Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможа Беларусь залучыць шматмільярдныя інвэстыцыі?


Міхал Стэльмак, Менск Беларускі ўрад назначыў рэкордныя пляны залучэньня замежных інвэстыцыяў у нацыянальную эканоміку. Як аб’явіў міністар эканомікі Мікалай Зайчанка, у найбліжэйшыя чатыры гады ў краіне мяркуецца рэалізаваць 150 інвэстыцыйных праектаў, кошт якіх складзе 3 мільярды даляраў. Чым выкліканыя гэтыя пляны, і ці рэальная іх рэалізацыя?

Паводле экспэртаў, урадавая ініцыятыва шырокага залучэньня інвэстыцыяў выкліканая найперш нядаўнім падаражэньнем расейскіх энэрганосьбітаў, якое нэгатыўна адбілася на канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў.
Васіль Шлындзікаў: “Ніводзін больш-менш нармальны заходні інвэстар сюды ня прыйдзе”.
Эканаміст Васіль Шлындзікаў: “У сярэднім усё падаражэла дзесьці на 16 працэнтаў. Наколькі мне вядома, сёньня нармальна адчувае сябе толькі прамысловасьць будаўнічых матэрыялаў і вытворчасьць мэдпрэпаратаў. А ўва ўсіх астатніх вельмі складаныя праблемы. І яны, натуральна, усьведамляюць, што трэба абнаўляць вытворчасьць, то бо патрэбныя інвэстыцыі”.

У Барысаве вось ужо некалькі тыдняў знаходзяцца італьянскія спэцыялісты. Яны працуюць на макароннай фабрыцы “Барымак” – мантуюць там абсталяваньне. Паводле адміністрацыі прадпрыемства, замежныя тэхналёгіі спатрэбіліся для паляпшэньня якасьці барысаўскай прадукцыі. Сёньня беларусы спажываюць пераважна расейскую, украінскую і італьянскую макарону. Барысаўскую ж, як і прадукцыю іншых беларускіх фабрык, купляюць мала. З-за яе нізкай, як лічаць спажыўцы, якасьці. Для паляпшэньня якасьці барысаўскай макароны й было вырашана ажыцьцявіць мадэрнізацыю.

Кіраўніца службы якасьці “Барымаку” Людміла Баравуля: “Рэч у тым, што самыя лепшыя лініі – італьянскія. Бо макаронная прамысловасьць лепш за ўсё разьвітая ў Італіі. І яны прадаюць паўсюдна. І ў Расеі стаяць такія лініі, і ў нас будзе стаяць такая лінія. Расея ажыцьцявіла пераўзбраеньне ўжо даўно. А мы толькі цяпер устанаўляем”.

У Барысаве ўтойваюць, за чые грошы вядзецца мадэрнізацыя. Паводле ж неафіцыйных крыніц, іх выдзеліў беларускі ўрад, а не італьянскія інвэстары.
Леў Марголін: “Каб 150 праектаў рэалізаваць пры нашай эканоміцы, пры нашых дэкрэтах, якія могуць сёньня і заўтра быць прынятыя, – ня веру”.
Васіль Шлындзікаў ня верыць, што блізкім часам сытуацыя зьменіцца: “Ніводзін больш-менш нармальны заходні інвэстар сюды ня прыйдзе”.

А вось яшчэ адно меркаваньне – эканаміста з Барысава Льва Марголіна: “Я ня веру ў такія праекты, бо вялікую працу трэба правесьці, каб стварыць 5-10 прывабных праектаў. Але каб 150 праектаў рэалізаваць пры нашай эканоміцы, пры нашых законах, пры нашых дэкрэтах, якія могуць сёньня і заўтра быць прынятыя, – ня веру”.
XS
SM
MD
LG