Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Эўропе выступаюць у падтрымку ахвяр сямейнага гвалту ў Беларусі


Алена Струвэ, Менск У краінах Эўропы пачалася “шакалядная акцыя” супраць сямейнага гвалту ў Беларусі. Яе ініцыятары - прадстаўніцы венскай і лёнданскай сэкцыяў праваабарончай арганізацыі Amnesty International. У сваім звароце яны падкрэсьліваюць: штогод у Беларусі ад хатняга гвалту пакутуюць тысячы жанчын, аднак на дзяржаўным узроўні гэтай праблеме надаецца вельмі малая ўвага. У краіне няма жаночых дамоў прытулку, мала крызысных цэнтраў ды службаў ананімнай псыхалягічнай дапамогі. Паводле Amnesty International, вялікую працу ў гэтым накірунку робяць жаночыя няўрадавыя арганізацыі, якія адчуваюць недахоп рэсурсаў і абмежаваньні сваёй дзейнасьці з боку дзяржавы.

Першае пытаньне пад час тэлефанаваньня ў Вену: пры чым тут шакаляд? Адна з удзельніц акцыі, прадстаўніца праваабарончай ініцыятывы супраць сямейнага гвалту Карына кажа, што падобныя бандэролі ёсьць “сымбалем радасьці і салідарнасьці адначасна”.

– Мы спадзяемся, што ў Беларусі атрымаюць крыху радасьці ад нашых пакетаў. Паводле навукоўцаў, шакаляд выпрацоўвае эндарфін - гармон радасьці, а гэтая радасьць патрэбная як ахвярам, так і прадстаўніцам няўрадавых арганізацый, якія імкнуцца дапамагчы жанчынам і адначасна адчуваюць шматлікія перашкоды з боку існуючага беларускага заканадаўства,-- гаворыць Карына.

Паводле аўстрыйскай праваабаронцы, важная любая праява салідарнасьці.

– Неабходна, каб у Беларусі ведалі, што ў Эўропе таксама існуюць падобныя праблемы і задача жанчын -- супрацьстаяць ім,-- падкрэсьлівае прадстаўніца праваабарончай жаночай ініцыятывы ў Вене.

Наша тэлефонная размова адбываецца ў нядзелю ўвечары. У гэты дзень Карына кансультуе ў адным з жаночых дамоў у Вене, дзе атрымліваюць часовы прытулак мясцовыя ахвяры сямейнага гвалту. “Колькасьць выпадкаў зьбіцьця і катаваньня жанчын у выходныя павялічваецца”,-- сьведчыць Карына. “У Беларусі такая ж сытуацыя? Куды, акрамя міліцыі, можа зьвярнуцца ахвяра ў выходныя? ”-- пытаецца яна.

Адказ на пытаньне спрабую знайсьці празь Інтэрнэт. Спачатку шукаю каардынаты падобных дамоў прытулку ў Беларусі. Не знаходжу. Ёсьць толькі менскі крызысна-рэабілітацыйны цэнтар “Радзіслава”. Ён створаны пры Беларускім саюзе жанчын і дзейнічае ў рамках праекту TACIS.

Тэлефон службы даверу, які мусіць працаваць штодня 24 гадзіны, ужо даўно зьяўляецца прыватным хатнім нумарам. У службах тэлефоннай даведкі зьвестак пра падобны цэнтар ня маюць. Аднак даюць некалькі нумароў псыхалягічных службаў, якія працуюць у тым ліку і ў выходныя. А 22-й адказвае толькі адзін тэлефон.

Паводле псыхоляга Святланы, ў Беларусі сямейны гвалт адбываецца кожны дзень і ў любы час. Што да цяперашніх выходных, то позна ўвечары 8 сакавіка патэлефанавала жанчына, у якую муж запусьціў шклянкі зь півам і віном. Яшчэ адна пазваніла ў суботу 9 сакавіка днём і паведаміла, як яны з дачкой, босыя, былі вымушаныя бегчы з кватэры да першага паверху. Апошняе тэлефанаваньне адбылося пару гадзінаў таму ад дзяўчыны – яе п’яны брат кінуўся на яе і пачаў душыць.

Amnesty International патрабуе ад беларускай дзяржавы:

стварэньня эфэктыўнай сыстэмы мерапрыемстваў па прадухіленьні хатняга гвалту;

прафіляктычных захадаў дзеля спыненьня колькасьці ахвяраў хатняга гвалту;

стварэньня спэцыялізаваных жаночых дамоў, а таксама кансультацыйных цэнтраў і службаў па ўсёй краіне.


З досьведу Сьвятланы большасьць гісторыяў разьвіваюцца па агульным сцэнары: пасьля сьвятаў мужчыны маюць копмлекс віны, і жанчыны даруюць ім ўсё, паколькі гэта родныя людзі.

– Можна пастаянна званіць і хадзіць да псыхоляга. Аднак, калі гэта надалей цярпець, нічога ня зьменіцца. Мужчына ўсё роўна будзе працягваць зьдзекі і гвалт. Можна паскардзіцца ў праваахоўныя структуры. І тут таксама будуць свае праблемы,– кажа псыхоляг службы даверу. Паводле яе словаў, “беларускія жанчыны пачнуць з даверам ставіцца да праваахоўных органаў і правасудзьдзя толькі пры наяўнасьці ў краіне добра скаардынаванай сыстэмы падтрымкі і абароны ахвяраў хатняга гвалту”.
XS
SM
MD
LG