Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша слова”: “Рыхтуецца рэвізія школьных праграм”


Радыё Свабода, Менск Агляд публікацый недзяржаўных беларускіх СМІ за 13 сакавіка.

Газэта “Наша слова” на першай старонцы публікуе артыкул старшыні Таварыства беларускай школы Алеся Лозкі “Рэвізія школьных праграм” і заяву Сойму БНФ “Рукі прэч ад роднага слова!” Распавядае рэдактар “Нашага слова” Станіслаў Суднік.

“Са школьных праграм зьбіраюцца выкінуць “Тутэйшых” Купалы, “Аблаву” Быкава, вершы Гілевіча, Барадуліна, Бураўкіна, Законьнікава, Скоблы, Іпатаву, Арлова, Алексіевіч, Чаропку, ілюстрацыі Марачкіна”.

У Менску будзе вуліца імя Напалеона Орды. Таварыства беларускай мовы атрымала адказ з Менгарвыканкаму, што пытаньне будзе разглядацца на паседжаньні камісіі па найменьнях і перанайменьнях, таксама паведамляе “Наша слова”.

Крычаўскі “Вольны горад” нядаўна узьняў вострую экалягічную праблему наконт каналізацыйных сьцёкаў і зьвярнуўся з афіцыйным запытам у гарадзкую санстанцыю. Распавядае рэдактар газэты Сяргей Няроўны:

“Мы, газэта недзяржаўная, усё ж такі дамагліся, каб нам прыйшоў афіцыйны адказ: санстанцыя прызнае, што насамрэч такія рэчы былі, і што камунальныя службы вінаватыя. І нават штраф 155 тысяч дырэктар камунальнай службы спадар Белянцоў атрымаў. Мы палічылі гэта сваёй перамогай. Надрукавалі артыкул з фотаздымкамі”.

“Вольны горад” прыклаў шмат намаганьняў, каб ў Крычаве адрамантавалі лазьню. Рамонт лазьні пакуль не завяршылі, але міліцыя затрымала чалавека, які вывозіў на мікрааўтобусе з лазьні каляровыя мэталі. Гэты чалавек аказаўся знаёмцам старшыні Крычаўскага райвыканкаму Пракопава, і затрыманага вымушаныя былі адпусьціць. Артыкул называецца “Рука руку мые і лазьню будуе”.

Пры заходзе на пасадку ў Самалі быў абстраляны транспартны самалёт Іл-76 беларускай авіякампаніі “Трансавіяэкспарт”. Тое, што экіпажу удалося пасадзіць самалёт без ахвяраў, заслуга пілётаў. Як высьветліла інтэрнэт-газэта “Салідарнасьць”, экіпаж складаўся з менскіх і віцебскіх пілётаў.

“Комсомольская правда” в Белоруссии” піша: “Лічыльнік вады можа акупіцца за год”. Начальнік тэхнічнага аддзелу Упраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менгарвыканкаму Аляксандар Каралёў дае няхітрыя парады, як зэканоміць ваду: прымаць душ замест ванны, мыць посуд не пад кранам, а ў тазіку ці каструлі, не праць вельмі забруджаную бялізну ў пральнай машыне, сачыць, каб кран добра закрываўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG