Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць палітыкі і чыноўнікі мець падвоенае грамадзянства?


Радыё Свабода У Галяндыі насьпявае ўрадавы крызіс. Некаторыя дэпутаты парлямэнту запатрабавалі адстаўкі двух членаў новага кабінэту. Прычына – наяўнасьць у іх пашпартоў іншых краінаў.

Ахмэд Абуталеб, які, апрача галяндзкага, мае мараканскі пашпарт, прызначаны намесьнікам міністра працы, а Небахад Альбайрак, – яна мае, акрамя галяндзкага, і грамадзянства Турэччыны, - яна прызначаная намесьніцай міністра юстыцыі. Акрамя таго, што ўпершыню ў гісторыі Галяндыі выхадцы з мусульманскіх краінаў атрымалі такія высокія пасады, іх прызначэньне прыкметна і дыскусіяй вакол дапушчальнасьці для палітыкаў такога ўзроўню мець пашпарт іншай краіны.

Фактычна ў міжнароднай практыцы тры варыянты стаўленьня да праблемы падвоенага грамадзянства. Першы – калі грамадзяніну папросту забаронена мець грамадзянства іншай краіны. Да гэтай групы належаць, напрыклад, Чэхія і Ўкраіна. Другі варыянт – калі падвоенае грамадзянства не прызнаецца, але і не забараняецца. У такой сытуацыі за грамадзянінам проста не прызнаецца пашпарт іншай краіны, не прызнаецца яго права на абарону з боку той краіны, грамадзянінам якой ён таксама зьяўляецца. Такая сытуацыя ў ЗША, Расеі, Галяндыі, Грузіі, з 2002 году, калі быў прыняты новы закон аб грамадзянстве – і ў Беларусі. І, нарэшце, трэцяя група краінаў – тыя краіны, дзе падвоенае грамадзянства афіцыйна прызнанае. Гэта значыць, што дзяржава прызнае за сваім грамадзянінам права на абарону з боку іншай дзяржавы, грамадзянінам якой ён таксама зьяўляецца. Такіх краін зусім няшмат, да іх належыць Вялікабрытанія.

Але, нягледзячы на розныя падыходы да прызнаньня альбо непрызнаньня падвоенага грамадзянства, стаўленьне да наяўнасьці замежнага пашпарту у вышэйшых чыноўнікаў ды палітычных лідэраў звычайна больш жорсткае. Напрыклад, Валдас Адамкус і Вайра Віке-Фрэйбэрга, якія былі абраныя прэзыдэнтамі, адмовіліся адпаведна ад амэрыканскага і канадыйскага грамадзянства.

А вось што да палітыкаў ці чыноўнікаў іншага ўзроўню, дык тут апошнім часам назіраюцца лібэральныя тэндэнцыі. Напрыклад, міністар замежных спраў Грузіі захоўвала, акрамя грузінскага, і францускі пашпарт. А ў Армэніі днямі быў прыняты закон, які дазваляе асобам з іншым грамадзянствам займаць вышэйшыя пасады (акрамя прэзыдэнцкай) – напрыклад, быць прэм’ер-міністрам ці спікерам парлямэнту. Прыняцьце такога закона было патлумачана ў тым ліку і імкненьнем выкарыстаць вопыт дыяспары.

Што да Беларусі, дык яшчэ ў 1995 годзе ў шэрагу беларускіх дыпляматычных місіяў працавалі асобы, якія ня мелі беларускага грамадзянства. Цягам апошніх гадоў прадстаўнікі апазыцыі ўздымалі пытаньні пра наяўнасьць беларускага грамадзянства ў некаторых вышэйшых чыноўнікаў і кіраўнікоў сілавых ведамстваў.
XS
SM
MD
LG