Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне прэзэнтавалі фільм пра лягеры сьмерці ў Азарычах


Радыё Свабода “Азарычы 1944-га – па сьлядох ваенных злачынцаў” – так называецца 50-хвілінны дакумэнтальны фільм, стваральнікі якога не прафэсійныя кінэматаграфісты, а маладыя нямецкія і беларускія гісторыкі: выкладчыкі і студэнты Рэйна-Вэстфальскай вышэйшай школы ў Аахене, а таксама ўнівэрсытэтаў у Кёльне і Менску.

Прэзэнтацыя фільму адбылася ўчора ў нямецкім гарадку Вюрзэлен, непадалёк ад Аахену, і была прымеркаваная да 63-й гадавіны вызваленьня гэтага гораду ад фашызму. Аўтары фільму згадалі, што прыкладна ў той самы час, у сакавіку 1944-га, камандаваньне вэрмахту правяло ў раёне Азарычаў на Гомельшчыне апэрацыю для стварэньня жывога заслону ад наступу савецкіх войскаў.

Нямецкія журналісты пішуць, што сумесная работа – фільм – стане адкрыцьцём як для немцаў, так і для беларусаў.

Доктар гісторыі і адзін з кіраўнікоў сумеснага праекту, выкладчык Рэйна-Вестфальскай вышэйшай школы Крыстаф Рас перакананы, што большасьць злачынстваў другой усясьветнай вайны толькі пачынаюць раскрывацца. Сярод іх і праўда пра мястэчка Азарычы на Гомельшчыне.

Рас: Скажу так: праўды пра злачынствы ў гэтым беларускім мястэчку ня ведае ніхто з усіх знаёмых мне немцаў. Я прыйшоў да праекту ў зьвязку з працай над дысэртацыяй. На пачатку 2000 году я знайшоў у нямецкіх архівах дакумэнты пра канцлягеры ў раёне Азарычаў. Зь іх вынікала, што карнымі апэрацыямі займаліся ня толькі падразьдзяленьні гестапа, СС, аднак і беспасярэдне вэрмахт, чые салдаты і афіцэры маюць сярод немцаў рэпутацыю гэтак званых “чыстых” вайскоўцаў. Потым да пошукаў далучыліся аахенскія і кёльнскія студэнты. Ад 2003 году пачалося супрацоўніцтва зь Беларускім унівэрсытэтам. Некалькі год запар мы працавалі ў Азарычах, запісвалі інтэрвію з жывымі сьведкамі”.
Крыстаф Рас: “Праўды пра злачынствы ў Азарычах ня ведае ніхто з усіх знаёмых мне немцаў”.
У Азарычах кінадакумэнталісты-гісторыкі літаральна па драбніцах аднаўлялі падзеі 60-гадовай даўнасьці, спраўджвалі маршруты дэпартацыі цывільнага беларускага насельніцтва. Жывыя сьведкі падзеяў расказваюць у кадры, як менавіта сюды пры канцы лютага – на пачатку сакавіка 1944-га гітлераўцы сагналі больш за 50 тысяч непрацаздольных жыхароў Гомельшчыны і Магілёўшчыны і арганізавалі тры лягеры сьмерці.

Тады ж камандаваньне 9-й арміі вэрмахту пачало шырока выкарыстоўваць беларускае цывільнае насельніцтва ў якасьці заслону на шляху наступу савецкіх войскаў. Каля пярэдняй лініі абароны, на тэрыторыі 50 тысяч квадратных кілямэтраў, нямецкія салдаты абносілі калючым дротам вялікія ўчасткі зямлі, заганялі туды жанчын, дзяцей, старых, трымалі іх пад моцнай аховай бязь ежы і вады. Відавочцы падзеяў – і немцы, і беларусы – сьведчаць, як побач з гэтымі людзьмі гітлераўцы наўмысна зьмяшчалі хворых на сыпны тыф…

Галоўным арганізатарам здымкаў у Беларусі быў мянчук, студэнт-гісторык Аахенскай вышэйшай школы Аляксандар Далгоўскі. У фільм “Азарычы 1944-га” уключана некалькі ўнікальных інтэрвію, узятых у беларусаў, якіх немцы пры адступленьні вымушалі працаваць на вэрмахт – будаваць ўмацаваньні на перадавой.

“Немцы заходзілі ў вёскі і прымусова набіралі грамадзянаў пэўнага ўзросту на працу на перадавой. Гэта хлопцы 14 – 18 гадоў. Іх зьмяшчалі ў лягерах, уначы яны працавалі – аднаўлялі ўмацаваньні, – расказвае Аляксандар Далгоўскі. – У мяне ёсьць дакумэнты аднаго палкоўніка, які ўзначальваў гаспадарчую камісію вэрмахту ў Бабруйску і праводзіў інспэкцыю у гэтых лягерах. Хлопцы працавалі па 9 гадзін, атрымлівалі два разы на дзень гэтак званы суп – ваду з хлебам. Забіралі на такія работы цэлыя сем’і. Мы праводзілі інтэрвію зь беларусамі, цыганамі, габрэямі”.

Фільм “Азарычы 1944-га – па сьлядох ваенных злачынцаў” пакуль што выйшаў толькі ў нямецкай вэрсіі.
XS
SM
MD
LG