Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“...нам ня трэба казак пра халіфат, Аляксандр Рыгоравіч. Кіньце Вы свае калгасныя, вясковыя звычкі”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 13 сакавіка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24. Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў.

Спадар: “Добры дзень, Радыё Свабода. Цяпер апазыцыя вярнулася зь Вільні, дзе, як Вы паведамілі, распрацавала малую Канстытуцыю й нейкія эканамічныя пляны. Але ўзьнікае пытаньне: каму гэта трэба? Каб гэта ажыцьцявіць, трэба прыйсьці да ўлады. А каб прыйсьці да ўлады, патрэбная падтрымка народа, а яе якраз няма. Дык вось мая прапанова: замест таго, каб езьдзіць па замежжы і займацца непатрэбнымі справамі, няхай бы сабралі людзей прынамсі на плошчы Бангалор і якое-небудзь сьветлае слова прынесьлі ў нашы душы. А так гэта толькі марнаваньне часу й замежных грошай. Дзякуй”.

Сталы слухач: “Па тэлевізары ўчора ўвесь дзень, сёньня ўсю раніцу паказваюць, як Лукашэнка быў у Эміратах. Усё паказваюць: дывановыя дарожкі пасьцялілі, дзеля яго прыезду скляпеньне нейкае зрабілі, і як ён ходзіць, і як ён гарбату п’е, нейкія соплі там разводзяць… Ды нам ня трэба казак пра халіфат, Аляксандр Рыгоравіч. Кіньце Вы свае калгасныя, вясковыя звычкі. Вы ж ужо ва ўладзе даўно, трэба ж было акультурыцца. Ня гэтага нам трэба. Трэба, каб карэспандэнты сутнасьць сказалі: навошта Вы паехалі, чаго Вы там дасягнулі. Канкрэтна, і гэтага дастаткова. Ня трэба гэтая экзотыка. Нас гэта не цікавіць. Вы ўсё плачацеся, што ў нас шмат чаго няма, “затое мы ў цэнтры Эўропы”. І слушна, што ў цэнтры Эўропы. Японія – нічога ў яе няма, але самая багатая краіна ў сьвеце. Думайце пра гэта! Думайце пра добрае! Разьвівайце тое, што людзям дасьць дабро. А мы можам гандляваць. А то адно й тое ж. Эміраты… І што? Толькі грошы праезьдзілі”.

“Я вельмі хачу падзякаваць тым дзяржавам і на Захадзе, і ў Амэрыцы, якія, не істотна на якіх падставах, не дазваляюць нашым таўсталобым катацца па Эўропе, па Амэрыцы і гэтак далей. Дзякуй Богу. Хоць тут будзе праясьненьне, хоць тут мы нешта чалавечае зробім. Гэта вельмі важны момант. Таму што Аляксандр Рыгоравіч са сваёй гігантаманіяй хацеў сабе помнікі паставіць навечна... Усё павінна быць у меру. Амаль што запаролі рэспубліку з-за гэтага. Толькі вось пасьля Пуціна крыху спыніліся, апамятаваліся. Дый тое я сумняюся. Калі б быў які тэлефон, куды пазваніць, я б добры праект выдаў, няхай бы яны чыталі. А то яны ж наагул не разьбіраюцца ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, у палітэканоміі. Таму што палітыка – гэта і ёсьць эканоміка перш за ўсё. Таму дзякуй, канечне, што ім не дазваляюць езьдзіць. Яны туды ня ўбіліся, дык цяпер у мусульманскі сьвет, ва ўсходнія краіны, у блізкаўсходнія краіны і гэтак далей. Няхай бы ўжо й там ім адмовілі. Гэта проста пустое…”

“Я вось ня скончыў, але хачу працягнуць, што зноў рыхтуецца моцная акцыя. Зноў з галіны гігантаманіі. Зноў трэба Лукашэнку ўвайсьці ў гісторыю. Рыхтуецца вялізная дэлегацыя, якая паедзе на спартовую алімпіяду ў Пэкін. Я яшчэ раз паўтараю: гэта бюджэт адной вобласьці. Хаця гэта вырашаецца вельмі проста, ці трэба везьці турыстаў. Ёсьць жа пэўныя нарматывы. Трэба паглядзець, калі чалавек хоць на эўрапейскіх спаборніцтвах праходзіць. А то гэта ж відавочна, што вельмі далёка, на ўзроўні 1-3 разрадаў бегаюць, скачуць. А іх вязуць туды. Зноўку агаляючы матэрыяльны фронт нашай рэспублікі. А калі ўзяць чыноўнікаў, якіх распладзіў гэты прэзыдэнт. Гэта страшна падумаць. Нідзе ў сьвеце такога ня знойдзеце. Нідзе, каб столькі чыноўнікаў было! Лайдакоў, якія ад таго, што іх шмат, выдумваць розныя інструкцыі, палажэньні, каб даказаць, што яны працуюць, пацеюць над гэтым. А насамрэч яны сьмяюцца з усяго гэтага, атрымліваючы велізарнейшыя грошы. Што гэта такое? Яны зьядуць дзяржаву. А вось вырашайце праблемы бяздомных…”

Вадзім, Салігорск: “Я Вам другі раз кажу, што тыя, каго Вы называеце “прадпрымальнікамі”, гэта зусім не прадпрымальнікі, а прадстаўнікі гандлёвага капіталу. У народзе – “купі-прадай,” а па Марксу яны працуюць “грошы-тавар-грошы”. Самы лёгкі шлях яго абарачэньня з мэтай атрыманьня прыбытку. Ды толькі справа ў тым, што гэты прыбытак атрымоўваецца ня толькі з “коштавых нажніц” паміж дзяржавамі, куды яны па два-тры разы ў месяц езьдзяць, а і зь бессаромнай эксплюатацыі сацыяльна неабароненых рэалізатараў прывезенага, іх наёмных работнікаў. У большай частцы пэнсіянэраў і беспрацоўных. Жалезныя кантэйнэры, сьпякота й мароз, адзін выходны. Чатыры-пяць адсоткаў ад рэалізацыі, ніякіх ведамасьцяў, сацпакетаў, пэнсійных адлічэньняў. Нельга дабротна жыць ім бяз гэтага. Пры 5-6 днях на дарогу за тавары прыйдзецца без рабочых уваходзіць у тую разору, адкуль выйшлі. Вось і вэрхал. Ніколі гэтая частка людзей ня будзе больш думаць пра грамадзтва, бо хапіла прыбытку ў дзьвесьці-трыста адсоткаў. Успомніце, што гаварылі клясыкі й што можа зьдзейсьніць капітал пры гэтым. І яшчэ. Не затыкайце рот выступоўцам дзьвюма хвілінамі. Навошта Вашы ўрыўкі з кантэксту? Не цікава і не пазытыўна. Ня ўся праўда ў Маёрчыка ці ў Жданко”.

Марыя Іванаўна, в. Квасоўка: “Добры дзень. Кіраўнік калгаса Крымко перадаў у спадчыну калгас свайму сыну Сяргею. Гэта што маёмасьць?! Так можна ім рабіць? Яны самі пракуроры і судзьдзі. Вось так мы і жывем, дарагі наш, паважаны народам, Аляксандр Уладзіслававіч Казулін. Гэта не жыцьцё, а цемра. Трываць больш нельга. Так жыць нельга. Усяго найлепшага”.

Спадар: “Трэба сказаць беларускаму тырану, што яму прыйдзецца вярнуць у казну кошт палётаў дыктатарам у краіны зь недэмакратычнымі рэжымамі, пачынаючы зь Мілошавіча”.

Спадар: “Паважная “Свабода,” аднойчы я пазваніў на Ваш нумар і так сказаў, што ў 2006 годзе ў Беларусі тавараабарачэньне павялічылася. Але прэм’ер-міністар сказаў, што сальда адмоўнае расьце. І я пытаюся чаму? Адкуль бяруцца грошы? І вось Раманчук мне адказаў па радыё, што грошы бяруцца ад продажу расейскай нафты. Пры адмоўным сальда, мне здаецца. Грошы ці пазычаюцца, ці бяруцца з запасаў золата-грашовага бюджэту. Дзякуй”.

Спадар: “Справа ў тым, што яны ня бачаць галоўнага. Гэтыя прадпрымальнікі-гандляры завалілі рэспубліку таварамі лепшай якасьці й стварылі сьмяротную небясьпеку неканкурэнтназдольнай эканоміцы дзяржавы. Гэта ж ляжыць на паверхні, што гэта робіцца. Каб іх зьнішчыць. Таму што праз паўгады пачнецца каляпс гэтай грамадзкай нікчэмнай эканомікі”.

Мікалай: “Зь 19 сакавіка наступае адказны тыдзень, калі адзначаецца гадавіна падзей на Плошчы Каліноўскага і сьвяткаваньня Дня Волі. У гэтыя дні кожны павінен асэнсаваць становішча ў краіне й сваю ролю ў гэты няпросты час, бо нашы праблемы за нас ніхто ня вырашыць. Досыць спаць! Прыйшла пара абуджэньня!”

Спадар: “Хачу выказаць меркаваньне наконт прадпрымальнікаў. Але ж калі прааналізаваць, то атрымліваецца, што прэзыдэнт мае рацыю. Некаторыя прадпрымальнікі самі не працуюць. А толькі завозяць з дапамогай блату тавары вагонамі, зьдзіраюць грошы. А працуюць, прабачце мяне, рабы. Але ж прадпрымальнік павінен працаваць толькі сам, асобна. Менавіта сам, бяз родзічаў. Ня хоча працаваць, няхай адкрывае “ООО,” як у народзе кажуць “тры яйкі,” і кіруе, і здымае грошы.А працаваць павінны прадпрымальнікі толькі самі. Дзякуй”.

Спадарыня, Магілёў: “ И России, и Европе нужна наша Беларусь. Газ и нефть текут в Европу через нашу Беларусь. Очень хочет быть Европой наша Беларусь. Не пускает власть в Европу нашу Беларусь. В изоляции тоскует наша Беларусь. А диктатор всему миру врет про нашу Беларусь. Лишь “Свобода” правду скажет про нашу Беларусь. И народ ей благодарен за нашу Беларусь”.

Спадар, Менск: “Я перажыў вайну. Цяпер мне 77 год. Я атрымліваю пэнсію 300 тысячаў, адпрацаваўшы 53 гады. А адстаўнікі атрымліваюць па мільёну. Дык яны ж будуць крычаць. І я ўспомніў, калі немцы прыйшлі, былі паліцаі. І яны казалі: “Што гэта народ ідзе да ваўкоў у лес?! Гэта ж бацька прыйшоў, вызваліцель!” Так і ў нас цяпер. Каму Гітлер быў вораг, а каму й бацька родны. Вось гэтыя, якія атрымліваюць грошы ні за што й жонкі іхныя. Вы паглядзіце, як сьвіньні ходзяць, пузы вялікія. Яны ж разьеліся за кошт працаўнікоў. Ніводны не пайшоў працаваць ні ў калгас, нікуды. І жонкі. Вы прайдзіцеся па прадпрыемствах Менску й знайдзіце хоць адну іх жонку, што працуе на прадпрыемстве, на будоўлі. Толькі ў выканкамах, толькі ў адзелах. Там пэнсія ў іх 600 атрымліваецца. Трэба нешта рабіць. І Лукашэнка іх падтрымлівае, таму што яму патрэбная ўлада”.

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Я хачу Вам сказаць. Гэта мне ўжо даўно набалела, і я чакаю, каб нашыя менскія алігархі, што прысланыя з Масквы і сядзяць пры ўладзе, зьмянілі радыё а шостай гадзіне. Я яго ня слухаю, але ўвесь час яны піляць “Саюз нерушымы”. Саюз парушаны, і мы на яго глядзець ня можам. І Вы не іграйце нам “саюз”. Мы Вашага саюзу і ведаць ня хочам. У нас ёсьць свой гімн: “Магутны Божа”. І мы хочам, каб быў дэмакратычны ўрад і дэмакратычны прэзыдэнт. Саступіце! Людзі Вас ужо ня могуць трываць! Вам гэта дабром не абыдзецца. Дзякую за ўвагу”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Добры вечар. Таварышы КДБ, я як стары пэнсіянэр і былы бальшавік не разумею Вашу ролю ў дадзены момант. Вы хапаеце маладых і прыгожых хлопаў і дзяўчат, паколькі яны сябры “Маладога Фронту”. У чым іх злачынства перад Лукашэнкам? У гэтых юнакоў свой погляд на жыцьцё. На такую моладзь трэба маліцца. Гэта нашы героі, як Кастусь Каліноўскі ў свае маладыя гады. Ён вёў барацьбу за Беларусь вольную ад фашыстоўскіх мафіёзьнікаў. Пытаньне Вам, таварышы КДБ. Чым Вы павінны займацца ў сучасны момант? Маладыя хлопцы і дзяўчаты, таварыш Лукашэнка, ніколі ня будуць маліцца на Вас. Жыве родная Беларусь!”

Яцкевіч Аляксандр, Віцебск: “Добры дзень, паважаная “Свабода”. Даражэнькія, малайцы! Вельмі своечасова закранулі тэму трансплянтацыі органаў. І што робіцца, і што прадаецца на “чорным рынку”, як гандлююць людзьмі, як гандлююць дзеткамі – гэта ўсё прадаецца. Я не выключаю, што майго сыночка дзе-небудзь прадалі ў свой час. І гэтая мафія ўжо даўно працуе й на міжнародным узроўні й ня мае межаў. Вялікі дзякуй. Вельмі своечасовая тэма. Да пабачэньня”.
XS
SM
MD
LG