Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКОЙЛ” адмаўляецца пастаўляць нафту на беларускія НПЗ (абноўл.)


Ігар Карней, Менск Расейская нафтавая кампанія “ЛУКОЙЛ” адмовілася ад пастаўкі ў сакавіку сыравіны на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ). Паведамляецца, што адсутнасьць акрэсьленых правілаў працы на рынку нафтапрадуктаў у Беларусі не дае магчымасьці пралічыць камэрцыйную выгаду ад перапрацоўкі нафты на мясцовых НПЗ. Непаразуменьні паміж Масквой і Менскам вакол пошлінаў на нафту ўжо прывялі да зьніжэньня паставак сыравіны ад пачатку году на 53% – да 713 тысяч тон супраць заплянаваных 1,5 мільёна.

Расейская кампанія “ЛУКОЙЛ” ня будзе пастаўляць нафту на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. У маскоўскім офісе фірмы сказалі, што пакуль гаворка тычыцца сакавіка. Далей пляны будуць удакладняцца.

– На беларускія НПЗ пастаўляць нафту “ЛУКОЙЛ” ня будзе. Для нас, для нашай кампаніі, перапрацоўка цяпер нявыгадная. Мы адмовіліся ад перапрацоўкі на ўмовах працэсінгу. Усе аб’ёмы нафты мы прадаём “Белнафтахіму” і незалежным кампаніям, якія працуюць на гэтым рынку. То бок, незалежным давальцам”, - заявіў прадстаўнік маскоўскага офісу кампаніі.

Тым часам, як паведамілі ў Маскве, “Белнафтахім” ды іншыя будуць самі вырашаць, куды накіраваць нафту, таму пастаўкі ў Беларусь будуць працягвацца.

Згодна з графікам пастаўкі на сакавік, “ЛУКОЙЛ” прадасьць у Беларусь больш за 240 тысяч тон. Ад гэтай колькасьці ўжо пастаўлена 141 тысяча тон.

Сярод прычынаў страты цікавасьці да Беларусі называюцца: невыгоднасьць экспарту нафтапрадуктаў празь Беларусь пасьля ўвядзеньня пошліны памерам 161 даляр за тону, а таксама заплянаванае ад 12 сакавіка падвышэньне на 95% акцызаў на нафтапрадукты, якія рэалізуюцца на ўнутраным рынку.

Прынамсі, “ЛУКОЙЛ” дагэтуль ня можа пралічыць выгаду ад перапрацоўкі нафты на беларускіх НПЗ за люты. Сур’ёзнасьць намераў расейскіх пастаўшчыкоў ацэньвае эканаміст Міхал Залескі:



– Тут справа ня ў тым, што яны за люты ня могуць падлічыць свае прыбыткі, а ў тым, што іх на мінулым тыдні так “страсянула”, што мала не падалося. Яны вельмі істотна страцілі на курсавой розьніцы, ад падзеньня індэксу расейскай біржы на 5-6% па нафтагазавым сэктары. Гэта іх напалохала і, натуральна, яны зараз думаюць, як сябе застрахаваць, каб стратаў такіх зноў не было. Таму паўза збольшага тэхнічная. Але мы так да іх прывязаныя, што яны чыхаюць, а ў нас галава баліць. Тут трэба акцэнтавацца: ёсьць расейскія НПЗ, а ёсьць беларускія. І яны аднолькава ставяцца і да сваіх, і да нашых. Гэта манапаліст рынку, ён цісьне на зьвязаных зь ім перапрацоўшчыкаў. Таму ня думаю, што Арэнбург сябе адчувае лепей, чым Наваполацак ці Яраслаўль.

Паводле Міхала Залескага, кіраўніцтва краіны імкнецца кампэнсаваць страты беларускіх нафтавікоў: уведзеныя дзяржаўныя субсыдыі для пастаўшчыкоў нафты ў памеры 24 даляры за тону. Апроч таго, ва ўрадзе распрацоўваецца мэханізм крэдытаваньня Мазырскага НПЗ і наваполацкага “Нафтану” для закупаў нафты і вяртаньня крэдытаў з прыбытку ад рэалізацыі нафтапрадуктаў.

Але, лічыць Міхась Залескі, няпэўнасьць прымушае кіраўнікоў нэрвавацца:

– Яны ўвесь час цяпер будуць у падвешаным стане, пакуль ня вырашыцца: ці мы ад зямлі адарваліся, ці да неба дастаем, што ўвогуле адбываецца? Для дырэктараў будзе ўвесь час галаўны боль, таму што пастаўка не дывэрсыфікаваная і ўпэўненасьці на будучыню няма ніякай. Няма людзей ля плоту, ля брамы, якія б стаялі і заклікалі: давай, маўляў, купі ў мяне, ці ў мяне. Дыктат ідзе з боку пастаўшчыка, а не перапрацоўшчыка.

Спадар Залескі лічыць: спадзявацца на альтэрнатыву ў выглядзе іранскай ці вэнэсуэльскай нафты, пра што ўсё часьцей гавораць у кіраўніцтве Беларусі, ня вельмі выпадае. Для гэтага трэба распрацаваць мэханізам ўзаемазалікаў зь іншымі краінамі, бо вазіць нафту танкерамі немэтазгодна і неэфэктыўна.



На беларускім рынку нафтавая кампанія “ЛУКОЙЛ” працуе ад 1992 году. За гэты час прадпрыемства паставіла і перапрацавала ў Беларусі амаль 20 мільёнаў тон нафты. Доля “ЛУКОЙЛу” ў агульным аб’ёме імпартаванай у Беларусь сыравіны складае 12%.

У агульнай структуры кампаній, якія пастаўляюць нафту на беларускія НПЗ, першынствуе “Сургутнефтегаз”, на долю якога прыпадае амаль 30% паставак нафты. Затым ідуць “Роснефть” – 25%, “Сибнефть” – 13%, “ЛУКОЙЛ” – 12%, “Славнефть” – 10%, “Русснефть” – 6,5%, іншыя кампаніі – 4%. Штогод, паводле міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі, на беларускіх НПЗ перапрацоўваецца да 22 мільёнаў тон расейскай нафты.

У адпаведнасьці з заяўленымі раней плянамі, у першым квартале 2007 году расейскія кампаніі меліся паставіць у Беларусь 4,4 мільёны тон нафты – па 2,2 мільёнаў тон на Мазырскі НПЗ і Наваполацкі “Нафтан”. Аднак ужо няма ніякай упэўненасьці, што нафтатрэйдэры выканаюць свае абяцаньні.



Глядзіце таксама:

Літва прапануе Беларусі і Ўкраіне разам шукаць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты

В.Даўгалёў: “Расея пачала супраць Беларусі інфармацыйную вайну”
XS
SM
MD
LG