Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фаніпаль: гімназісты правялі экалягічны экспэрымэнт


Віталь Сямашка, Фаніпаль, Дзяржынскі раён Пасёлак Фаніпаль Дзяржынскага раёну атрымаў статус гораду пасьля таго, як туды зь Менску перанесьлі экалягічна небясьпечныя прадпрыемствы. Пра ўзьдзеяньне выкідаў фаніпальскіх прадпрыемстваў на здароўе людзей ні прадстаўнікі ўлады, ні мэдыкі не гавораць. Нечаканыя сьведчаньні зьявіліся ў выніку экалягічнай акцыі, якую днямі зладзілі навучэнцы мясцовай гімназіі.

На нядаўна зацьверджаным гербе гораду – смачны зялёны яблык на фоне трохкутніка. Яблычныя сады ў гэтых мясьцінах спрадвеку. Складаней з трохкутнікам, што сымбалізуе ажыўленыя аўтатрасы ды чыгунку, якія абступаюць Фаніпаль. Хоць для аўтара герба, намесьніка старшыні гарвыканкаму Івана Дзяніса праблем з хворай гарадзкой экалёгіяй нібыта не існуе.

“У дварох шматпавярховых дамоў яблыкі растуць, – гаворыць Іван Дзяніс. – Квітучыя сады! Рэдкі горад, каб знайсьці сады ў дварах. У нас жылы раён асобна, прамзона – асобна. Так што камфортна для гораду і для людзей у пляне экалёгіі...”

Аднак гэткую аптымістычную выснову падзяляюць ня ўсе. Нядаўна два дзясяткі фаніпальскіх гімназістаў правялі экалягічны экспэрымэнт, які засьведчыў зусім іншыя вынікі.

Ініцыятарка экспэрымэнту – настаўніца геаграфіі, загадчыца краязнаўчага музэю Галіна Шчаковіч.

“Тут праходзіць гарадзкі шлях, магістраль Берасьце – Масква і трэцяя дарога, што ідзе да прамысловай зоны, дзе знаходзяцца нафтабаза, многія прадпрыемствы, – расказвае Галіна Шчаковіч. – Мы зь дзецьмі палічылі, колькі машын праходзіць праз 5 – 10 і нават праз адну хвіліну. Каля школы за адну хвіліну – да 11 машын, асабліва раніцай, калі ідзем на ўрокі. Праз магістраль да 400 машын за 5 – 10 хвілін. А праз 500 мэтраў у нас заводзкая чыгунка, а таксама шаша Берасьце – Баранавічы – Менск – Масква. За суткі праходзіць да 40 электрычак і грузавых цягнікоў. Вось вам і экалёгія!”

Тым больш прамысловая зона фактычна знаходзіцца ў рысе невялікага гораду, найбліжэйшая ж лесапаласа толькі за пяць кілямэтраў ад яго. Вынікі акцыі могуць стаць падмуркам для будучых заканадаўчых ініцыятываў, кажа адзіны апазыцыйны дэпутат гарсавету, сябра ПКБ Канстанцін Селядцоў.

“Калі гэта перавышэньне санітарных нормаў, – гаворыць Канстанцін Селядцоў, – дык праз дарогу берасьцейскую робяць абарончыя экраны, што здымаюць шумы. Вынікі моладзевага экалягічнага экспэрымэнту мы на сэсіі гарсавету будзем вывучаць і будзем выносіць прапановы ўладам для паляпшэньня экалягічнай сытуацыі ў Фаніпалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG