Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракрамлёўскія партыі перамаглі на выбарах ва ўсіх 14 рэгіёнах Расеі


Юры Дракахруст, Прага Учора ў 14 рэгіёнах Расеі прайшлі выбары ў мясцовыя парлямэнты. У 13-ці перамогу атрымала пракрамлёўская партыя “Единая Россия”, у Стаўрапольскім краі на першым месцы апынулася другая нядаўна створаная пракрамлёўская партыя – “Справедливая Россия”.

Пракрамлёўскія партыі атрымалі перавагу на мясцовых выбарах ва ўсіх 14 рэгіёнах, дзе ўчора праводзіліся выбары. Гаворыць старшыня партыі “Единая Россия”, сьпікер Дзярждумы Барыс Грызлоў.

Грызлоў: “Калі казаць у цэлым, то ў 9 суб''ектах фэдэрацыі з 14 у нас будзе больш за 50 адсоткаў фракцыі "Единой Росии". У астатніх гэта будзе проста большасьць”.

Другая пракрамлёўская партыя, створаная 4 месяцы таму – “Справедливая Россия”, кіраваная старшынёй Савету Фэдэрацыі Сяргеем Міронавым, перамагла на Стаўрапольлі і заняла другое месца ў астатніх рэгіёнах, дзе праводзіліся выбары.

Зюганаў: гэта генэральная рэпэтыцыя напярэдадні думскіх і прэзыдэнцкіх выбараў

Цяперашнія выбары праводзіліся паводле новага выбарчага заканадаўства. Быў скасаваны бар’ер яўкі выбаршчыкаў, каб выбары былі сапраўднымі – зараз яны сапраўдныя пры любой яўцы, дарэчы, учора яна склала прыкладна 30%. Была таксама скасаваная графа ў бюлетэні “супраць усіх”.

Трэцяя інавацыя – гэта тое, што выбары зараз праводзяцца выключна паводле партыйных сьпісаў, пры гэтым усталяваная даволі высокая “столь” для абраньня: каб кандыдаты ад партыі былі абраныя, за яе выбарчы сьпіс павінны прагаласаваць ня менш як 7% выбаршчыкаў. На думку шмат якіх экспэртаў і палітыкаў, такая высокая столь усталяваная дзеля таго, каб ускладніць абраньне прадстаўнікоў ад малых партыяў.

Аднак ня ўсё вызначаецца фармальнымі ўмовамі. На думку старшыні кампартыі Генадзя Зюганава, гэтыя выбары былі самымі бруднымі ў найноўшай расейскай гісторыі. На ягоны погляд,

“Гэта генэральная рэпэтыцыя напярэдадні выбараў у Дзяржаўную Думу і прэзыдэнцкіх”.

Варта, сказаць, што нягледзячы на высокую столь для абраньня, у шэрагу регіёнаў яе здолелі пераадолець ня толькі дзьве пракрамлёўскія партыі: кампартыя набрала больш за 7% ва ўсіх 14 регіёнах. Някепскі вынік паказала Лібэральна-дэмакратычная партыя. Жырыноўскі:

“Агульны вынік нас задавальняе – амаль 10%, у некаторых рэгіёнах гэта і 13%, амаль 14”.

“Крамлю, акрамя пракрамлёўскіх, ужо непатрэбныя іншыя партыі, акрамя хіба ЛДПР і КПРФ”

У 4 рэгіёнах больш за 7% набрала партыя “Союз правых сил”. А вось “Яблоко”, гледзячы па ўсім, не было абранае нідзе, гэтая партыя зазнала ўсю моц супрацьдзеяньня адміністрацыйнага рэсурсу, хіба ня самай скандальнай праявай гэтага стала зьняцьцё сьпісу “Яблока” з выбараў у Санкт-Пецярбургу.

На думку экспэрта маскоўскага Фонду Карнэгі Мікалая Пятрова, учорашнія выбары – дэманстрацыя таго, што Крамлю, акрамя пракрамлёўскіх, ужо непатрэбныя іншыя партыі, акрамя хіба ЛДПР і КПРФ, з тых партыяў, што зьявіліся ў Расеі напачатку 1990-х гадоў. “І далей у гульні будуць удзельнічаць галоўным чынам крамлёўскія праекты”, – мяркуе экспэрт.

Цяперашняя расейская выбарчая сыстэма ня можа лічыцца цалкам дэмакратычнай. Але некаторае прадстаўніцтва апазыцыі яна ўсё ж дапускае, што і паказалі ўчорашнія выбары. Там практыкуецца хутчэй прыручэньне апазыцыі і стварэньне розных праўрадавых партыйных праэктаў. У Беларусі такімі складанымі схемамі ўлада сябе не абцяжарвае, што паказалі і апошнія мясцовыя выбары ў студзені. Ня трэба ані партыі ці партыяў улады, ані прадстаўніцтва апазыцыі ў органах улады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG