Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальны бізнэс на чалавечых органах закрануў і Беларусь?


Алена Струвэ, Менск Напрыканцы гэтага году ў Беларусі плянуецца правесьці першую апэрацыю па перасадцы пячонкі дзіцяці, калі на базе 9-га клінічнага шпіталя адчыніцца рэспубліканскі цэнтар трансплянталёгіі. Мяркуецца, што цягам наступных трох год, апэрацыі па трансплянтацыі пячонкі, нырак, тканак стануць звычайнымі.Тым часам у сьвеце не спыняюцца дыскусіі адносна другога боку гэтак званых апэрацыяў “апошняй надзеі”. Размова ідзе пра магутны крымінальны бізнэс, які ўзьнік дзякуючы апошняму слову мэдыцыны.

Манфрэд Новак -- спэцыяльны дакладчык ААН па барацьбе з катаваньнямі. Штодня ў бюро гэта прафэсійнага сьледчага ў Вене трапляюць матэрыялы, якія сьведчаць пра сапраўдны бум гандлю чалавечымі органамі. Сёньня ў сьвеце апэрацыі па перасадцы органам патрэбныя прыкладна кожным дзьвюм тысячам з мільёна жыхароў.

Гандаль чалавечымі органамі пераўтварыўся ў прыбытковы бізнэс

“На жаль, усё разам – канкрэтная чалавечая бяда і сучасныя мэдычныя тэхналёгіі – парадзілі рынак, дзе ёсьць велізарны попыт на танныя органы”,-- кажа Манфрэд Новак. Паводле сьледчага, тыя заходнія пацыенты, якім, напрыклад, патрэбная трансплянтацыя сэрца, маюць невялікія шанцы знайсьці донараў у сябе дома, а таму нярэдка зьвяртаюцца ў адпаведныя кітайскія цэнтры. Тут маральна сумнеўны бізнэс пастаўлены на паток. У якасьці донараў выкарыстоўваць вязьняў, асуджаных на сьмерць, іншых зьняволеных. Зразумела, ні донараў, ні іхных сваякоў, ні хворых пра гэта не інфармуюць.

Што да тых пацыентаў, якім патрэбныя ныркі, то яны, наадварот, маюць вялікі выбар. У маладых, эканамічна бедных краінах гэтага больш-менш таннага “тавару”, як кажуць, навалам. Няма дэфіцыту і ў “спэцыялістах”, здольных усё гэта арганізаваць.

Турэцкі афэрыст вэрбаваў беларускіх донараў

У дасье Манфрэда Новака матэрыялы па турэцкай клініцы " Sönmez Hospital” у Стамбуле. Яе хірург Юсуф Сёнмец рабіў перасадку нырак багатым пацыентам з Брытаніі і Ізраілю. Донараў ён вэрбаваў у тым ліку і ў Беларусі, а таксама ў Румыніі, Баўгарыі, Расеі. У якасьці ганарару донарам плацілі па 1,5 тысячы даляраў. Ад пацыентаў бралі суму ў 100 разоў большую –150 тысяч. Два гады таму Сёнмеца спрабавалі пазбавіць ліцэнзіі, аднак у судзе ягоная вінаватасьць даказанай не была.

Паводле калегаў Манфрэда Новака, адсочваць падобны бізнэс у аўтарытарных краінах немагчыма. Як кажуць сьледчыя, “у краінах, дзе з аднаго боку, нараджаецца рынак, а з другога, дзейнічае жорсткі мэханізм дзяржаўнага ціску, ніколі не бывае праблемаў з выканаўцамі. Рынак, аўтарытарызм, глябальная няроўнасьць –гэта фатальная сумесь. Мафія ў такіх умовах ня мае страху, яна адчувае сябе надзейна”.

У Беларусі няма гандлю органамі -- сьцьвярджаюць менскія лекары

Тым часам, ў самім 9 клінічным шпіталі Менску, на базе якога будзе адкрыты рэспубліканскі цэнтар па трансплянтацыі, з падобнымі сьцьвярджэньнямі рашуча нязгодныя. Паводле аднаго з адміністратараў, “кожны такі артыкул – ускоснае забойства хворага”.

“Распавядаюць нейкія гісторыя пра хабар, які бяруць лекары за продаж органаў, пра тое, што з-за органы забіваюць хворых. А нашы людзі вераць. Мне часта прыходзіцца езьдзіць па скаргах. Я сустракаўся з адным 70-гадовым дзядулем, які паглядзеўшы гэта, сказаў, што ягоную жонку лекары спэцыяльна забілі, каб забраць органы. Хаця ніхто з трансплянтолягаў ня будзе мець справу з органамі людзей, якім болей за 60. Вось такое наша грамадзтва і з гэтым трэба змагацца. Ня лекарам, а тэлебачаньню, СМІ”,-- заявіў суразмоўца Свабоды.
XS
SM
MD
LG