Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалася акцыя “Павіншуй палітвязьня з Днём Волі”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Актывісты Беларускага Хэльсынскага камітэту з Гарадзеншчыны ініцыявалі акцыю “Павіншуй палітвязьня з Днём Волі”. Праваабаронцы заклікаюць падтрымаць ахвяраў рэжыму віншавальнымі тэлеграмамі, паштоўкамі і лістамі, а таксама дасылаць ў турмы кнігі. Якія шанцы, што ўсё гэта дойдзе да адрасатаў?

Гарадзенскі праваабаронца Раман Юргель не забыў, як год таму ў маразы зьбіраў разам з аднадумцамі подпісы за кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, які цяпер ў няволі. Паводле спадара Юргеля, акцыя “Павіншуем палітвязьня з Днём Волі” задуманая з мэтай ня толькі падтрымкі зьняволеных, але й як сродак разварушыць сьвядомасьць беларускага грамадзтва.

“Вырашылі пачаць акцыю віншаваньня з Днём Волі -- Днём незалежнасьці, з 25-м сакавіка. Гэта акцыя маральнай падтрымкі палітвязьняў, бо ўсе займаюцца вялікай палітыкай, а па-людзку ня могуць падтрымаць тых, хто пацярпеў, хто сядзіць ў турме і на “хіміі”. Хочацца такім чынам паказаць і рэжыму, што людзі памятаюць палітвязьняў. Бо калі няма розгаласу, то няма і праблемы”.

У сьпісе вязьняў, якіх прапануюць падтрымаць гарадзенскія праваабаронцы, восем прозьвішчаў. Гэта палітыкі Аляксандр Казулін, Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, маладзёвыя актывісты Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, праваабаронца Кацярына Садоўская, лідэры руху прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў. Іх паштовыя адрасы зьмешчаныя на сайце Беларускага Хэльсынскага камітэта па адрасе http://www.belhelcom.org.

А ці дойдуць віншаваньні з Днём волі да палітвязьняў? У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў адказалі, што ўсю пошту зьняволеныя атрымліваюць. “Цэнзураваньню падлягаюць толькі зьвесткі, якія забароненыя законам: тайны сьледзтва, пытаньні бясьпекі і аховы турмы. А прыватныя зьвесткі, у тым ліку віншаваньні, не забароненыя”, -- адказаў дзяжурны.

Адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч, які ужо паўтара году на “хіміі”, кажа, што атрымлівае дзесяткі віншаваньняў як ад знаёмых людзей, гэтак і ад тых, каго асабіста ня ведаў. Пасланьні часта ўтрымліваюць выказваньні палітычнага зьместу. Мікалай Статкевіч мае звычку самыя цікавыя вывешваць на сьцяне над сваім ложкам. Некалькі разоў ахоўнікі патрабавалі ад яго зьняць паштоўкі, але палітык не саступае.

“У мяне вісяць паштоўкі, у мяне вісяць партрэты некаторых палітвязьняў, вісіць рэкляма адной газэты ў колерах нацыянальнага сьцягу. Калі ў чарговы раз ад мяне патрабавалі гэта зьняць, я адказаў: калі вам трэба, самі і здымайце, але я вас потым з-за гэтага праслаўлю. Ці абвяшчайце мне спагнаньне. І яны адчапіліся. Немагчыма запалохаць чалавека, якому няма чаго баяцца. Хай яны баяцца, ім ёсьць чаго”.

Вялікая радасьць для людзей, пазбаўленых волі, ня толькі атрымліваць, але й адказваць на такія пасланьні. Сваякі Аляксандра Казуліна распавядалі, што ён у турме вядзе працяглую перапіску зь людзьмі, якія даслалі яму лісты падтрымкі яшчэ падчас судовага працэсу. Нагадаю, той суд адбыўся мінулым летам. “У таты ужо некалькі дзесяткаў адрасатаў, зь якімі ён вядзе сталую перапіску”, -- кажа дачка палітыка Юлія. Мікалай Статкевіч пацьвярджае: важнасьць ліста з волі пераацаніць немагчыма.

“Я ўжо рабіў такое параўнаньне: гэта як дотык цёплай сяброўскай рукі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG