Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі гатовы правесьці мітынг, нягледзячы на перашкоды


Алесь Дашчынскі, Менск Менскія ўлады дазволілі правесьці мітынг прадпрымальнікаў 12 сакавіка ў парку Дружбы народаў. Аднак заяўнікі цьвердзяць, што, нягледзячы на дазвол, чыноўнікі спрабуюць чыніць перашкоды

У мітынгу гатовыя ўзяць удзел прадстаўнікі ўсіх буйных гарадоў Беларусі. Яны будуць патрабаваць адмены апошніх рашэньняў улады адносна прадпрымальніцтва, якія лічаць дыскрымінацыйнымі. Пра гэта заявіў старшыня рэспубліканскай каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Анатоль Зьмітровіч.

"Прэзыдэнцкі дэкрэт пагражае нам банкруцтвам"

“Бо ўвядзеньне прэзыдэнцкага ўказу № 760, які фактычна забараняе выкарыстоўваць наёмную працу, пагражае нам банкруцтвам. Павінен быць адменены і дэкрэт №20 аб забароне гандляваць парфумай ад 1 красавіка, таксама складанай бытавой тэхнікай, мабільнымі тэлефонамі, футрам і гэтак далей. У нас скарачаецца пералік тавараў, якімі прыватныя прадпрымальнікі могуць гандляваць. Мы патрабуем яго не скарачаць. Калі ўмовы для ўсіх суб’ектаў гаспадараньня аднолькавыя, то чаму нас выводзяць з гэтых умоваў?”

Арганізатары акцыі прасілі дазволу на правядзеньне мітынгу на плошчы Якуба Коласа. Аднак Мінгарвыканкам дазволіў, як звычайна, плошчу Бангалёр – ад 12 да 17 гадзіны. Прычым, у ідэалягічнай управе ніякай інфармацыі пра лёс заяўкі не падавалі і пра дазвол заяўнікі даведаліся выпадкова. Супрацоўнікі гарадзкой міліцыі запрасілі іх на сустрэчу для абмеркаваньня мераў бясьпекі. Там заяўнікі й атрымалі копію дазволу.

Улады зацягвалі выдачу дазволу

Адзін з заяўнікаў, прадпрымальнік Сяргей Балыкін сказаў:

“Улады цягнулі з выдачай дазволу на правядзеньне акцыі. Такім чынам яны спрабавалі схаваць, што далі дазвол. Бо сам дазвол быў выдадзены рашэньнем гарвыканкаму яшчэ 6-га сакавіка. І ён быў накіраваны нам на хатні адрас у той жа дзень. Але ж зразумела, што за такі кароткі час лісты не змаглі дайсьці. Гэты дазвол нам быў выдадзены напярэдадні чатырох выходных дзён”.

"Мэта мітынгу – свабода прадпрымальніцтву!”

Арганізатары мусяць яшчэ ўзгадніць правядзеньне акцыі з шэрагам гарадзкіх установаў і гэта будзе магчыма толькі ў панядзелак. Таксама ўзьніклі праблемы з выпускам інфармацыйных матэрыялаў - у выходныя ні друкарні, ні мэдыі не працуюць. Адзін з заяўнікаў мітынгу Аляксандар Макаеў распавёў:

“Мы на “Дынама” хацелі даць па радыё аб’яву. Дырэктар “Дынама” афіцыйна адмовіў мне, каб у рубку мы далі аб’яву пра мітынг. Хаця мітынг санкцыянаваны. Улады ўсё ж перашкаджаюць, дробна шкодзяць. Мэта мітынгу – свабода прадпрымальніцтву!”

Глядзіце таксама

Пачалася кампанія “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG