Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі на мясцовых выбарах спаборнічалі дзьве прапуцінскія партыі


Кастусь Бандарук, Прага Жыхары Санкт-Пецярбурга і 13 іншых рэгіёнаў Расеі, а гэта траціна ўсяго насельніцтва краіны, учора абіралі мясцовыя ўлады. Фактычна галасаваньне было генэральнай рэпетыцыяй перад заплянаванымі на сьнежань выбарамі ў Дзяржаўную Думу і прэзыдэнцкімі выбарамі, якія пройдуць ў сакавіку наступнага году. На гэты момант вядома, што амаль ва ўсіх рэгіёнах лідзіруе прапуцінская партыя “Адзіная Расея”.

Новая палітычная сыстэма Расеі абапіраецца на дзьве пракрамлёўскія партыі. Першая зь іх – ”Адзіная Расея” на чале з прэм’ерам Міхаілам Фрадковым, – была створаная падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Ўладзіміра Пуціна. Другая –“Справядлівая Расея”, – зьявілася ўвосень мінулага году ў выніку аб’яднаньня трох нацыяналістычных і левых груповак на чале са старшынём верхняй палаты парлямэнту Сяргеем Міронавым.

“Справядлівая Расея” спрабавала перахапіць традыцыйны электарат камуністаў, выступала супраць эканамічнага лібэралізму кіруючай “Адзінай Расеі”, пад лёзунгамі сацыяльнай справядлівасьці. Аднак паводле незалежных аглядальнікаў, гэта было паказное спаборніцтва паміж прыхільнікамі Пуціна, многія апазыцыйныя кандыдаты не былі дапушчаныя да ўдзелу ў выбарах. Гаворыць прадстаўнік адной зь іх:

"Нацыянал-бальшавіцкая партыя ня будзе мірыцца з грубым самавольствам ўлады. Мы патрабуем удзелу нашай партыі ў Дзяржаўную думу ў 2007 годзе, удзелу ў выбарах усіх палітычных партыяў, гвалтоўна пазбаўленых гэтага права Мінюстам і Цэнтрвыбаркамам на загад Крамля. Выбары бяз удзелу нацыянал-бальшавіцкай партыі ды іншых палітычных партыяў, якія не жадаюць падлізвацца крамлёўскаму кіраўніцтву, мы лічым нелегітымнымі".

“У Расеі людзі не маюць сапраўднай палітычнай альтэрнатывы,– лічыць лідэр эмакратычнай партыі “Яблоко” Грыгорый Яўлінскі.-- Ня трэба фальшаваць вынікі выбараў. Дастаткова манапалізаванага тэлебачаньня, вялікіх грашовых закладаў, якія павінны былі заплаціць палітычныя партыі, і руплівых чыноўнікаў”,-- заявіў Яўлінскі.

На думку палітоляга з Масквы Ольгі Крыштаноўскай, Крэмль відавочна пераймае амэрыканскую, дзьвюхпартыйную сыстэму, на якую аднак глядзіць праз прызму савецкай прапаганды, паводле якой ў ЗША няма сапраўднай дэмакратыі, а спаборніцтва паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі – гэта толькі дэкарацыя для амэрыканскай алігархіі. Паводле Крыштаноўскай, пакуль у расейскіх рэгіёнах няма палітычнай канкурэнцыі, хіба што толькі прыватныя разборкі паміж чыноўнікамі запісанымі ў адну альбо другую партыю Крамля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG