Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад акцыяй на Дзень Волі ўзмацніўся ціск на актывістаў “Маладога фронту”


Любоў Лунёва, Менск Актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” зноў выклікаюць на допыты. Менскай школьніцы Насце Палажанцы і Аляксею Янушэўскаму сьледчы пракуратуры уручыў пастанову аб тым, што цяпер яны маюць статус падазраваных у крымінальнай справе, якую распачаў КДБ за удзел у незарэгістраванай арганізацыі. Па гэтай справе дапыталі і бабруйскага актывіста Валера Мацкевіча. Сёньня чакаюцца новыя допыты з удзелам маладафронтаўцаў.

Дзесяціклясьніца Наста Палажанка сёньня пойдзе на допыт разам са сваім бацькам і сацыяльным пэдагогам. Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу яе ня маюць права дапытваць без дарослых, якія прадстаўляюць яе інтарэсы. Наста Палажанка ўчора азнаёмілася з пастановай сьледзтва аб тым, што яна прызнаная падазраванай у крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Нагадаю, 4 лютага супрацоўнікі міліцыі затрымалі 27 актывістаў “Маладога фронту” пад час паседжаньня цэнтральнай рады арганізацыі. Зьмітра Хведарука і Алега Корбана трое сутак трымалі ў сьледчым ізалятары КДБ, так званай “амэрыканцы”. Яны таксама маюць статус падазраваных у крымінальнай справе, якую распачаў КДБ супраць “Маладога фронту”. Наста Палажанка упэўнена, што выклікі на допыты зьвязаныя з набліжэньнем вясновых акцый апазыцыі.

Палажанка: “Я лічу, што сёньняшні допыт будзе ціскам ня толькі на мяне, але й ціскам на ўвесь “Малады фронт” і іншых моладзевых актывістаў. Лічу, што гэта спроба запалохаць моладзь напярэдадні вясновых падзеяў, 25 сакавіка. Я хачу даказаць і паказаць людзям, што баяцца гэтага ня трэба. 25 сакавіка ў 12 гадзін мы ўсё роўна выйдзем на плошчу, нягледзячы на ціск улады”.

Кіраўнік бабруйскай філіі “Маладога фронту” Валер Мацкевіч і мянчук Аляксей Янушэўскі таксама давалі паказаньні ў крымінальнай справе.

Заўтра сьледчы менскай пракуратуры Сяргей Грахоўскі будзе дапытваць Барыса Гарэцкага. Летась Барыс фігураваў у крымінальнай справе, якую распачаў КДБ супраць “Маладога фронту”. Тады сьледзтва дзейнічала ў межах справы за тэрарызм. На допыты выклікалі дзесяткі актывістаў арганізацыі. На кватэрах маладафронтаўцаў ладзілі ператрусы. Справу супраць Алега Корбана, Барыса Гарэцкага, Сяржука Лісічонка і Зьмітра Дашкевіча спынілі з-за адсутнасьці доказаў. Але 15 верасьня Зьмітра арыштавалі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Суд пакараў яго зьняволеньнем на паўтара году. Гаворыць Барыс Гарэцкі:

Гарэцкі: “Паўтараецца гісторыя мінулага году, калі больш за 40 актывістаў “Маладога фронту” выклікалі на допыты ў пракуратуру. Гэта сьведчыць аб тым, што напярэдадні вулічных акцый улада спрабуе запужаць моладзь. Прымусіць яе нейкім чынам даваць супраць сябе сьведчаньні, то бок гісторыя паўтараецца. Мы ўжо праз гэта ўсё праходзілі і ведаем, што мы, безумоўна, пераможам, таму гэтыя захады папросту нікчэмныя”.

Сьледчы менскай пракуратуры Сяргей Грахоўскі заявіў “Свабодзе”, што ня можа паведаміць дакладную колькасьць людзей, якіх заплянавана выклікаць на допыты, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва.
XS
SM
MD
LG