Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія прадпрымальнікі і гандляры – пра патрабаваньні сваіх калег


Альгерд Невяроўскі, Менск 12 сакавіка ў Менску пройдзе мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў, якія дамагаюцца адмены прэзыдэнцкага ўказу №760. Гэты ўказ забараняе прадпрымальнікам выкарыстоўваць наёмных работнікаў – апроч блізкіх сваякоў. Ці падтрымліваюць менскія прадпрымальнікі і наёмныя гандляры патрабаваньні сваіх калегаў? Гэтае пытаньне ў адным з гандлёва-выставачных цэнтраў ім задаваў наш карэспандэнт.

Прадпрымальніца: “Перад тым, як прыняць рашэньне, трэба пачуць думку грамадзтва. Гаварыць можна шмат, але сутнасьць незразумелая. Шмат людзей застанецца бяз працы, будзе хваляваньне ў грамадзтве. Навошта гэта патрэбна? Людзі працуюць, дзяржаве плацяць падаткі, нічога ўзамен не патрабуюць”.

Гандляр: “Аграмадная колькасьць людзей застанецца бяз працы. Я ня ведаю, як гэта будзе ў маім выпадку. Я тут працую па найму, і ніякіх сваяцкіх сувязяў у мяне з маім працадаўцам няма, хаця ведаю яго вельмі даўно. Альбо я застануся без працы, альбо ён будзе неяк выкручвацца”.

Прадпрымальнік: “Гэта непрадуманы крок. Фізычная, альбо юрыдычная асоба, якая мае права наймаць працаўнікоў, якая робіць усе выплаты. Мы таксама хочам жыць, даем працу іншым, і мы не найгоршыя ў гэтым жыцьці”.

Прадпрымальнік: “Калі наймальнік хоча, каб квітнеў яго бізнэс, ён павінен наймаць чалавека, які працуе. А калі сваякі кепска арыентуюцца ў гэтым бізнэсе, то чаму яны павінны працаваць?”

Карэспандэнт: “Вашыя калегі 12 сакавіка зьбіраюцца праводзіць мітынг. Яны патрабуюць адмены прэзыдэнцкага ўказу №760, які дазваляе наймаць на працу толькі сваякоў. Як вы ставіцеся да іх патрабаваньняў?”

Спадарыня: “Добра стаўлюся. А чаму парушаюць правы людзей? Я лічу, што гэта права наймальніка, браць людзей на працу. А калі ён не сваяк, то чаму ён павінен губляць працу? Лічу патрабаваньне вельмі слушным”.

Прадпрымальніца: “Я падтрымліваю іх ва ўсім. Гэта вар’яцтва нейкае. Як такое можа быць? Самае разумнае – гэта проста адмяніць указ. Я буду закрывацца, у мяне няма іншага выйсьця. Я маці-адзіночка, адна гадую дачку. Гэта адзіны мой бізнэс, і я за гэта жыву”.

Гандлярка: “Гэты пратэст правамерны. Проста нерэальна знайсьці столькі сваякоў, якія б працавалі на прадпрымальніка. Я магу пазбавіцца працы, і шмат людзей могуць пазбавіцца”.
XS
SM
MD
LG