Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым трагедыя беларускай інтэлігенцыі? Адказ – на “H-A-Z-E.org”


Севярын Квяткоўскі, Менск У Менску распачаў працу фэстываль альтэрнатыўнай культуры “H-A-Z-E.org”: па назве незалежнага культурніцкага інтэрнэт-рэсурсу. 9, 10 і 11 сакавіка ў арт-галерэі “Падземка” выступяць музыкі, паэты, пэрформэры, прадэманструюць свае работы мастакі і фатографы. У фэстывалі, сярод іншых, бяруць удзел гурт “Князь Мышкін”, паэт Зьміцер Плян, а вядомы аўтар электроннай музыкі Ўлад Бубен упершыню ў Беларусі прэзэнтуе свае творы выяўленчага мастацтва. Разам зь імі ў фэстывалі возьмуць удзел два дзясяткі чалавек, у тым ліку мастакі з Расеі і Ўкраіны.


Кампазыцыя “Трагедыя беларускай інтэлегенцыі. На траіх”

Фэстываль пачаўся з прэзэнтацыі праекту электроннай музыкі “Роў Эндзі”. На сьцяне сярод іншых работ вісіць канцэптуальная кампазыцыя “Трагедыя беларускай інтэлегенцыі. На траіх”. На трох гальштуках прылепленыя этыкеткі з бутэлек гарэлкі і шпрыц. Зьвяртаюся да аўтара Ўлада Бубена, які тлумачыць свой удзел у фэстывалі “H-A-Z-E.org”:

Бубен: “Яны рэальна хочуць скаардынаваць разнастайныя віды сучаснага беларускага мастацтва. У іх свой погляд, які адрозьніваецца ад іншых. У гэтым каштоўнасьць”.


Улад Бубен

Адзін з наведнікаў, куратар разнастайных культурных праектаў Зьміцер Вішнёў, дзеліцца ўражаньнямі ад творчасьці аднаго з арганізатараў і ўдзельнікаў фэстывалю Зьміцера Пляна:

Вішнёў: “Зьміцер Плян – гэта паэт, які выйшаў да чытача адразу кніжкай “Таксідэрмічны практыкум”. Чытач як бы трапляе ў іншую рэчаіснасьць”.

Выступ Зьміцера Пляна – паэта адбудзецца на закрыцьцё фэстывалю, а пакуль мы гутарым са Зьміром – арганізатарам, стоячы на ўваходзе ў галерэю “Падземка”:

Плян: “Ангельскае слова “haze” перакладаецца як туман, як смуга. Мастацтва заўсёды хаваецца альбо за зьместам, альбо формай, альбо нейкай ідэяй. Таксама, як усясьвет хаваецца за смугой. Аб’яднаньне “H-A-Z-E.org” зьбірае вакол сябе маладых незаангажаваных аўтараў, якія толькі-толькі пачынаюць працаваць у мастацтве. Альбо людзі, якія да гэтага часу былі вядомыя ў іншых выяўленьнях”.


Зьміцер Плян

Зьміцер Плян падкрэсьлівае нонканфармісцкі характар фэстывалю:

Плян: “Беларускае мастацтва застаецца авангардным і некамэрцыйным. Канешне, калі ня браць афіцыйнае мастацтва, якое выстаўляецца ў нас у музэях, тыя кнігі, якія друкуюцца ў дзяржаўных выдавецтвах, тую музыку, што гучыць па беларускаму радыё і тэлевізіі. Я лічу гэтую афіцыйную культуру ня вартай ўвагі”.

Трохдзённы фэстываль альтэрнатыўнай культуры “H-A-Z-E.org” скончыцца ўвечары 11 сакавіка.
XS
SM
MD
LG