Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія прадпрымальнікі і гандляры – пра мітынг 12 сакавіка


Альгерд Невяроўскі, Менск 12 сакавіка ў Менску пройдзе мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў, якія дамагаюцца адмены прэзыдэнцкага ўказу № 760. Гэты ўказ забараняе прадпрымальнікам выкарыстоўваць наёмных работнікаў – апроч блізкіх сваякоў. Ці падтрымліваюць менскія прадпрымальнікі і наёмныя гандляры патрабаваньні сваіх калегаў? Гэтае пытаньне ў адным з гандлёвых цэнтраў каля плошчы Якуба Коласа ім задаваў наш карэспандэнт.

Гандляр: “Я сам не прадпрымальнік, але лічу, што ўказ абсалютна няслушна складзены. Ёсьць жа, напрыклад, сіраты. А калі яны хочуць чагосьці дасягнуць, неяк пайсьці па жыцьці? Я разумею, што гэта робіцца, каб усе неяк аб’ядналіся, адкрывалі малыя прадпрыемствы. Але трэба неяк дапоўніць, зрабіць нейкія выключэньні”.

Гандлярка: “Ня вельмі мне падабаецца гэты ўказ, бо людзям патрэбныя месцы працы. Таму ў гэтым выпадку ўказ ускладніць стан людзей”.

Наёмная працаўніца: “Я станоўча стаўлюся да адмены ўказу. Будзе скарачэньне працоўных месцаў і колькі людзей застанецца без працы. Я сама аформлена ў прадпрымальніка і застануся без працы”.

Прадпрымальніца: “Навошта гэты ўказ патрэбны? Гэта глупства! Павінны ўсе працаваць. Хто выйдзе? Пэнсіянэр, маці, бацька, якім 70 гадоў, альбо 5-7 гадовыя дзеці будуць працаваць? А калі жанчына сірата, выйшла з дзіцячага дому і ў яе нікога няма? Гэта глупства!”

Карэспандэнт: “Вашы калегі ў панядзелак праводзяць мітынг. Патрабуюць адмены 760-га ўказу прэзыдэнта, які дазваляе наймаць толькі блізкіх сваякоў. Як вы ставіцеся да патрабаваньняў вашых калегаў?”

Гандлярка: “Я супраць гэтага ўказу, які хочуць увесьці. У нас на выставе вельмі шмат людзей, якія прыяжджаюць з Барысава, працуюць тут. Ён сам ня можа тут стаяць. Яму патрэбны наёмны чалавек. Усе будуць супраць”.

Прадпрымальніца: “Вельмі станоўча стаўлюся, бо сама пайду на гэты мітынг. Ведаю, што не далі дазволу на Якуба Коласа. Пойдзем на Бангалор. Гэтае пытаньне хвалюе ня толькі нас, як гаспадароў, але й нашых гандляроў, якія застануцца без працы. Аб гэтым гаворым ня толькі мы, прадпрымальнікі. Нават нашы пакупнікі ўвесь час пытаюць: “А што ж вы будзеце рабіць?” У нас выйсьця няма, пойдзем на мітынг”.

Прадпрымальніца: “Мы ня супраць мітынгу. Гэты ўказ нейкі абсурд.Як да гэтага можна было даўмецца?”

Прадпрымальніца: “Я працую разам з дачкой, але гэта тут так можна. А калі, напрыклад, у кагосьці шавецкая майстэрня? Ну хто так стане шаўцом? Гэта ж трэба перакваліфікавацца, мяняць прафэсію”.
XS
SM
MD
LG