Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўласьцівая Беларусі блатная культура?


Ігар Карней, Менск Ці ўласьцівая Беларусі так званая блатная культура, якая базуецца, перадусім, на “пакутніцкіх” песьнях турэмнай тэматыкі, на ўслаўленьні подзьвігаў “братвы” і г.д? Як паказвае досьвед, блізкасьць Расеі, дзе падобная субкультура мае даўнія традыцыі ды актыўна прапагандуецца дагэтуль, рэхам сьпеваў мясцовых і заезжых “шансанье” блатны фальклор разносіцца па гарадох і вёсках Беларусі.

За савецкім часам аўтары і выканаўцы блатных песень уваходзілі ў лік забароненых і ўспрымаліся з налётам дысыдэнства. Запісы Віллі Токарава, Міхаіла Шуфуцінскага, Аляксандра Новікава, Міхаіла Зьвязьдзінскага, Аляксандра Разэнбаўма ды іншых даставалі падпольна, з рызыкай трапіць на прыцэл да праваахоўных органаў. Сёньня касэты і дыскі згаданай тэматыкі прадаюцца ў любым музычным шапіку. Перадусім, гэта расейскія выканаўцы кшталту гуртоў “Лесапавал”, “Беламорканал”, “Пятлюра”, Івана Кучына, Уладзімера Асмолава, Вікі Цыгановай, Міхаіла Круга. Апроч апошняга, забітага ў крымінальных разборках, усе актыўна гастралююць па Беларусі.

Аднак прыхільнае стаўленьне ў сучасным грамадзтве да блатной тэматыкі знаўцы называюць нелягічным. Лявон Баршчэўскі падчас сваіх адсідак за палітычную актыўнасьць разам з такімі ж апазыцыйнымі сукамэрнікамі сьпяваў народныя песьні, а не турэмныя. І тлумачыць – чаму:

“Блатная культура нам не ўласьцівая, бо яна гарадзкая. Гэта дваровыя гарадзкія песьні. А гарадзкая культура ў нас – гэта ўжо клясычны прыклад. Да рэвалюцыі ў гарадох з насельніцтвам больш за 10 тысяч чалавек жыло меней за 10% беларусаў. Таму гэта ўсё вырасла на глебе расейскага і габрэйскага фальклору. Для нас гэта не тыпова, бо гэты фальклор – спараджэньне гораду. Фактычна да другой усясьветнай вайны беларусы ў горадзе былі ў меньшасьці й не стваралі асноўную культуру”.

Карней: “То бок, усю гэтую блатную лірыку, фальклор, як кажуць, можна лічыць наступствамі расейскай экспансіі?”.

“Не зусім, бо тут ёсьць і элемэнт габрэйства. Бо тэрміналёгія, жаргоны, усе гэтыя “хазы”, іншыя назвы запазычаныя з ідышу. Перадусім, адэская вось гэтая плыня. Таму ўсё гэта ідзе ад расейска-габрэйскага тандэму”.

Легалізацыі шансону ў сучаснай Беларусі паспрыяла ў тым ліку й квота Міністэрства інфармацыі на 75-працэнтную прысутнасьць у FM-эфіры беларускіх выканаўцаў. Калі высьветлілася, што талентаў на эстрадзе нашмат меней, чым выдаткаваных ёй працэнтаў, пад “сваіх” пачалі “касіць” раней не прызнаныя таленты. “Зоркай” беларускай эстрады стаў называць сябе невядомы дагэтуль “шансанье” Віктар Каліна, які ажаніўся й пераехаў з Расеі ў Беларусь.

Зрэшты, ягоныя песьні кшталту “Валадарка”, “Абламалі крылы”, “Жыцьцё-ваўчара” сапраўды запатрабаваныя ў публікі. Пацьверджаньнем таму – так званыя вечарыны “Маліны ў Каліны”, на якія зьбіраецца ня толькі публіка з адпаведным мінулым, але й досыць заможныя аматары турэмнай лірыкі. Сам Каліна, дарэчы, пад падпіску аб нявыезьдзе нядаўна выйшаў з услаўленай самім жа “Валадаркі”: артыст праходзіць сьведкам і магчымым саўдзельнікам у справе аб махлярстве, распачатай супраць ягонай жонкі.

Сярод іншых выканаўцаў прыблатнёнага шансону можна ўзгадаць хіба што Ўладзімера Ўхцінскага, які пачынаў граць у калектыве расейскага сьпевака Ігара Талькова, потым перайшоў у “Сябры”, а з пачаткам сольнай кар’еры перакваліфікаваўся ў шансанье. Іншых выканаўцаў, якія б спэцыялізаваліся на гэтай тэматыцы, няма. За выключэньнем асобных праектаў.

Ня так даўно кампанія БМАgroup прэзэнтавала кампакт-дыск твораў на вершы Сяргея Новіка-Пяюна “Дні лятуць. Песьні з-за кратаў”. Назва дыску наўпрост дае падставу для адпаведных параўнаньняў, а песьня гурта “Голая манашка” “Павязаны…” у пэўным сэнсе магла б прагучэць лейтматывам. Праўда, адзін зь ініцыятараў выхаду дыску Віталь Супрановіч лічыць, што ў дадзеным выпадку аналёгіі наўрад ці да месца:

“Такіх як Каліна, зразумела, у беларускай музыцы няма. Хоць, канешне, калі ўзяць, прыкладам, песьні Новіка-Пяюна, бальшыня якіх насамрэч былі напісаныя ў турме, то, напэўна, такі выканаўца ў нас бы мог бы зьявіцца. Ёсьць гурт “Голая манашка”, дзе такая тэма можа прысутнічаць. Але, натуральна, гэта ня той шансон і ня ў тым разуменьні, які маецца на ўвазе”.

Самы яскравы прыклад “дэфармацыі сьвядомасьці” здарыўся з першаадкрывальнікам FM-прасторы ў СССР, радыё “Рокс”. Атрымаўшы ў 1996 годзе беларускую прапіску, радыё працягвала рэтрансьляваць ўсясьветную рок-музыку. Аднак апошнія два гады “Рокс” вядомы, найперш, тым, што стаў расейскамоўнай пляцоўкай для прыблатнёных выканаўцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG