Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль беларускага андэграўнду прайшоў у Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск Фэстываль альтэрнатыўнай беларускай культуры “H-A-Z-E.org” праходзіў тры дні ў менскай галерэі “Падземка”. Два дзясяткі творцаў, у тым ліку госьці з Расеі і Ўкраіны, рэпрэзэнтавалі свае творы ў выяўленчым мастацтве, музыцы і паэзіі. Мэтай фэстывалю была дэманстрацыя неафіцыйнай, андэграўнднай культуры.

Адкрываў і завяршыў фэстываль “H-A-Z-E.org” праект электроннай музыкі Андрэя Шэпелева “Роў Эндзі”.

Сярод іншых выступіў Ярыла Пшанічны. Ён стартаваў як паэт на старонках сатырычнага выданьня “Навінкі”, закрытага некалькі гадоў таму ўладамі. Ярыла Пшанічны падкрэсьлівае, што ягоная творчасьць больш, чым сатырычная:



(Уладзімер Банько чытае вершы “Ярылы Пшанічнага)

“Учора я быў на заводзе Там лепшыя людзі краіны точаць дэталі штодня, штоноч У вачох любога вялікая радасьць Зараз любога на пачотны стэнд Разгарні сэрца, упэўнены – пабачым Над законам працуе сам прэзыдэнт”.

Зьміцер Плян, паэт. Некаторыя крытыкі характарызуюць ягоную творчасьць, як стварэньне цалкам паралельнай прасторы”:

“Прастора і час нішто. Ты пэрлы ўжо зьбяры, бо вельмі цяжка дыхаць Ты ланцугоў срэбны бляск зьбяры, ты не гарыш у росчарку сонечных дзён Мо’ згарым, нам уварвацца дадуць на люстраны шар І з зашытым ротам прарэжам шкло, і сасклізьнем вонкі”.





“Haze” – перакладаецца з ангельскай як туман. Арганізатарам фэстывалю выступіў незалежны культурніцкі сайт “H-A-Z-E.org”, які зроблены нібы ахінуты смугой. Наведнікі мусяць навобмацак шукаць рубрыкі і аўтараў. Стваральнікі спадзяюцца, што праз фэстываль многія зь беларускіх аўтараў вынырнуць з туману андэграўнду.
XS
SM
MD
LG