Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" - 12 сакавіка


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by ідзе абмеркаваньне артыкула “Лукашэнка прапануе Кіеву сябраваць супраць Масквы”. Гаворка ідзе пра больш шчыльнае супрацоўніцтва Ўкраіны і Беларусі ў энэргетычнай сфэры. Камэнтары ўдзельнікаў.

“Ідэя добрая, пытаньне ў тым, як яна будзе рэалізаваная”.

“Беларусь будавала саюзную дзяржаву з Расеяй. ЗША й Захад гэтага засьцерагаліся і ўвесь час умешваюцца ва ўнутраныя справы Беларусі ці ў іх падвойныя стандарты. Кіеў прадаўся Захаду, а Юшчанка – амэрыканскі стаўленік. Як жа зь імі можна сябраваць? А як жа ж саюзная дзяржава й адраджэньне магутнасьці СССР?”

“Дарма расейцаў дражняць… А потым зноў пра крэдыт згадае – маўляў, расейцы, дайце грошай, на жыцьцё трэба”.

“Можа СтаўленікБогаСонцападобны ня ведае, што ў Кіеве няма таннага газу?”

“Мала што Беларусь выйграе ад гэтага супрацоўніцтва, так, нешта па дробязі будзе рэалізоўвацца. А Ўкраіна канечне болей атрымае ад такіх дробязяў і козыр у перамовах з Расеяй”. Каб… атрымаць усю выгаду, патрэбнае збліжэньне з Эўразьвязам і, адпаведна, яго падтрымка, але выстаўленыя ўмовы па зразумелых прычынах не прыймальныя для БССР”.

Гранула піша ў суполцы Жывога журналу minsk_by: “Заходжу я сёньня ў свой пад’езд, а на дзьвярах вісіць раздрукоўка, з загалоўкам “Яны вінаватыя дзяржаве!” Пад гэтым натхняльным надпісам ідзе сьпіс злосных няплатнікаў (маецца на ўвазе на камунальныя паслугі). Пададзены іхныя адрасы, прозьвішчы, ініцыялы і нават сума завінавачанасьці (у маім доме іх 5 ці 6, вінаватыя ў сярэднім каля 100 тысячаў рублёў). Напэўна, мяркуецца, што астатнія сумленныя жыхары будуць тыкаць у гэтых буржуяў, рэдысак і дармаедаў пальцам, сьмяяцца зь іх на вуліцах, не вітацца ў пад’езьдзе й не даваць у выпадку патрэбы ні жменькі солі, ніводнай запалкі. Іншых мэтаў мая здаровая фантазія нарадзіць ня можа”.

На сайце Indymedia.org зьявілася абвестка пра новы праект – сэрыю відэапаказаў “Кіно без абмежаваных магчымасьцяў”, якая стартуе ў Менску 15 сакавіка. На адкрыцьці праекту гледачы ўбачаць фільмы-прызэры міжнародных кінафэстываляў “Кіно без бар’ераў”, якія праходзяць у Маскве цягам трох год. Арганізатар гэтага кінафоруму, прысьвечанага праблемам людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, грамадзкая арганізацыя інвалідаў “Пэрспэктыва” падала частку конкурсных фільмаў сваім калегам зь Беларускай моладзевай арганізацыі “Розныя-Роўныя”. Галоўная мэта відэапаказаў – прыцягнуць грамадзкую ўвагу да праблемаў людзей з абмежаванымі магчымасьцямі й сфармаваць станоўчы імідж інвалідаў у грамадзтве.

Eolonir на сайце блогаў Позірк разважае пра тое, хто пачуваецца замежнікам у Беларусі. І згадвае такі выпадак з жыцьця: “Аднойчы зайшоў я ў наш Саюз Онлайн… перада мною тры адміны абмяркоўвалі моўнае пытаньне. Двое зь іх былі зь Расеі. Адзін выказваўся, што зусім не разумее (беларускай) мовы, і яна яму не падабаецца, бо “гучыць адрозна”; другому мова падабалася, а трэці змаўчаў. Я змаўчаць ня здолеў і невінавата-цнатлівым падлыжным галаском запытаўся, ці спадарства ня было супраць бы даць мне квіточак на гадзінку ў Сеціве. Адваленыя сківіцы абодвух, якія зразумелі, што я чуў іх усю гутарку, я буду памятаць здаўга. Праблема нават ня ў тым, што ў нас улады даюць грамадзянства людзям, якія ведаюць адну толькі зь дзяржаўных моваў, і зразумела тое будзе расейская. Праблема як і ўва Ўкраіне, што толькі чвэрць тых, хто гутарыць беларускаю хатня ці зь сябрамі, будзе скарыстоўвацца зь яе на вуліцы. Праблема ў тым, што шмат народу адразу пераходзяць на расейскую, калі чуюць яе ў адказ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG