Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыўся мітынг прадпрымальнікаў (фота)


Алесь Дашчынскі, Менск На мітынгу ў Менску прадпрымальнікі запатрабавалі ад уладаў адмяніць законы, якія лічаць дыскрымінацыйнымі. Удзельнікі мітынгу выказаліся за працяг акцыяў пратэсту і за падрыхтоўку да папераджальнага страйку 25 сакавіка.

Мітынг у менскім парку Дружбы народаў ня быў масавым — у ім узялі ўдзел некалькі соцень дробных бізнэсоўцаў.

Паводле старшыні каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Анатоля Зьмітровіча, улады перашкаджалі арганізоўваць акцыю і інфармаваць пра яе. На пачатку мітынгу не было нават электрычнасьці, каб падключыць гукаўзмацняльную апаратуру.

У гэты ж дзень на многіх рынках былі арганізаваныя сэмінары паводле новага прэызыдэнцкага ўказу — і яўка на гэтыя сэмінары была абавязковай.

У сваім выступе спадар Зьмітровіч заявіў, што прэзыдэнцкі ўказ №760 закране вельмі многіх грамадзянаў:

“Да канца году паводле гэтага ўказу мы павінны будзем звольніць сваіх наёмных работнікаў, а іх у прыватных прадпрымальнікаў каля 300 тысяч у краіне. Яны мусяць стаць на біржу працы. У нас каля мільёна насельніцтва ня мае працоўных дачыненьняў зь дзяржавай. І да іх трэба яшчэ дадаць 300 тысяч нашых гандляроў і прадпрымальнікаў, якая збанкрутуюць. Мы патрабуем адмяняць гэты адыёзны пункт указу”.

Прадпрымальнікі з рэгіёнаў сказалі, што былі абраныя на адмысловых сходах і прэзэнтавалі на мітынгу ў Менску сотні сваіх калегаў. Алег Шабетнік з Гомельскай вобласьці сказаў:

“Улада зьдзекуецца з нас. Мы ня хочам гэтага. Мы патрабуем працы людзям. А ўлада хоча выкінуць 300 тысяч нашых людзей. Не дапусьцім, каб улада зрабіла з нас ідыётаў. Мы патрабуем працы. Мы даем людзям працу і сямейны дабрабыт”.

Прадпрымальніца зь менскага рынку “Ждановічы” Лідзія Сітава сказала на мітынгу:

“Тут вельмі многа выступалі перада мной і казалі, што вельмі мала рынкаў прыйшло. Хаця я часткова адказвала за гандлёвы дом “Ждановічы”, улёткі, і праца была праведзеная намі вельмі калясальная. І мне, канечне, сорамна, што прыйшло вельмі мала людзей”.

Спадарыня Сітава прапанавала зьвярнуцца зь лістом да аўтара ўказу Аляксандра Лукашэнкі й запатрабаваць ад яго сустрэцца з прадпрымальнікамі.

“Мы проста ўсе загнаны ў кут. Наш бізнэс трашчыць. А гэты ўказ — апошні цьвік у века нашай дамавіны”.

На мітынгу выступалі прадстаўнікі грамадзкасьці і сярод іх старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка. У сваім выступе ён заклікаў да ўдзелу ў сьвяткаваньні 25 сакавіка. Ён між іншым нагадаў:

“Аб’яднаная Эўропа зрабіла нам яснае пасланьне. Калі ў Беларусі адбудуцца хаця б першыя крокі ў кірунку дэмакратычных рэформаў, тады Эўразьвяз дэкляруе, што Беларусь можа атрымаць вельмі сур’ёзную дапамогу. Своеасаблівы плян Маршала для постдыктатарскай Беларусі. Перашкаджае толькі адно бервяно. І мы з вамі ведаем, якое гэта бервяно. І яно павінна быць прыбранае”.

Нагадаем, што апошнія масавыя акцыі дробных прадпрымальнікаў адбываліся ў 2005 годзе, калі гандляры пратэставалі супраць новага парадку спагнаньня зь іх падатку на даданую вартасьць. 10 лютага 2005 году адбыўся агульнанацыянальны прадпрымальніцкі страйк, не працавала 85% гандлёвых пляцовак, шмат у якіх гарадох прадпрымальнікі ладзілі мітынгі. Тады ўлады часткова пайшлі на саступкі патрабаваньням гандляроў.























XS
SM
MD
LG