Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні міліцыі давярае 31 адсотак жыхароў


Сяргей Астраўцоў, Гародня Паводле матэрыялаў сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ў Горадні, тут міліцыі давярае 31 адсотак насельніцтва. Многа гэта ці мала? Што рэальна думаюць людзі наконт міліцыянтаў?

У Горадні начальнік абласной міліцыі палкоўнік Генадзь Хацько заявіў: “Мы не артысты і не спартсмэны, каб падабацца ўсім”. 31 адсотак даверу насельніцтва міліцэйскае начальства лічыць цалкам нармальным вынікам. Супрацоўнік прэс-цэнтру абласной управы ўнутраных справаў Уладзімір Козыраў тлумачыць:

Козыраў: “Рэч у тым, што 31 працэнт, гэта — поўнасьцю давяраюць, а ня ў поўнай меры — 75 адсоткаў. Гэта значыцца давяраюць, але ня цалкам, у іх ёсьць яшчэ заўвагі”.

Спадар Козыраў зазначае, што ў іншых краінах рэйтынг паліцыі прыблізна такі ж самы. Але вернемся да рэйтынгу гарадзенскай міліцыі.

Козыраў: “Калі мы распаўсюджвалі анкеты на буйных прадпрыемствах, дык прасілі міліцыю параўнаць з пракуратурай, з судом, з царквой, зь іншымі грамадзкімі інстытутамі. І атрымалася, што рэйтынг міліцыі самы высокі аказаўся”.

Сёньня міліцыянтаў абавязваюць дбайна займацца ўсімі здарэньнямі, зь якімі зьвяртаюцца грамадзяне, гаворыць Уладзімір Козыраў.

Козыраў: “Раней: у бабкі зьніклі тры гусі, участковы піша заключэньне: матэрыял для адмовы: гусей, напрыклад, зьеў бадзячы сабака або гусі паляцелі ў цёплыя краіны, штосьці ў гэтым сэнсе. А цяпер не, цяпер гэтых гусей будуць шукаць да апошняга”.

Паўплываў на сытуацыю і загад аб ветлівым і культурным стаўленьні да грамадзянаў, асабліва гэта датычыць ДАІ, мяркуе спадар Козыраў.

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП юрыст Юры Істомін, аднак, лічыць: калі апытаньні праводзяцца ўладнымі структурамі, яны не выклікаюць даверу.

Істомін: “А лічбы, што датычаць гарадзенскай міліцыі, яны выклікаюць сумнеў. Я ня думаю, што ў яе давер вышэйшы, чым у царквы. Што датычыць справаў палітычных, міліцыянты фактычна не праваахоўнікі, а ахоўнікі ўлады аднаго чалавека”.

А што думаюць адносна мясцовай міліцыі гарадзенцы?

Малады спадар: “З аднаго боку давяраем, канечне, але з другога боку ўзьнікае многа нюансаў. Лепей каб ставіліся да кіроўцаў, каб калі спыняюць, былі больш добразычлівымі ды ветлівымі — ДАІ, я сам кіроўца і ў мяне да іх такое пажаданьне…”

Спадар: “Што я магу сказаць? Сярод міліцыі ёсьць многа сапраўдных пачцівых людзей, якія вельмі добра выконваюць свае абавязкі. Але таксама ёсьць многа супрацоўнікаў міліцыі, якія палітызаваныя, выконваюць загады зьверху, што часамі не адпавядаюць заканадаўству”.
XS
SM
MD
LG