Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Калодзішчах ня могуць выбраць старшыню сельсавету


Міхал Стэльмак, Менск На сёньня ў вёсцы Калодзішчы пад Менскам заплянаванае правядзеньне нечарговай сэсіі сельскага Савету дэпутатаў, на якой трэцім разам будуць спрабаваць абраць старшыню. Дагэтуль ў раёне адмаўляліся зацьвярджаць кандыдатуру, якую прапануе большасьць дэпутатаў.

12 студзеня выйшаў прэзыдэнцкі ўказ пра органы мясцовай улады, які надзяліў райвыканкамы дадатковымі паўнамоцтвамі ў вызначэньні кіраўнікоў сельсаветаў. Кіраўнік раённай вэртыкалі атрымаў права прапаноўваць на пасаду старшыні таго дэпутата сельсавету, якога пажадае. У Калодзішчах жа з такімі парадкамі ня хочуць пагаджацца, паведаміў Радыё Свабода дэпутат Анатоль Бурачэўскі:

Бурачэўскі: “Апошні дзень выбраньня старшыні сельскага савету. То бок Менскі райвыканкам вылучае сваю кандыдатуру – гэта Іванько, былога вайскоўца. Дэпутаты супраць. Два разы былі выбары з аднолькавым вынікам – дзесяць супраць пяці. Дэпутаты прапаноўваюць маю кандыдатуру – райвыканкам яе не прапускае”.

Дэпутат Натальля Ліпай – з той групы, якая падзяляе пазыцыю Менскага райвыканкаму:

Ліпай: “Я сёньня падтрымліваю тую кандыдатуру, якую зацьвярджаюць згодна ўказу прэзыдэнта, якую ўзгадняюць з райвыканкамам. Мяне гэтая кандыдатура задавальняе. А іх яна не задавальняе. Таму яна і не выбіраецца”.

Дэпутат Бурачэўскі да нядаўняга часу займаў пасаду намесьніка старшыні выканкаму Каладзішчанскага сельсавету:

Бурачэўскі: “Мяне 16 лютага зволілі за тое, што сьнег не пачысьціў у часе сьнегападу ў Калодзішчах. А першую вымову абвясьцілі за нібыта несвоечасовае рэагаваньне на прадстаўленьне пракуратуры, хаця там усё выканана ў тэрмін. Ім патрэбна паставіць свайго чалавека”.

Тэрыторыя Каладзішчанскага сельсавету прыцягвае ўвагу многіх сталічных чыноўнікаў. Тут, напрыклад, шмат зямельных участкаў, якія каштуюць вялікія грошы і гандаль якімі апякуецца сельсавет. Прадпрымальнік Ільля Дабратвор жыве й працуе ў Калодзішчах. Ён пракамэнтаваў такім чынам падзеі вакол пасады кіраўніка тутэйшага сельсавету:

Дабратвор: “Людзі, вядома, падтрымліваюць Бурачэўскага. Іванько, якога ўлада імкнецца паставіць, ён сябра таварыша з райвыканкаму. Усе пра гэта ведаюць. І ёсьць такое меркаваньне, што яны хочуць у пары працаваць. То бок мець свайго старшыню, цалкам падкантрольнага. Але ж Бурачэўскі, мне, напрыклад, больш цікавы, таму што падчас мясцовых выбараў ён выявіў сябе прыхільнікам найперш закону”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG