Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць прыватныя прадпрымальнікі абараніць сябе?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: юрыст і прадпрымальнік Сяргей Балыкін зь Менску і сябра штабу кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Леў Марголін з Барысава.

Валер Карбалевіч: “Прэзыдэнцкі ўказ №760, прыняты напярэдадні новага году, паставіў прыватных прадпрымальнікаў на мяжу выжываньня. Указ выклікаў у прадпрымальніцкім асяродзьдзі пратэстныя настроі. На 12 сакавіка ў Менску прызначаны мітынг прадпрымальнікаў, скіраваны супраць гэтага ўказу. Чаго хочуць дамагчыся прадпрымальнікі, якіх мэтаў дасягнуць сваім мітынгам?”

“Акрамя публічнага пратэсту ў нас нічога не засталося”

Сяргей Балыкін: “Я і мае паплечнікі арганізоўваем гэты мітынг. Акрамя публічнага пратэсту ў нас нічога не засталося. Мы пісалі лісты прэзыдэнту, выступалі ў мэдыях.

Але ўлады нас ня чуюць. Яны не запрасілі нашых прадстаўнікоў на паседжаньне Савету па разьвіцьці прадпрымальніцтва. Указ №760 ставіць пад пытаньне існаваньне прыватных прадпрымальнікаў.

Мы атрымалі дазвол гарадзкіх уладаў на правядзеньне мітынгу, мы будзем імкнуцца да таго, каб улада нас пачула, будзем дамагацца, каб нашы правы былі ўлічаныя”.

Леў Марголін: “Гэтым указам улады адкідаюць наша эканамічнае жыцьцё на ўзровень 1987 году, калі ЦК КПСС прыняў пастанову аб індывідуальнай працоўнай дзейнасьці. У прадпрымальнікаў ёсьць толькі адзін шлях: змагацца за адмену гэтага ўказу, бо палепшыць яго немагчыма”.

Л.Марголін: “Гэтым указам улады адкідаюць наша эканамічнае жыцьцё на ўзровень 1987 году, калі ЦК КПСС прыняў пастанову аб індывідуальнай працоўнай дзейнасьці”.


“На акцыі 25 сакавіка нашыя патрабаваньні могуць патануць на агульным фоне”

Карбалевіч: “Цяпер наконт мітынгу 12 сакавіка. Яго не падтрымлівае большасьць прадпрымальніцкіх арганізацыяў: ні структура, якую ўзначальвае Шумчанка, ні арганізацыя Гарбачова, ні іншыя. Яны арыентуюцца на ўдзел прадпрымальніцкіх арганізацыяў у акцыі 25 сакавіка.

Таксама яны лічаць, што такія сэпаратныя дзеяньні прынясуць прыватным прадпрымальнікам толькі шкоду, бо акцыя на плошчы Бангалор зь невялікай колькасьцю ўдзельнікаў толькі дыскрэдытуе саму ідэю пратэсту і спрацуе на карысьць уладаў. Што вы скажаце на гэта?”

Балыкін: “Мы праводзім мітынг 12 сакавіка зь некалькіх прычынаў. Па-першае, 25 сакавіка для прыватных прадпрымальнікаў — гэта позна. Бо зь 1 красавіка вялікая колькасьць прадпрымальнікаў ня зможа гандляваць паводле старых правілаў. Гэта тычыцца тых людзей, якія гандлююць бытавой тэхнікай, футрам, некаторых іншых тавараў.

Па-другое, 12 сакавіка — панядзелак, выходны дзень на большасьці рынкаў. Калі ў гэты дзень прыватныя прадпрымальнікі выйдуць на пратэст, то яны ня згубяць грошай і ня згубяць сваіх ліцэнзіяў на розьнічны гандаль, бо закрыцьцё гандлёвага пункту ёсьць парушэньнем, за якое прадпрымальніка можна пазбавіць ліцэнзіі.

Акрамя таго, мы лічым, што прыватныя прадпрымальнікі павінны правесьці свой мітынг асобна ад агульнапалітычнага мітынгу. Бо на той акцыі 25 сакавіка нашыя патрабаваньні могуць патануць на агульным фоне”.

“25 сакавіка павінна стаць першым днём агульнапрадпрымальніцкага страйку”

Марголін: “Я і рух “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва, якое ўзначальвае Віктар Гарбачоў, ставяцца да гэтага мітынгу 12 сакавіка адмоўна. Ніхто не дазволіць яго праводзіць на плошчы Якуба Коласа, а толькі на плошчы Бангалор. А туды шмат прадпрымальнікаў ня пойдзе. Яны туды шмат разоў хадзілі й разумеюць, што гэта нічога не дае — акрамя выпусканьня пары.

Калі прыватныя прадпрымальнікі баяцца страціць ліцэнзіі, то ім трэба падумаць, што да канца году яны могуць страціць нешта нашмат большае. І галоўнае, асноўная праблема, якая перашкаджае і разьвіцьцю прадпрымальніцтва, і іншых грамадзкіх сфэраў — гэта палітыка ўлады.

У нас ня так шмат сілаў, каб іх драбніць на акцыі ў розныя дні. Патрэбна ўсе сілы аб’яднаць у адзін кулак, тады мы можам разьлічваць, што нехта нас пачуе. А калі прыватныя прадпрымальнікі будуць пазьбягаць палітыкі, то гэта не на карысьць ні прадпрымальнікам, ні агульнадэмакратычнаму руху. Таму наш рух арыентуе прыватных прадпрымальнікаў выходзіць на агульную акцыю 25 сакавіка. І адначасова гэты дзень павінен стаць першым днём агульнапрадпрымальніцкага страйку”.

С.Балыкін: “Ня ўсе прадпрымальнікі пагадзяцца выйсьці 25 сакавіка пад палітычнымі лёзунгамі. Яны баяцца выходзіць і пад эканамічнымі лёзунгамі”.


Балыкін: “Чым больш пратэстаў, тым лепш. Ёсьць магчымасьць пратэставаць і 12-га, і 25 сакавіка. Зь іншага боку, ня ўсе прадпрымальнікі пагадзяцца выйсьці 25 сакавіка пад палітычнымі лёзунгамі. Яны баяцца выходзіць і пад эканамічнымі лёзунгамі”.

Ці будзе прадпрымальніцкі рух адзіным?

Карбалевіч: “Давайце паглядзім на гэтую сытуацыю з больш шырокага гледзішча. Пратэсты прадпрымальнікаў сталі звыклаю зьяваю грамадзкага жыцьця Беларусі.

З 1998 году кожны год адбываюцца адна-дзьве акцыі. Падзеі разьвіваюцца паводле адной і той жа схемы. Улады прымаюць нейкія новыя заканадаўчыя акты, якія значна абцяжарваюць умовы працы індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны пратэстуюць, арганізуюць страйк. Тады ўлады ідуць на частковыя саступкі.

Аднак вось што зьдзіўляе. За гэтыя дзевяць гадоў прадпрымальніцкі рух павінен быў згуртавацца, створаная адзіная масавая арганізацыя, сфармаваныя эфэктыўныя мэханізмы мабілізацыі на пратэст. То бок, войска загартоўваецца ў змаганьні. З кожнай акцыяй прадпрымальніцкі рух павінен быў узмацняцца.

Аднак у рэальнасьці мы бачым зусім процілеглае. Прадпрымальніцкі рух ня толькі не згуртаваўся, а наадварот, раскалоўся на шмат дробных арганізацыяў, якія канкуруюць між сабой. Рух прадпрымальнікаў так і ня змог стварыць нейкую сыстэму абароны сваіх інтарэсаў. Як вынік, пратэстная хваля не ўзмацняецца, а слабее. Вось і цяпер, здаецца, узровень пратэсту прыватных прадпрымальнікаў гэтым разам не адпавядае ступені пагрозы. Не відаць моцнага пратэстнага імпэту, які быў, напрыклад, у 2005 годзе. Чаму так адбываецца?”

Марголін: “Найперш прыватныя прадпрымальнікі баяцца страціць тую ўласнасьць, якую яны маюць. Акрамя таго, не было спробы аб’яднаць прадпрымальнікаў зьнізу, каб яны разумелі, што могуць уплываць на прыняцьце рашэньняў. У нас шмат лідэраў выступаюць ад імя прыватных прадпрымальнікаў, ня ведаючы іхных сапраўдных меркаваньняў. Але, думаю, па часе такое аб’яднаньне зьявіцца”.

Балыкін: “Праблема ў амбіцыях асобных лідэраў. Акрамя таго, адзінага руху можа не атрымацца, таму што прыватныя прадпрымальнікі — індывідуалісты. Існуе канкурэнцыя паміж асобнымі прадпрымальнікамі й групамі прадпрымальнікаў.

Гэта нармальна, што існуюць розныя аб’яднаньні прадпрымальнікаў. Няхай яны канкуруюць між сабою, а час пакажа, хто мацнейшы. Думаю, магчымае шырокае аб’яданьне, у якім розныя структуры былі б аўтаномныя. Гэта павінна быць роўнае партнэрства, а не ярархічная вэртыкаль”.

Карбалевіч: “Наконт канкурэнцыі й перамогі мацнейшага. Час паказвае, што ў такой сытуацыі мацнейшай застаецца менавіта ўлада”.
XS
SM
MD
LG