Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьні Севярынец і Статкевіч — супраць сваркі й звады ў апазыцыі


Любоў Лунёва, Менск Мікола Статкевіч і Павал Севярынец, якія адбываюць пакараньне за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму-2004, зьвярнуліся да лідэраў апазыцыйных партыяў і рухаў. Яны заклікалі іх адмовіцца ад узаемных публічных абвінавачаньняў і паказаць адзінства напярэдадні вясновых вулічных акцыяў.

У сваім звароце Мікола Статкевіч і Павал Севярынец нагадваюць, што ў лістападзе 2004 году лідэры палітычных партыяў і рухаў дамовіліся не вінаваціць адно аднаго ў прэсе, а весьці канструктыўны дыялёг дзеля агульнай мэты — усталяваньня дэмакратыі ў краіне.

“Спрэчкі непазьбежныя, але яны мусяць адбывацца ў зачыненым пакоі”

Гаворыць Мікола Статкевіч:

“Ня той час, каб праводзіць канфліктныя кангрэсы. Трэба засяродзіцца на канструктыўнай працы. Спрэчкі непазьбежныя, але яны мусяць адбывацца ў зачыненым пакоі ў асяродку палітычнай рады, і толькі напрыканцы высьветліць, што казаць прэсе. Грамадзкасьць мае ведаць кансалідаваную, прагаласаваную пазыцыю. А тое, што цяпер адбываецца, адсюль з Блоні падаецца вельмі неразумным”.

Павал Севярынец дадаў:

“У кіраўніцтве аб’яднаных дэмакратычных сілаў пераважаюць сваркі й звады. Гэта адбываецца ў той час, калі надыходзіць пара вясновых акцыяў, калі трэба прымаць рашэньне і ў дыялёгу з Эўропай, і ў стасунках з рэжымам. У той самы час, калі адбываюцца ператрусы, допыты, перасьлед беларускай моладзі — лідэры апазыцыі не знаходзяць нічога лепшага, як паліваць брудам адзін аднаго”.

Спыніць нападкі на Мілінкевіча

Апроч таго, у сваёй заяве Павал Севярынец і Мікола Статкевіч патрабуюць спыніць нападкі на лідэра аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча.

Гаворыць Павал Севярынец:

“Нас вельмі непакоіць тое, што лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў, абраны адзіным кандыдатам ад дэмакратаў на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, падвяргаецца цяпер такім моцным нападкам. Мы б вельмі хацелі, каб павага да саміх сябе ў апазыцыі перад вырашальнымі вясновымі акцыямі ўсё ж была”.

Сумесную заяву палітвязьняў плянуецца разгледзець на паседжаньні палітычнай рады аб’яднаных дэмсілаў 15 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG