Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што на “хіміі” ў Паўла Севярынца паважаюць апазыцыйных лідэраў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Як лечаць хворых у шпіталі калёніі, дзе ўтрымліваюць Кацярыну Садоўскую? Зьмітру Дашкевічу дазволілі ў турме карыстацца ўласнымі грашыма. Павал Севярынец прыехаў з “хіміі” ў адпачынак. Аляксандру Казуліну ўжо не дазваляюць прымаць з дому дыетычнае харчаваньне.

Кацярына Садоўская скардзіцца на дрэннае мэдычнае абслугоўваньне

Праваабаронца Кацярына Садоўская, якая адбывае два гады пазбаўленьня волі ў Гомельскай жаночай калёніі, паведаміла ў лісьце дамоў, што ў калёніі нібыта стала нашмат болей хворых. Жанчына не выключае эпідэміі на грып. Кажа муж праваабаронцы Віктар Садоўскі:

“Яна зараз скардзіцца на дрэннае мэдычнае абслугоўваньне. Людзей там шмат, амаль дзьве тысячы, а іх усіх абслугоўваюць толькі два тэрапэўты. Калі адзін доктар захварэў, значыць, адзін на ўсіх працуе. А захварэўшых зараз столькі, што іх няма дзе класьці. Кладуць на падлогу, бо няма месца. А іншых цяжкіх хворых не прымаюць у турэмны шпіталь. Напісала, што ёсьць у іх хворыя на эпілепсію.У іх прыпадкі па тры разы на дзень. Піша, глядзець на гэтыя пакуты горш, чым катарга”.

Атрымаць камэнтар да гэтых зьвестак ад адміністрацыі калёніі пакуль не ўдаецца. Дзяжурны калёніі камэнтару не дае, а тэлефоны кіраўнікоў адміністрацыі два апошнія дні не адказвалі.

Дашкевічу дазволілі карыстацца грашыма і набыць дадатковых харчоў

Раней былі зьвесткі, што лідэру “Маладога фронта” Зьмітру Дашкевічу, якога трымаюць у шклоўскай калёніі, не дазвалялі карыстацца грашыма з ягонага рахунку. Юнак з гэтай прычыны ня мог набыць дадатковых харчоў у турэмнай краме. Нядаўна Зьміцер даслаў скаргу ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, туды ж накіраваў заяву і ягоны бацька Ўладзімер Дашкевіч. На гэтыя скаргі міліцыянты дагэтуль не адказалі, але забарону зьнялі, даведаўся Уладзімер Дашкевіч з ліста сына.

“Нарэшце яму дазволілі карыстацца грашыма. Толькі не напісаў сын, зь якога часу дазволілі. І чаму дазволілі, невядома. Можа ім хто патэлефанаваў, загадаў, ці ў калёніі самі гэтак вырашылі? Скаргі падзейнічалі ці самі гэтак прыдумалі?”

Нагадаю, Зьмітра Дашкевіча пакаралі да пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Зараз паводле падобнага абвінавачаньня заведзеныя крымінальныя справы на маладзёвых актывістаў Алега Корбана і Зьмітра Хведарука.

А.Казулін: “Хаця б хлеба перадалі!”

Аляксандру Казуліна забаранілі прымаць перадачы з дыетычнымі харчамі для выхаду з галадоўкі. У адміністрацыі калёніі “Віцьба-3” палічылі, што палітык ужо пачуваецца дастаткова добра, каб перайсьці на дыетычнае харчаваньне ў сталоўцы папраўчай установы. Вось як, паводле Ігара Рынкевіча, адрэагаваў на гэта Аляксандр Казулін:

“Ён сказаў: “Хаця б хлеба перадалі!” Там, кажуць, хлеб нейкі кепскі. Вось і Сяргей Скрабец пра гэта раней казаў. Але нічога не дазволілі перадаць, ані хлеба, ані чаго іншага”.

Нагадаю, летась ў канцы года Аляксандр Казулін вытрымаў 53-дзённую галадоўку. Палітык пратэставаў супроць улады Аляксандра Лукашэнкі і дамагаўся разгляду беларускага пытаньня на паседжаньні Рады бясьпекі ААН. За час галадоўкі Аляксандр Казулін схуднеў болей як на 20 кіляграм.

На “хіміі” цікавяцца гасьцямі Статкевіча і Севярынца

Мікалая Статкевіча, які адбывае “хімію” ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну, наведаў вядомы беларускі бард Зьміцер Бартосік. У адным з пакояў інтэрнату, дзе жыве Статкевіч, Зьміцер Бартосік даў імправізаваны канцэрт для мясцовых жыхароў. “Посьпех быў вялікі”, – кажа слухач Мікалай Статкевіч.

А маладзёвага актывіста Паўла Севярынца на “хіміі” наведаў былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч. Гэта ўжо трэці прыезд апазыцыйнага лідэра ў вёску Малое Сітна Полацкага раёну, дзе адбывае пакараньне Павал Севярынец. Паводле актывіста, болей за палову мясцовых выбаршчыкаў год таму галасавалі за Аляксандра Мілінкевіча і не расчараваліся ў ім дагэтуль.

“Увесь час мне кажуць, што калі прыедзе Мілінкевіч, каб сабраў іх дзе-небудзь. Але сабраць усіх немагчыма, нават партызанскімі сьцежкамі даводзіцца зьбірацца, таму некаторыя могуць зь ім сустрэцца толькі выпадкова. Але ўсе ў яго пытаюцца, калі будзем жыць лепей, Аляксандар Уладзімеравіч? У нас тут і дах працякае, і калгас развалены, зрабіце што-небудзь. Народ спадзяецца”.

А Паўла Севярынца ў пачатку сакавіка на некалькі дзён адпусьцілі ў адпачынак да дому. Актывіст зараз знаходзіцца ў Віцебску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG