Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 3.03.2007- 11.03.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Адразу пасьля таго, як амбасадар зьехаў, а я пайшоў на працу, прыехалі нейкія людзі ў цывільным. Яны цягам 10 хвілін знаходзіліся ў маім пакоі. Але я праверыў: харчы і падарункі, якія прывёз амбасадар Нямеччыны, ня зьніклі. Каўбас ніхто не зьеў, такім чынам, усё добра”.

Мікола Статкевіч, лідэр сацыял-дэмакратаў, які адбывае пакараньне абмежаваньнем волі – аб візыце да яго пасла Нямеччыны Марціна Гэкера.

“Сёньня лёзунг такі – кангрэс, у якім будуць удзельнічаць прыхільнікі незалежнасьці, актывісты нацыянальна-патрыятычных арганізацый, адбудзецца 25 сакавіка, на плошчы Каліноўскага ў Менску. Гэта будзе наш кангрэс. А той кангрэс, які сёньня мяркуецца ладзіць, ён сумнеўны, і мы на гэты кангрэс не ідзём”.

Хрыстафор Жаляпаў, кіраўнік Віцебскага выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча – пра кангрэс дэмакратычных сілаў.

“Расея ўжо ўсталявала супрацьпаветраныя ракеты на тэрыторыі Беларусі. Думаю, Расея лічыць Беларусь такім выгодным буфэрам паміж сваёй тэрыторыяй і Эўропай, так было раней, так ёсьць цяпер і так, напэўна, будзе”.

Станіслаў Козей, былы віцэ-міністар абароны Польшчы – пра разьмяшчэньне ў Польшчы элемэнтаў сыстэмы супрацьракетнай абароны ЗША.

“Усе прадпрымальнікі ў Салігорску абураныя гэтым указам. Гэта нейкі абсурд. У мяне як у прыватнага прадпрымальніка чатыры наёмныя асобы. Я ня маю столькі сваякоў. Тым больш, што я расеец. А калі ў мяне жывуць сваякі ў Расеі, то, выходзіць, я павінен іх везьці сюды, каб працягваць прадпрымальніцкую дзейнасьць?”

Прадпрымальнік – у адказ на пытаньне "Свабоды" аб стаўленьні да прэзыдэнцкага ўказу №760, паводле якога індывідуальныя прадпрымальнікі павінны наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў.

“Яны проста хацелі інфармацыю, што гэта будзе. Я казаў, што мы хацелі б зрабіць мітынг, канцэрт, мы хацелі б, каб у гэты дзень быў абазначаны, як мінімум, віртуальны мост паміж Бэрлінам і Менскам, бо ў Бэрліне ў гэты дзень сьвяткуецца 50 год Эўразьвязу. Безумоўна, для большасьці тых, хто зьбярэцца на плошчы, менавіта эўрапейскі выбар – адна з мэтаў у разьвіцьці Беларусі”.

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Палітрады аб''яднаных дэмакратычных сілаў – пра сустрэчу з пасламі краінаў Эўразьвязу, на якой ён інфармаваў іх аб падрыхтоўцы сьвяткаваньня Дня волі 25 сакавіка.

"Яна для нас адыгрывае такое самае значэньне, як ахова азонавага слою ці абарона галадуючых. У нас такой праблемы няма".

Натальля Пяткевіч, намесьніца краўніка адміністрацыі прэзыдэнта – пра канвэнцыю ААН пра абарону людзей ад гвалтоўных зьнікненьняў.

“Не, я не сустракалася. Можа, мне мала гадоў? Як і ў любой краіне, мне падаецца, тут нельга разьмяжоўваць. Парушаюцца правы ня толькі жанчын, але і мужчын. Парушаюцца правы ўсіх людзей”.

Маладая менчанка – у адказ на пытаньне "Свабоды" "Ці існуе сёньня ў Беларусі дыскрымінацыя жанчын?"

“Падарунак абавязкова мае быць нечаканасьцю. Але нечаканасьцю прыемнай! Вось мой муж напярэдадні сьвята згадзіўся выкінуць стары й зусім недарэчны дыван, які вісеў у нас на сьцяне. Мне ён дужа не падабаўся, і муж яго ўрэшце ўрачыста выкінуў, і мяне гэта вельмі парадавала”.

Віцеблянка – у адказ на пытаньне "Свабоды" "Якога падарунка Вы чакаеце на 8 сакавіка?"

“У сям’і галоўны голас мой, паколькі сям’я заўсёды болей ляжыць на жаночых плячах. Мужчына павінен зарабляць грошы...”

Жыхарка вёсцы Верцялішкі Гарадзенскага раёна – у адказ на пытаньне "Свабоды" "У Вашай сям’і чый голас больш важкі – Ваш ці Вашага мужа?”

"Дагэтуль захаваўся (як бы гэта мякчэй сказаць) гэткі мужчынскі шавінізм. Калі сёньня зьяўляецца жанчына-палітык, ёй вельмі цяжка даказаць, што яна – роўня з мужчынам-палітыкам. Якія б гэта палітыкі ні былі -- хоць дэмакраты, хоць аўтакраты, хоць хто заўгодна -- яны, перадусім, выглядаюць палітыкамі такога патрыярхальнага складу мысьленьня і паводзін. Яны заўсёды імкнуцца быць галянтнымі, уважлівымі, але ўсё ж у іх перамагае менавіта патрыярхальнасьць поглядаў. Зусім нядаўна адзін з палітыкаў-дэмакратаў мне прызнаўся: "Калі жанчына разумная, гэта вельмі дрэнна". А калі жанчына яшчэ разумнейшая за мужчынаў (а яны гэта адчуваюць), яны яе тады пачынаюць ненавідзець".

Валянціна Сьвяцкая, сябра сойму Партыі БНФ – пра стаўленьне мужчын-палітыкаў да жанчын-палітыкаў.

"Аб’яднаныя дэмсілы – гэта той суб’ект, безь якога дыялёг проста фізычна быць не можа”.

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб''яднанай Грамадзянскай партыі – пасьля сустрэчы з дэлегацыяй, накіраванай вярхоўным прадстаўніком Зьвязу ў пытаньнях вонкавай палітыкі і бясьпекі Хавіерам Салянам.

“Аляксандар Мілінкевіч назваў тую палітыку, якую сёньня датычна Беларусі вядзе Эўрапейскі зьвяз, занадта абачлівай. На ягоную думку, Эўропа мае шмат магчымасьцяў рэальна ўплываць на разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі. Але часам дарэмна перасьцерагаецца”.

Павал Мажэйка, прэсавы сакратар А. Мілінкевіча – пра пазыцыю Мілінкевіча падчас сустрэчы з дэлегацыяй, накіраванай вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў пытаньнях вонкавай палітыкі і бясьпекі Хавіерам Салянам.

“Я мяркую, што мы , імаверна, маем некаторыя магчымасьці наладзіць ці распачаць пэўныя адносіны з Лукашэнкам, зь Беларусьсю”.

Хаўер Саляна, вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях вонкавай палітыкі і бясьпекі – пра візыт дэлегацыі Эўразьвязу ў Менск.

“Мы не павінны дазволіць энэргетычным рэсурсам, якія паступаюць да нас ад астатняга сьвету, разьдзяліць нас. Тое, што нам патрэбна – гэта глябальная Эўропа, а не падзеленая Эўропа”.

Хазэ Мануэль Барозу, старшыня Эўракамісіі – напярэдадні саміту Эўразьвязу па энэргетычных пытаньнях.

“Цяпер мы павінны зразумець, наколькі складаная сытуацыя і наколькі выдзяленьне крэдыту зьяўляецца крытычным для беларускага боку”.

Сяргей Старчак, намесьнік міністра фінансаў Расеі – пра просьбу Беларусі аб выдзяленьні крыдэту ў памеры 1,5 мільярда даляраў.

“Беларуская Праваслаўная Царква ня мае ў сваім распараджэньні ніякіх дакумэнтаў, якія б сьведчылі пра тое, што намеры і праекты, што зьвязваюць пабудову Кобрынскага храма Нараджэньня Хрыстовага зь імем А.В.Суворава, атрымвалі блаславеньне”.

З адказу прэсавай службы Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы на адкрыты ліст беларускіх грамадзкіх арганізацыяў у справе пабудовы ў Кобрыне Сувораўскага храма-помніка.

“Свабоды няма, але ёсьць вызваленьне”.

Алесь Разанаў, паэт – у перадачы “Вольная студыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG