Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым беларусы бачаць сэксуальнасьць?


Іна Студзінская, Менск Замежныя дасьледнікі, сур’ёзныя навукоўцы працягваюць настойваць на тым, што пры выбары партнэра чалавек кіруецца найстаражытнейшымі інстынктамі, шукае другую палавіну з найлепшым наборам генаў. Маўляў, для мужчыны галоўнае – каб жанчына магла нарадзіць шмат дзетак.

Навукоўцы цьвердзяць, што мужчыны ў працэсе эвалюцыі навучыліся інтуітыўна распазнаваць біялягічныя магчымасьці жанчыны, напрыклад, праз суадносіны аб’ёму сьцёгнаў да аб’ёму таліі. У аптымальным выпадку яны складаюць 1 да 0,7, як, да прыкладу, у актрысы Джэніфэр Лопэс. У чым прычыны сэксуальнасьці жанчын і мужчын? Якімі якасьцямі павінен валодаць чалавек, каб яго лічылі прывабным, сэксуальным?

Наўрад ці сучасныя беларускія мужчыны ацэньваюць прывабнасьць і сэксуальнасьць жанчыны празь яе патэнцыйную пладавітасьць. Цяпер іншыя крытэры ацэнкі сэксуальнасьці жанчынаў, сьцьвярджае лекар-сэксоляг Леанід Пятровіч:

– Гэта настолькі індывідуальна... Зьнешні выгляд звычайна прыцягвае ў жанчыне, у першую чаргу – зьнешні выгляд. Потым – гаворка, камунікаваньне. Гаворка жаночая, не сэксуальная, але размовы часьцяком падштурхоўваюць да ўсіх дзеяньняў.

Так, зьнешнасьць жанчыны, яе прыгажосьць ва ўсе часы была галоўным крытэрам сэксуальнасьці. Аднак гэта яшчэ ня ўсё, лічыць кіраўнік тэатру сатыры і гумару “Хрыстафор” Яўген Крыжаноўскі, які быў тройчы жанаты:

– Ёсьць жанчыны-чыноўніцы. Яны ня могуць быць сэксуальнымі адназначна. Ёсьць жанчыны-мамашы, якія таксама не сэксуальныя. Сэксуальныя жанчыны – жанчыны вольныя ад клопатаў дзяржаўных, хатніх, якім няма чаго рабіць. Яны ад таго, што ім няма куды накіраваць тое, што ў іх ёсьць, пачынаюць займацца сэксам. Гэта і добра, і дрэнна. Добра таму, што ёсьць каго “мець” нам, мужыкам. А дрэнна, бо яны пра сябе занадта высокага меркаваньня, яны думаюць, што яны – царыцы, да іх так проста не падыйсьці. Гэта асабліва тычыцца “зорак” эстрады, кіно. Маўляў, яны такія таленавітыя, сэксуальныя жанчыны, а на самой справе – звычайныя бабы.

У мужчынах, як ні дзіўна, жанчын таксама вабіць зьнешнасьць, кажа сэксоляг Леанід Пятровіч.

– Звычайна зьнешнасьць, у першую чаргу.

– Яны лічаць, што мужчына павінен быць прыгожым?

– Так, прыгожым. І яшчэ пах, водар павінен прыцягальным быць у мужчыны. Калі перагарам нясе, цыгарэтамі – натуральна, гэта не падабаецца жанчыне.

– А водар – маецца на ўвазе францускай парфумы?

– Ну, пах, які павінен прыцягваць. І яшчэ прыцягальны ў мужчыны кашалёк.

Літаратурны крытык Ганна Кісьліцына зрабіла зусім іншыя акцэнты:

– Першае, што я назаву – гэта інтэлект. Па-другое – талент. Я заўсёды кажу, што для мяне самы жаданы мужчына – гэта Дэні дэ Віта. Нягледзячы на тое, што ён каратышка, маленькага росту – усё аддала б, каб пабыць побач. Я згодная з тым, што пах важны. Ну і, напэўна, у апошнюю чаргу – зьнешнасьць.

Такім чынам, зьнешні выгляд – гэта візытоўка і жанчыны, і мужчыны. Але зь цягам часу значэньне зьнешняй абалонкі адыходзіць на другі плян, вызначальную ролю адыгрываюць рысы характару, а ня твару.
XS
SM
MD
LG