Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “Мы жывем у стане гвалту над чалавечай душой”


Любоў Лунёва, Менск Агляд недзяржаўнага друку за 9 сакавіка.

Газэта “Народная воля” на першай паласе надрукавала інтэрвію з Вольгай Іпатавай. Чытачы могуць азнаёміцца з думкамі літаратаркі пра сытуацыю ў краіне. Якім чынам пісьменьнікі, пазбаўленыя магчымасьці публічных выступаў, ігнараваныя дзяржаўнымі выдавецтвамі, зарабляюць сабе на жыцьцё? Чытайце ў артыкуле пад загалоўкам “Мы жывем у стане гвалту над чалавечай душой”.

“Народная воля” працягвае абмяркоўваць тэму пэнсійнага забесьпячэньня ў Беларусі. У сёньняшнім нумары ўласны карэспандэнт газэты ў Вялікай Брытаніі Яўген Сулыга апавядае, паводле якіх правілаў фармуюцца пэнсіі ў ангельцаў. Красамоўны загаловак: “Пасьля выхаду на пэнсію былы муж набыў сабе дом у Францыі”. Ангельская пэнсіянэрка Лінда Смолі набыла сабе добры дом, новы аўтамабіль, мае магчымасьць займацца спортам. Яна расказвае пра сваё жыцьцё.

У 2008 годзе маюць адбыцца выбары ў Палату прадстаўнікоў. Чытачам “Народнай волі” прапануюць азнаёміцца з адказамі розных людзей на пытаньне, якія канкрэтныя захады неабходна зрабіць апазыцыі, усяму беларускаму грамадзтву, каб выбары прайшлі не пад дыктоўку.

Газэта “Ганцавіцкі час” распавядае пра тое, як у Ганцавічах праходзіць вакцынацыя курэй у мэтах прафіляктыкі птушынага грыпу.

У кіраўніка ганцавіцкай адміністрацыі невядомыя ўначы зьнесьлі цагляную агароджу каля дому. Зьдзіўленыя міліцыянты паведамілі, што слупы павалілі без дапамогі тэхнікі.

Рэдактар газэты “Ганцавіцкі час” Пётар Гузаеўскі надрукаваў сатырычны матэрыял аб працы калгасу. “Вынайшлі незвычайны спосаб вырошчваньня морквы, які, на думку некаторых жыхароў вёскі, стане адным са спосабаў падняць на больш высокі ўзровень сельскую гаспадарку, – расказаў Пётар Гузаеўскі. – 2 гектары морквы перазімавала і сядзіць цяпер у зямлі. Морква зьнікае пры мінусавай тэмпэратуры – дастаткова аднаго градуса марозу. Велізарныя затраты дзяржавы, якая “бухае” грошы ў гэтыя калгасы, але ніякага прыбытку ніколі яны ня бачаць”.

Маладэчанская “Рэгіянальная газета” папярэджвае аматараў зімовай рыбалкі пра небясьпеку на вадасховішчах з надыходам цяпла. У выходныя дні на Вялейскім вадасховішчы дзясяткі рыбакоў. Некаторыя заяжджаюць на лёд на аўтамабілях.

Загадчыца бюро судмэдэкспэртызы Ірэна Сіліцкая апавядае на старонках “Рэгіянальнай газеты” пра акалічнасьці сваёй працы і пра сябе.

Маладэчанскія мэдыкі набылі абсталяваньне для эндапратэзаваньня касьцей сьцегнавых суставаў коштам каля 14 000 даляраў. Цяпер яны змогуць рабіць апэрацыі без дапамогі менскіх калегаў.
XS
SM
MD
LG