Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вацлаў Станкевіч: “Ізаляцыя заганяе Беларусь у кут”


Ганна Соўсь, Менск Былы прэзыдэнт і экс-прэм’ер Літвы Альгірдас Бразаўскас выступіў супраць ізаляцыі Беларусі і заклікаў цяперашняе кіраўніцтва Літвы ўлічваць літоўскія інтарэсы ў падыходах да стасунках з гэтай краінай. Старшыня парлямэнцкай камісіі літоўскага Сойму ў справах НАТО Вацлаў Станкевіч падтрымаў заяву Бразаўскаса і лічыць яе вельмі актуальнай.

“Беларусь – суседняя дзяржава, і яна жыве сваім жыцьцём. Мне здаецца, што стаўленьне да Беларусі і да кіраўніцтва гэтай дзяржавы павінна быць добра абдуманым,” – сказаў Альгірдас Бразаўскас, лідэр кіроўнай сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, у інтэрвію радыёстанцыі Ziniu radijas. “З Беларусьсю Літва мае эканамічныя сувязі вялікага аб’ёму, масу інтарэсаў, уключна энэргетычныя, таму адносіны трэба рэгуляваць вельмі прадумана. Беларусь ня трэба ізаляваць, а паколькі гэта дзяржава – сусед Эўразьвязу, і эўрапейская супольнасьць павінна мець дакладную праграму ў справе Беларусі”, -- сказаў Альгірдас Бразаўскас.

Старшыня парлямэнцкай камісіі літоўскага Сойму ў справах НАТО Вацлаў Станкевіч падтрымлівае заяву спадара Бразаўскаса і лічыць яе вельмі актуальнай.

“Беларусь цяпер знаходзіцца на скрыжаваньні дарог. Я маю на ўвазе адносіны з галоўным хаўрусьнікам Расеяй. Мы павінны, як магчыма, актыўней і часьцей размаўляць на беларускую тэму і не толькі з Эўразьвязам, але і зь Беларусьсю. Лічу, як суседняя краіна, Літва павінна і магла б працягнуць руку дапамогі і ні ў якім разе не ізаляваць. Ізаляцыя заганяе Беларусь у кут, і беларуская ўлада ня мае другой магчымасьці, як ісьці на кантакт з такімі краінамі, як Сырыя, Іран, Паўночная Карэя і гэтак далей. Значна лепш было б для Літвы, для Эўразьвязу, каб Беларусь мела найлепшыя кантакты з краінамі нашага кантынэнту, з нашым асяродзьдзем. Мы павінны размаўляць ня толькі на эканамічныя і культурныя тэмы, што рабілася па сёньняшні дзень, а таксама спрабаваць знайсьці супольны погляд і на палітычнай арэне”.

Глядзіце таксама: Літва шукае “стратэгію выйсьця” для беларускага лідэра
XS
SM
MD
LG