Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўлюк Шукайла


Уладзімер Арлоў, Менск 31.12.1904, в. Малая Лапеніца (цяпер Бераставіцкі раён) — 14.4.1939, Масква.

Каб пазбыцца ілюзіі, нібыта айчынны літаратурны працэс у 1920-х трымаўся на ціхмяных сарамяжлівых хлопцах у кашулях-вышыванках, дастаткова пазнаёміцца з асобаю паэта Паўлюка Шукайлы. Ужо адно ягонае аблічча — “баярская” бабровая шапка, паліто з кенгуровым каўняром, залаты гадзіньнік і цяжкі сукаваты кій у руках — патыхала скандалам ці, прынамсі, нейкай небясьпекаю.

Зь дзяцінства маючы схільнасьць да лідэрства й эпатажу, ён за сваё кароткае жыцьцё пасьпеў зьмяніць мноства кіроўных пасадаў: галоўны рэдактар слуцкай акруговай газэты, сакратар Расонскага райкаму партыі, старшыня камісіі па праверцы беларусізацыі ў Расонскім раёне, загадчык катэдры мэтадалёгіі ў Маскоўскім інстытуце кінэматаграфіі, віцэ-прэзыдэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Ленінградзе...

У ягоным расонскім райкамаўскім кабінэце побач з партрэтам Маркса на звычайным месцы Леніна вісеў партрэт самога Шукайлы. Магчыма, згаданы факт таксама паўплываў на тое, што “за ўчынкі, ня вартыя члена партыі” Паўлюка на два гады пазбавілі права займаць начальніцкія крэслы. Гэтая акалічнасьць паспрыяла ажыўленьню літпрацэсу, бо, зьявіўшыся ў Менску, Шукайла ў 1927-м стварыў “Беларускую літаратурна-мастацкую камуну”, суполку альтэрнатыўную “Маладняку” ды “Ўзвышшу” і арыентаваную на гэтак званых камуністаў-футурыстаў — расейскі “ЛЕФ” і ўкраінскую “Нову генерацію”.

“Што мне да поля / зь яго васількамі, / пагубнай кветкай палёў?” — пісаў Паўлюк. У сваіх публічных выступах ён бязьлітасна граміў усіх літаратурных аўтарытэтаў, не замахваючыся хіба што на жывых клясыкаў. Помсьцячыся, адна зь ягоных ахвяраў запусьціла ў літаратурныя масы прыпісаны Шукайлу вершык: “Выйду я на сенажаць / ды з нагану ў жабу — бац”, што зрэшты, толькі паспрыяла славе паэта-скандаліста.

Чытаючы некаторыя ягоныя опусы, я ўзгадваў словы польскага паэта Юліяна Тувіма пра тое, што вершы могуць быць бяз рыфмы, бяз рытму, часам нават бяз сэнсу, але нельга, каб усё гэта разам было ў адным вершы. З другога боку, Шукайлавы радкі “На Беларусі / вада з крыві, / палеткі з курганоў і крыжоў” Міхась Зарэцкі хацеў узяць эпіграфам да свайго раману “Крывічы”.

Пасьля заканчэньня Камуністычнай акадэміі ў Маскве пачалася імклівая, але нядоўгая кар’ера Шукайлы ў сьвеце савецкага кіно і тэатральнага мастацтва. Дарэчы, гэта ён у той час, калі пачалі цкаваць Янку Купалу, стаў адным з ініцыятараў сьвяткаваньня ў Маскве 25-годзьдзя творчай дзейнасьці паэта і напісаў для наркама асьветы РСФСР Луначарскага артыкул, дзе Купала характарызаваўся як “паэт абяздоленых сялянскіх масаў” і “бацька новай беларускай паэзіі”.

Аднак хмары згусьціліся і над самім Шукайлам. У 1930-м — першы арышт, пасьля якога ён здолеў празь месяц выйсьці на волю і неўзабаве нават атрымаць званьне прафэсара кінамастацтва. Падчас другога арышту ў 1935-м яго таксама хутка выпусьцілі, але ўжо інвалідам з зламаным хрыбетнікам. Чуючы новую небясьпеку для сябе і сям’і, ён разьвёўся з жонкаю, пакінуў кватэру і ператварыўся ў бамжа (менавіта так будзе пазьней пазначана ў сьледчай справе). Выкарыстоўваючы набыты ў заходнебеларускім партызанскім юнацтве кансьпірацыйны досьвед, Паўлюк цэлыя тры гады хаваўся ад “органаў”, але аднойчы страціў пільнасьць... Абвінавачаны ўва “ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі”, ён быў асуджаны на расстрэл. Прысуд выканалі ў наступную ж ноч.
XS
SM
MD
LG