Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пушкін: “Пасядзіш у адной камэры з п’яніцамі — як пасьля пісаць абразы?”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” .

Нядаўна ў Пінску быў створаны дзяржаўны Палескі драматычны тэатар. На жаль, у ягоным сёньняшнім рэпэртуары няма ніводнай беларускамоўнай п’есы. Сытуацыю спадзяецца выправіць мастак Алесь Пушкін, які запрошаны ў тэатар сцэнографам. Ён марыць пра пастаноўку на пінскай сцэне “Пінскай шляхты”, якая магла б стаць візытоўкай Палескага драматычнага.

“Жывапіс — гэта жонка, а тэатар — каханка”

Скобла: “Алесь, ты расьпісваў храмы, маляваў абразы, ладзіў розныя мастацкія акцыі. І вось вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі тэатральнага мастака — у Палескім драматычным тэатры рыхтуецца пастаноўка з тваім удзелам. Маляваць дэкарацыі лягчэй, чым абразы?”

Пушкін: “Асноўная мая прафэсія — сьценапіс, абразы, партрэты, натурморты. А тэатар і тэатральнае мастацтва, мастацтва сцэнаграфіі я лічу сваёй каханкай. Кажучы вобразна, жонка — гэта жывапіс, а тэатр — гэта каханка. Калі так, то пэўны час я быў без каханкі. У тэатральнай справе я не пачатковец. У віцебскім драмтэатры з рэжысэрам Валерыем Масьлюком яшчэ ў 1994 годзе мы працавалі над пастаноўкай “Караля Ліра” Шэксьпіра. Потым з рэжысэрам Антонам Грышкевічам ставілі п’есу Аўгуста Стрынбэрга, потым — Ёжэна Янэску. Потым была ў мяне праца па рамане Маркеса “Палкоўніку ніхто ня піша”. Гэтую п’есу, праўда, на распараджэньне Міністэрства культуры зьнялі з вытворчасьці. Бо наш палкоўнік быў нацыянальны герой Беларусі, які пасьля Другой усясьветнай вайны зьехаў у Бразылію і там чакае свайго прызнаньня на радзіме. І таму, нягледзячы на тое, што п’еса была напалову зробленая, сцэнаграфія была цалкам гатовая, яе ўсё ж забаранілі.

Скобла: “Тэатар у Пінску створаны адносна нядаўна. Што ён зь сябе ўяўляе?”

Пушкін: “Гісторыя Палескага драматычнага тэатру такая. Дваццаць гадоў у Пінску пры Доме культуры існавала тэатр-студыя “Дыяген”. Таму калі быў створаны тэатар, трупа ў яго перайшла са студыі. Усе артысты — выпускнікі Магілёўскай культасьветвучэльні. У пінскім тэатры працуюць два рэжысэры — Іван Іванавіч Базан і Алена Гаўрыловіч, самі пінчукі. А пачалося маё супрацоўніцтва з тэатрам пасьля таго, як мой сябра рэжысэр Антон Грышкевіч ставіў у Пінску “Маленькія трагэдыі” Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. І чамусьці яму прыйшло ў галаву, каб п’есу Пушкіна аформіў таксама Пушкін. Я прыехаў, мы пагаварылі і хутка падпісалі дамову. А цяпер мы ў тэатры вельмі хуткімі тэмпамі працуем над п’есай “Пігмаліён” Бэрнарда Шоў. Я толькі што здаў эскізы касьцюмаў, макет сцэнаграфіі, плякат і праграмку. Прэм’ера чакаецца на Дзень тэатру — 27 сакавіка”.

“Візытоўкай Палескага драматычнага павінна стаць “Пінская шляхта"

Скобла: “Маленькія трагедыі Пушкіна”, “Пігмаліён” Бэрнарда Шоў — гэта замежная клясыка. А чаму тэатру ў Пінску не паставіць што-небудзь з айчыннай клясыкі? Скажам, тую ж “Пінскую шляхту” Дуніна-Марцінкевіча?”

Пушкін: “Гэта мяне таксама вельмі непакоіць. Я ў Пінску адразу прапанаваў і дырэктару тэатру, і рэжысэру: “Добра, давайце паставім Шоў. Але давайце ставіць і нешта сваё, беларускае. Паглядзіце, гэта нават цікава: у Пінску казіно называецца “Золата пінскай шляхты”, рэстаран — “Пінская шляхта”. А ў вашым рэпэртуары — толькі адна беларуская п’еса, ды і тая па-расейску — “Осторожно, женщины” Андрэя Курэйчыка. Дзеяньне гэтай п’есы адбываецца чамусьці ў Парыжы. Давайце паспрабуем паставіць “Пінскую шляхту”.

Скобла: “Яна магла б стаць візытоўкай Палескага драмтэатру”.

Пушкін: “Так, як “Несьцерка” ў Віцебскім драмтэатры, як “Паўлінка” — у тэатры Купалаўскім. Палескі драматычны тэатар павінен кожны свой сэзон распачынаць менавіта “Пінскай шляхтай”! Не пашкадаваць грошай на спэцэфэкты, на сцэнаграфію, на касьцюмы, зрабіць усё на адпаведным узроўні, каб ня сорамна было паказваць гасьцям гораду. Тым болей, што Пінск арыентуецца на турызм. Што я пачуў у адказ? Рэжысэр і дырэктар гатовыя зьвярнуцца да “Пінскай шляхты”.

Скобла: “А чым Бэрнард Шоў, прэм’ера п’есы якога чакаецца, актуальны ў сучаснай Беларусі?”

Пушкін: “Я таму й згадзіўся працаваць над “Пігмаліёнам”, што ўбачыў у п’есе актуальныя моманты. Дзеяньне ў п’есе Шоў адбываецца ў 1911 годзе, але мы выстаўляем цалкам сучасны інтэр’ер, выкарыстоўваем сучасныя касьцюмы, у нас на сцэне — сучасныя чалавечыя адносіны. П’еса — пра адказнасьць мужчыны перад жанчынай. У п’есе вулічная кветачніца ператварылася ў лэдзі. А потым тыя, хто ператварыў прасталюдзінку ў лэдзі, пакідаюць яе. Сволачы мужыкі разьбягаюцца, яна застаецца адна. І ў фінале п’есы яна зноў зьбіраецца на панэль. Што, гэта не пра наш час? Сучасная моладзь сустракаецца, кахаецца, а пасьля не зрыхтаваная несьці адказнасьць за свае адносіны. А калі дзяўчына зацяжарыць? У нас гераіня застаецца якраз цяжарнаю і — адна”.

Скобла: “Што ж, жадаю аншлягу, і ня толькі на прэм’еры. Алесь, я памятаю, як беларускія ўлады не пусьцілі цябе ў ЗША — расьпісваць беларускую царкву ў Кліўлендзе. Сёлета, я ведаю, ты запрошаны ў Флярэнцыю. Што ты павязеш на паказ у Італію?”

Пушкін: “Прыйшло мне запрашэньне на Флярэнтыйскае біенале, яно адбудзецца ў сьнежні. Я хацеў бы паказаць італьянцам шэсьць сваіх працаў з цыклю “Рукі беларусаў”. Але паездка ў Флярэнцыю — рэч вельмі дарагая. І таму я вырашыў зьвярнуцца да амбасадара Італіі ў Беларусі сіньёра Гульельма Ардыцоне, каб паспрыяў вясковаму мастаку з Бабра пахадзіць па Флярэнцыі, наведаць славутаю галерэю Уфіцы… Вельмі, вельмі хацелася б пабываць у Італіі”.

“Аддай золата і маёмасьць, а калі запатрабуюць душу — паўстань!”

Скобла: “Ведаю, што ты ня першы год вядзеш змаганьне за тое, каб у тваім Бабры была беларуская школа. Сёньня яна — расейскамоўная. У такую школу ты гатовы аддаць свайго сына?”

Пушкін: “Канфлікт з адміністрацыяй школы ў мяне працягваецца. Восьмы год дырэктарскую пасаду займае Шэкун Яўгенія Аляксееўна — жонка ваеннага, ведаеш гэты кантынгент. Яна люта ненавідзіць беларускую мову і культуру. Але я рыхтуюся аддаць свайго сына ў Бобраўскую школу. Чаму? Таму што пасаваць перад гэтай навалай нам ні ў якім разе нельга. Мой сын павінен расьці дужым, сьмелым і беларускім чалавекам. Ён пойдзе ў гэтую расейскую школу, і ён будзе адзіным вучнем, каго там будуць вымушаныя навучаць па-беларуску. Таму што гаспадарамі гэтай зямлі заўсёды будзем мы. Мой Міколка ў шостым пакаленьні прапісаны ў Бобраўскім сельсавеце.

Па школьнай праблеме я напісаў афіцыйны ліст старшыні Менскага аблвыканкаму Мікалаю Фёдаравічу Дамашкевічу. Адказ прыйшоў на расейскай мове, і нічога новага там я не знайшоў, так, чарговая адпіска. Я думаў, што ў сувязі з новымі беларуска-расейскімі адносінамі ў Беларусі можа зьнікнуць і вядомая каляніяльная трыяда Мураўёва: расейскі поп, расейскі чыноўнік і расейская школа. Але не! Як вынікае з адказу, расейская школа ў нас у мястэчку будзе, расейскі поп у нас будзе. А замест расейскага чыноўніка — манкурты сваёй гадоўлі, якія, як і Шэкун, ненавідзяць усё беларускае”.

Скобла: “Ты ўцаркоўлены чалавек, праваслаўны. Твая рэлігія прапаведуе пакору, зьмірэньне. Ты ня хочаш зьмірацца?”

Пушкін: “Не хачу. І прыгадваю ў падобных выпадках словы Сергія Раданескага, адрасаваныя князю Дзьмітрыю Данскому. “Калі ў цябе будуць патрабаваць золата, каштоўныя рэчы — аддай. Калі будуць вымагаць коней і жывёлу — аддай. Але калі запатрабуюць душу — паўстань, ідзі вайной і пераможаш!” Гэтага запавету трэба сёньня прытрымлівацца праваслаўным беларусам”.

"Лік Багародзіцы пасьля знаходжаньня ў турэмнай камэры не напішаш”

Скобла: “Ты маляваў абразы, а цяпер іх аднаўляеш. Што цяжэй?”

Пушкін: “Лягчэй адрэстаўраваць стары, чым напісаць новы. Наш сьвет поўны жарсьцяў, і трэба мець маральнае права засяродзіцца і сесьці за абраз. Вось я цяпер пішу “Маці Божую Жыровіцкую” для сям’і Вячоркаў… Аднаўляць абразы — гэта зусім іншы працэс. Дзе там ёсьць драпіна, пашкоджаньне, адставаньне фарбы, ляўкаснага слою. Я акуратна ўсё заклейваю адмысловай заклейкай, падводжу новыя грунты, умацоўваю фарбу, зьнішчаю шашаль, які патачыў дошку. Ад гэткага занятку больш спакайней на душы. Па сутнасьці, я “лячу” абраз, як лекар пацыента. А вось новы абраз напісаць — гэта больш складана. Трэба час, настрой адпаведны. Скажам, летась мяне некалькі разоў арыштоўвалі, як я мог пісаць абразы? Пасядзіш тры дні ў адной камэры з дэбіламі і п’яніцамі, потым выйдзеш, яшчэ з міліцыянтамі палаесься (“што вы маскалям служыце?”) і што, пойдзеш, возьмеш пэндзлік у рукі і пачнеш абраз пісаць, маляваць лік Багародзіцы?! Не, вядома ж”.

Скобла: “Як вынікае з нашай гутаркі, ты чалавек з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй. Як табе ўдаецца ў сёньняшніх беларускіх умовах захоўваць душэўную раўнавагу, неабходную для часіны перад мальбэртам?”

Пушкін: “Галоўнае — гэта своечасова зрабіць свой выбар. Калі мне аднойчы патэлефанавалі з “Камсамольскай праўды” і сказалі, што ў аднаго палітоляга — юбілей, “а ён вельмі любіць Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, і было б вельмі прыкольна, каб партрэт юбіляра зрабіў менавіта Пушкін”. Пра гэта, маўляў, можна напісаць у суботняй “Камсамолцы” з накладам дзьвесьце тысячаў асобнікаў. А вам мы, маўляў, заплацім добры ганарар — 850 даляраў. Я папрасіў тры дні на роздум. Параіўся з жоначкай. І прыйшоў да выніку. Калі я пісаў Васіля Быкава, калі я пісаў Міхала Вітушку, Усевалада Родзьку, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, то мне нельга пісаць таго палітоляга. І калі мне зноў патэлефанавалі з “Камсамолкі”, я сказаў ім сваё прынцыповае “не”.

Скобла: “Ты — вольны мастак, мастак нон-канфарміст і адначасова — мастак пасьпяховы, што рэдка бывае. У чым сакрэт твайго посьпеху?”

Пушкін: “Па-першае, ты павінен прыняць адназначнае рашэньне: каму ты служыш. Ісьціне, свабодзе ці — хлусьні, страху і крывадушнасьці. Па-другое, трэба мець сьціпласьць у жыцьці, не раскашаваць. І тут я вельмі ўдзячны сваёй жоначцы Яніне, яна ад мяне раскошы побытавае не патрабуе. І па-трэцяе, ты павінен жыць са сваім народам. Калі гэты народ культурны, ён пракорміць свайго мастака. Я ўпэўнены, што беларускі хлопец, які мае “джып” і добра прадае кампутары, рана ці позна захоча павесіць у сваю хату карціну Пушкіна”.

Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG