Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Глазьеў: У Пуціна большая ўлада, чым была ў цароў


Валер Каліноўскі, Прага Агляд сёньняшніх замежных газэтаў.



Маскоўская газэта “КоммерсантЪ” сёньня друкуе інтэрвію з былым лідэрам блёку “Радзіма”, экс-кандыдатам на прэзыдэнта Расеі на мінулых выбарах Сяргеем Глазьевым, які вырашыў пакінуць вялікую палітыку і вярнуцца ў навуку. Апошняя, паводле спадара Глазьева, дае болей магчымасьцяў уплываць на грамадзтва, чым дзейнасьць апазыцыйнага палітыка ва ўмовах узмацненьня ўладнай вэртыкалі.

“Фактычна ўсю палітыку ў краіне сёньня вызначае адзін чалавек. Улада не зьвяртае ўвагі ні на Фэдэральны сход, ні на палітычныя партыі. Нават пры цары канцэнтрацыя ўлады была меншай, таму што цар дзейнічаў з аглядкай на царкву, а сёньня няма і гэтага”, – зазначыў спадар Глазьеў. Заява апазыцыйнага палітыка прагучала напярэдадні мясцовых выбараў у Расеі.



“Moscow Times” падае незвычайныя прыклады чорнага піяру ў ходзе перадвыбарчай кампаніі. У Санкт-Пецярбурзе некалькі тыдняў таму зьявіліся ўлёткі з жалобным партрэтам кандыдата на выбарах ў гарадзкі заканадаўчы сход Сяргея Андрэева – у чорнай рамцы. Ва ўлётцы напісана, што тры невядомыя нанесьлі яму 26 нажавых ран, і “забралі жыцьцё ў выбітнага палітыка”. Паведамлялася таксама, што яго пахавалі на мясцовых могілках 26 лютага. Але пазьней выявілася, што спадар Андрэеў, сябра пракрамлёўскай партыі “Справядлівая Расея”, жывы і здаровы. Аб гэтым кандыдат сам паведаміў у іншай улётцы: “Гэтыя нягоднікі абвясьцілі пра маю сьмерць, – пісаў Андрэеў, – чым выклікалі ў мяне нэрвовы зрыў”.

Потым выйшла яшчэ адна улётка, я у якой Андрэеў нібыта прызнаецца выбарцам, што ён “хлусіў, хлусіць і будзе хлусіць”. Нарэшце, на сайце, які пазначаны як афіцыйны сайт Андрэева, было зьмешчанае парнаграфічнае відэа з удзелам мужчыны, падобнага да Андрэева. Пракуратура Сакнт-Пецярбурга завяла крымінальную справу.



Але парнаграфія, як высьвятляецца ў іншай публікацыі, можа служыць і станоўчым мэтам. Англійскай газэта “The Guardian” піша, што ўрад гішпанскай правінцыі Каталёніі вырашыў прафінансаваць сэрыю парнафільмаў на каталёнскай мове – дзеля пашырэньня апошняй у грамадзтве.

За справу ўзяўся мясцовы рэжысэр Конрад Сон, які зьбіраецца акрамя каталёнскай мовы прапагандаваць і сэкс па-каталёнску. Мадрыдзкае выданьне “АВС” абвінаваціла сацыялістычны ўрад Каталёніі ў злоўжываньні сродкамі падаткаплацельшчыкаў.



А “Daily Telegraph” нагадвае, што заўтра спаўняецца 50 гадоў тэрарысту нумар 1 Асаме бэн Ладэну. Амэрыканская выведка падрыхтавала яму спэцыфічны падарунак – ЗША накіравалі групу дадатковых супрацоўнікаў ЦРУ і вайскоўцаў для захопу ці забойства бэн Ладэна. ЦРУ перакананае, што ён знаходзіцца ў Пакістане непадалёк ад мяжы з Аўганістанам і актыўна аднаўляе трэніровачныя лягеры “Аль Каіды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG