нявесела — прынамсі, для дырэктаркі, 53-гадовай Любові Сямёнаўны Ткач, якая ў свой апошні працоўны дзень прыйшла здаваць справы. Тлумачыць, чаму звальняецца на ўласнае жаданьне:

Ткач: “Заазер’е маё — вунь, за тры кілямэтры. Уявіце, як а дванаццатай ночы назад ісьці? Рэжым працы трэба зрабіць хаця б да гадзіны. У вёсцы ўлетку ўсе на працы і ў клюб прыходзяць на палову адзінаццатай. А я ў 23.00 мушу ўжо закрываць. Які прыбытак і куды ім ісьці?!”

У Галошава я прыехаў са спадаром Мікалаем Петрушэнкам, сябрам ЦК КПБ, колішнім кандыдатам у дэпутаты розных узроўняў ад тутэйшай Воласаўскай выбарчай акругі. Разам з памянёнай спадарыняй Касьян цьвердзяць, што менавіта адсутнасьць цьвёрдай гаспадарчай рукі ды абыякавасьць да інтарэсаў насельнікаў прывялі вёску да заняпаду.

Касьян: “Вырасьціла 250 кіляграмаў сталовых буракоў — добрых, чырвоненькіх, мусяць прыняць. Здала. Ніякай накладной. Кажуць, прышлюць з базы машыну празь дзесяць дзён. Дык іх пацукі зьядуць! Пад вечар аддалі грошы, але набрахалі: ты ж хворая такая, навошта іх вырошчваеш?”

Петрушэнка: “Месяцы два таму паглядзеў у праўленьні, колькі каштуе для бабулькі-дзядулькі заараць 1 гектар зямлі — 118 тысяч! Але ж колькі па калькуляцыі прыпадае на трактарыста? Дзьве з паловай тысячы! А куды ж сыходзяць 116?! Як ні круці гэтую палітычную геаграфію, у працоўнага люду няма інтарэсу працаваць добра…”

Ці яшчэ красамоўны факт. Клара Іванаўна апавяла, што ўлетку за пару дзён пашэнціла назьбіраць шэсьць пудоў апёнкаў — балазе, абяцалі тры тысячы за кіляграм. Але прымаць ня сталі, працягваюць мае суразмоўцы.

Петрушэнка: “Хоць павесілі абвестку, што прымаюць. Улада больш за ўсё хацела, каб сабралі лён. Як вынік, на лён ніхто не паехаў і на грыбах ніхто не зарабіў…”

Касьян: “А якія заробкі на льне? Мужык мой дзён восем езьдзіў — зарабіў 35 тысяч, восем-дзесяць гадзін працуючы. Гэта падняць, зьвязаць у сноп, пагрузіць і разгрузіць на заводзе. А адзін бруд — прыяжджалі чарнаскурымі”.

Вось і бачыцца нашая цётка Клара з мужам, як яна кажа, “вахтавым мэтадам”. З-за немагчымасьці прыстойна зарабіць той вымушаны быў сысьці зь сельскагаспадарчага каапэратыву. Затое ў краме на вітрыне бачу выключна дарагую вэнджаную кілбасу. Зьвяртаюся да прадаўшчыцы Вольгі Дзегцяровай:

Карэспандэнт: “Калі ў вас за 15 тысяч апошні раз кілбасу бралі? У Менску такую ня надта будуць браць. І колькі пляшак “чарнілаў” прадаяце за дзень?”

Дзегцярова: “Яшчыкі тры, а кілбасы няшмат…”

Я стукаю ў дзьверы Галошаўскага фэльчарска-акушэрскага пункту, які мусіць працаваць яшчэ паўгадзіны. Нікога няма, пункт зачынены.

* * *

А яшчэ чатыры гады таму тагачасны калгас “Кастрычнік” быў на Талачыншчыне наймацнейшы паводле надояў. Зь дзьвюхсот пятнаццаці жыхароў, бадай, усе сто трыццаць працаздольных рабілі ў гаспадарцы. Цяпер у самым Галошаве на асноўнай малочна-таварнай фэрме “Заазер’е” за дзьве сотні кароваў ды дзевяць даярак.

Найстарэйшая з даярак вядзе нас туды зь Мікалаем Петрушэнкам. Дарогай згадваюць падзеі чатырохгадовай жа даўніны, калі са зьняцьцем з пасады старшыні Аляксандра Кажадуба сталі ўдвая меншыя заробкі — і ўсё, кажуць, пакацілася пад адхон.

Петрушэнка: “Патэлефанавалі з райвыканкаму й паабяцалі крэдыт. Кіраўнік паставіў пячатку і загадаў напісаць пратакол. Сакратарка ці то забылася, ці сьвіньню падкінула. Але празь нейкі час рэвізоры абвінавацілі кіраўніка, што ўзяў крэдыт без дазволу праўленьня. І адкрылі крымінальную справу, якая закончылася пшыкам, але адхілілі ад пасады. Новаму кіраўніку Мікалаю Фёдаравічу Крупічу працаваць цяжка — чалавек разумны, але мяккацелы. Кажадуб усе грошы з рахунку сам разьмяркоўваў, а гэтаму кіраўніку з вэртыкалі камандуюць — купі гэта, заплаці за тое. Вось і сярэдзіна зімы, а сенажу няма…”

Буракова: “Сенажу засталося мо да сакавіка пратрымацца. Сваім не далі: мальцы сказалі, што заплаціце нам, закладзем на год. Эканаміст палічыла, што дорага тры мільёны, а прыйшлося сена дакупляць. З транспартнымі расходамі мы груба палічылі — дык мільён у дзень прыйшлося!”

Даяркі, навучаныя не чакаць нічога добрага ад “таварышаў з цэнтру”, сустрэлі нас спачатку насьцярожана.



Спадарыня: “А што, таварыш нам асфальт пакладзе?!”

Петрушэнка: “Не, затое праўду напіша…”

Спадарыня: “А-а, пісарчукі… А мы гной топчам!”

Петрушэнка: “А для гэтага розуму шмат ня трэба! Давайце памяняемся — мы вам заплацім. І шмат вы напісалі?”

Як толькі гамана закранула за жывое, усялякае ёрніцтва зьнікла ў Тамары Бандарэнкі, што на дзьвюх стаўках доіць аж сто (!) кароваў усяго за 400 тысяч на месяц. А таксама ў Зіны Малашкевіч, што не атрымала абяцанай пустой хаты ды Сьвятланы Лахманінай, вымушанай пераехаць сюды зь вёскі, дзе працы няма наагул. Загаварылі наўперамен:

Спадарыні: “А я за 220 тысяч надаіла за месяц 9 тон. Яны прыйдуць, скажуць, што ў нас і так самы большы заробак, чым у іншых калгасах… А як у Кажадуба, дык атрымліваюць пяцьсот-шэсьцьсот тысяч. А ў нас кампутар не прапускае больш за дзьвесьце!..

А ў калгасе нам не даюць хатаў. Вызвалілі дзесяць дамоў начальнікі, а цяпер у іхныя дамы перасяляюцца начальнікі драбнейшыя. Во канторскія — бугальтар, эканамісты. А даяркі самі купляюць дамы і дзьвесьце тысяч зарабляюць… Жыльлё кілямэтры за тры далі — пехатой хаджу тры разы. Во вызваліліся, а калі дадуць, рамонт зробяць — мо толькі ўвесну…”

Старэйшая даярка Людміла Буракова прапануе сваю вэрсію таго, чаму начальства ды набліжаныя да яго будуюць дзесяць прэзыдэнцкіх домікаў ня ў родным Галошаве, а за восем кілямэтраў, у Коханаўскім аграгарадку.

Буракова: “Школа, садок, даброты там блізка. А ў старшыні добры дом у Коханаве, патрабуецца і другі...”

Не выглядае, аднак, што навасёлаў там напаткала асаблівае шчасьце. Перад прыездам у Коханава я зрабіў вось гэты запіс ля новабудоўляў зь беспрацоўным Мікалаем Лакітонам, што езьдзіць на заробкі ў Расею.

Лакітон: “Абсурд тое, што тут пабудавана. Хлеў, што толькі пакласьці інструмэнт. І другое, кажу: хлопцы, што вы капаеце паміж домам і хлявом — склеп? Дзе, каналізацыйны калодзеж! А як адкачваць зь яго, ён мусіць быць каля вуліцы, каб машына заехала. Чалавек, які будзе жыць, будзе клясьці ўсё ў сьвеце! А дзе хаваць тую бульбу?! У гуртах толькі сямянку можна…”



Паводле прапановы Мікалая Петрушэнкі, прыехалі чыгункай на станцыю Пярэвалачную, пехатой выходзім на аўтатрасу Масква — Берасьце. Каб сустрэцца з экс-дэпутатам мясцовага савету, краязнаўцам, самым удалым у вёсцы паляўнічым і проста чалавекам, да меркаваньняў якога прыслухоўваюцца ўсе, — Мікалаем Касьянам.

Гэта пра яго напачатку расказвала жонка, спадарыня Клара. На аўтастаянцы ён працуе кантралёрам. Аматар гісторыі Петрушэнка расказвае дарогай цікавосткі пра галошаўскія мясьціны ды пра чалавека, да якога едзем.

Петрушэнка: “Каля Галошаўскага возера стаіць вядомы каменны крыж. Колькі год валяўся ля берагу. Мікалай Касьян сабраў сяброў, зрабілі цагляны падмурак і яго ўсталявалі. А крыжу гэтаму не адно тысячагодзьдзе. Гэта сьляды, якія пакінула ірляндзкая царква — нашы землі паміж Бярозай і Дняпром тады абжывалі вікінгі. Крывіцкая зямля ўтрымлівае шмат таямніцаў…”

А вось і вагончык спадара Касьяна. Шасьцідзесяцігадовы Мікалай Усеваладавіч дае, паводле ягоных словаў, гістарычна-эзатэрычны падклад пад сытуацыю ў Галошаве, дзе назву СВК зьмянілі раптам на “Калінавы Лог”.

Касьян: “Ня ведаючы мінулага, нельга будаваць будучыню. Назвалі “Калінавы Лог” — не падазраючы, што гэта самае жахлівае месца ў акрузе. Адзін бандыт забіў тут дзеўку, яшчэ раней згубілі дзіцёнка, які вываліўся з возу, быў жахлівы мароз — і зьмерз. Разьбіліся ў гэтым месцы некалькі машын. Курганы сьведчаць, што месца старажытнае — было іх больш за дваццаць пяць, засталося чатыры. Усе жадалі раскапаць і ўзбагаціцца адразу. Але знайшлі попел”.

Спадар Касьян яшчэ і аўтар соцень прыпевак, показкаў ды афарызмаў, што нараджаюцца з жыцьця. Для “Свабоды” ёсьць у яго і палітычнае.



Касьян: “Ехалі дзьве жанчыны і кажуць: добра, што хоць дзяцей ня трэба на вайну адпраўляць. І склалася само па сабе:

Што сынкоў маіх-блізьнят, кажа мне Маруся, не загналі ў Карабах — успомню, здрыгануся. За Шушкевіча, павер, і цяпер малюся…”

Яшчэ, калі зьяжджалі з Галошава, нас перастрэў пячнік, cаракавасьмігадовы Сяргей Малашкевіч, які, аказваецца, адсочваў нашыя перасоўваньні па вёсцы. Пацікавіўшыся нашымі высновамі, пагадзіўся. І паведаміўшы, што выпісвае “СБ — Беларусь сегодня”, сказаў:

Малашкевіч: “Чуў пра “Народную Волю”. А слухаю абавязкова Радыё Свабода. Я тут нарадзіўся, я тут і памру. І я Галошава на зямлю абяцаную не памяняю. Гэта мая радзіма...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG