Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восем разбураных мітаў пра жанчын


Валер Каліноўскі, Прага Вучоныя дасьледавалі шэраг стэрэатыпаў, якія датычацца паводзін жанчын, іх унёску ў жыцьцё сям’і і грамадзтва. Дасьледаваньні паказалі нерэальнасьць многіх з гэтых стэрэатыпаў.

Хто каго насамрэч утрымлівае?

Першыя два міты, які разбурылі навукоўцы, датычаць матэрыяльнага ўнёску жанчын ў сямейны бюджэт. Лічыцца, што як у старажытнасьці, гэтак і цяпер жонкі здабываюць меней сродкаў для выжываньня сям’і, у цяперашніх умовах – меней зарабляюць, чым мужчыны.

Адносна глыбокай старажытнасьці археолягі высьветлілі, што 80 адсоткаў ежы ў пячоры прыносілі менавіта жанчыны – розныя ягады ды карэньчыкі. Мужчынам на паляваньнях удавалася заваліць мамантаў ня так ужо й часта. У цяперашніх умовах дасьледаваньне паказала, што ў ЗША 30 адсоткаў жонак, якія працуюць, зарабляюць больш, чым іхныя мужы, а ў Эўропе гэты паказчык дасягае 59 адсоткаў.

А па-мойму, яны аднолькавыя...

Два іншых міты – пра тое, што жанчыны лепей абыходзяцца зь дзецьмі і нават пазнаюць сваіх немаўлят па паху. Экспэрымэнт у Швэцыі паказаў, што пах сваіх дзяцей лепей адрозьніваюць мужчыны. Жанчыны зусім ня здолелі выявіць пах свайго дзіцяці, калі ім давалі панюхаць кашулі некалькіх розных дзетак. Акрамя таго, бацькі ніколькі не саступаюць маці ў абыходжаньні зь дзецьмі, маюць зь імі такі ж шчыльны эмацыйны кантакт.

“Жаночая інтуіцыя” – таксама міт

Гэтак жа пасьпяхова навукоўцы разбурылі міт пра тое, што жанчыны маюць лепшую інтуіцыю: ніякіх адрозьненьняў параўнальна з мужчынамі прыродай тут не закладзена. Затое быў разбураны і міт, што жанчынам рэдка ўдаецца зрабіць нейкае вынаходніцтва – калі супаставілі дасягненьні моцнай і слабой паловаў чалавецтва, то выявілася, што многія рэчы, якія аблягчаюць штодзённае жыцьцё, прыдумалі менавіта жанчыны.

Больш паловы жанчын цікавяцца парнаграфіяй

Думка пра тое, што жанчыны меней агрэсіўныя за мужчын, таксама выявілася мітам. Проста жаночая агрэсія мае ня яўны, а прыхаваны характар – яны могуць адмовіць у сяброўстве, неяк адпомсьціць, пайсьці на нейкія маніпуляцыі.

І нарэшце, цьверджаньне, што жанчыны ня любяць парнаграфію выявілася ілжывым. Больш паловы жанчын, як выявілі сацыёлягі з Гамбурга, цікавяцца парнаграфіяй, праўда, сярод мужчын такіх яшчэ больш – 73 адсотка. Падчас паказу эратычных шоў па тэлебачаньні жанчын ля экранаў зьбіраецца нават болей, чым мужчын.
XS
SM
MD
LG