Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: гарсавет вызваліў Л.Бэлер ад 100 мільёнаў судовай пошліны


Радыё Свабода Незвычайнае пытаньне разглядалася ў часе апошняй сэсіі Берасьцейскага гарадзкога савету дэпутатаў, да якіх зьвярнулася мясцовая жыхарка Ларыса Бэлер.

Былы муж спадарыні Бэлер, грамадзянін Нямеччыны Хорст Гельмут Бэлер, вядомы ў Берасьці тым, што заснаваў у мясцовай свабоднай эканамічнай зоне фірму “Кандор”, якая займаецца вырабам лякаў і фарбаў.

Спадарыня Бэлер і ейная дачка дамагаліся падзелу маёмасьці і выставілі былому мужу і бацьке зыск на 1 мільярд 300 мільёнаў беларускіх рублёў. Суд першай інстанцыі зыск не задаволіў і зараз, каб накіраваць скаргу ў абласны суд, Ларыса Бэлер мусіць сплаціць пошліну памерам 130 мільёнаў рублёў (яшчэ 19 мільёнаў рублёў павінна сплаціць ейная дачка).

Паколькі гарадзкі савет дэпутатаў мае права часткова альбо цалкам вызваліць ад уплаты гэтай пошліны, спадарыня Бэлер зьвярнулася з адпаведнай просьбай да берасьцейскіх дэпутатаў. Пасьля доўгіх спрэчак гарсавет прыняў рашэньне вызваліць спадарыню Бэлер ад уплаты 90% згаданай сумы.
XS
SM
MD
LG