Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні прайшла канфэрэнцыя прадстаўнікоў беларускай апазыцыі


Уладзімер Глод, Менск Нараду правёў Нацыянальны камітэт аб''яднаных дэмакратычных сілаў пры дапамозе Рады Эўропы. Абмяркоўваліся палітычная і эканамічная плятформы апазыцыі, стратэгія далейшых дзеяньняў. Там жа прайшоў круглы стол, прысьвечаны новаму Кангрэсу дэмакратычных сіл.

Старшыня Нацыянальнага камітэту аб''яднаных дэмакратычных сіл Анатоль Лябедзька цьвердзіць, што ў Вільні абсалютная бальшыня выказалася за правядзеньне новага Кангрэсу:

– Пераважная бальшыня тых, хто удзельнічаў у канфэрэнцыі, выступаюць за кангрэс, бо разглядаюць яго як вышэйшы і стала дзейны орган прыхільнікаў пераменаў. Літаральна некалькі чалавек паставілі пад сумнеў неабходнасьць правядзеньня Кангрэсу. Усе астатнія выступаюць "за". Але ёсьць невялікія разыходжаньні: якія пытаньні трэба разглядаць на гэтым форуме. Аднак ніхто не аспрэчваў таго, што тая ж пазытыўная альтэрнатыва рэфармаваньня кааліцыйных структур, стратэгіі і пляну дзеяньняў,– гэта як раз тыя дакумэнты, якія трэба прымаць на Кангрэсе".

Яшчэ адзін удзельнік дыскусіяў у Вільні -- лідэр кампаніі "За свабоду разьвіцьця прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў лічыць, што сэмінар значна наблізіў арганізацыю новага форуму дэмакратычных сілаў Беларусі:

– Акрэсьліваецца пэўнае кола: па якіх пытаньнях і хто хоча ўдзельнічаць у Кангрэсе. А тыя дакумэнты, якія мы разгледзелі, маюць пэўную карысьць ня толькі для нас, але ў пэрспэктыве і для ўсяго насельніцтва Беларусі".

15 сакавіка ў Менску на чарговым паседжаньні Палітычнай рады Аб''яднаных дэмакратычных сіл зьбіраюцца нарэшце назваць дату правядзеньня новага Кангрэсу. Цікаўлюся ў спадара Гарбачова, ці верыць ён у такую мажлівасьць.

– Я думаю, так. За гэта 99,9%.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка ў згаданай канфэрэнцыі не ўдзельнічаў, спаслаўшыся на тое, што ў суботу ў Менску праводзіўся партыйны сойм. А сытуацыю з Кангрэсам дэмсіл ён бачыць так:

"Ідзе працэс. Я падаў зварот-прапанову замірэньня, кампрамісу да канфліктуючых бакоў. І яны даюць пазытыўныя адказы. Мілінкевіч пазытыўна адгукнуўся, Лябедзька таксама. Калякін, прынамсі, гатовы гаварыць наконт тэрміну і наконт таго, што трэба дамовіцца пра ўсе дэталі Кангрэсу перад Кангрэсам. 15-га будзе паседжаньне Палітычнай рады. І, я думаю, яно будзе прысьвечана цалкам гэтаму паразуменьню".

Саюз левых партыяў, у які ўваходзяць Беларуская партыя жанчын "Надзея", Партыя камуністаў беларуская ды Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), прапанавалі правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў 14-15 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG