Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчын у беларускім войску і міліцыі более


Любоў Лунёва, Менск У беларускім войску служаць больш за тры з паловай тысячы жанчын. Зь іх 245 афіцэраў, болей за тысячу прапаршчыкаў. Болей за 2,5 тысячы служаць па кантракце на пасадах салдатаў і сяржантаў. У параўнаньні з 1997 годам колькасьць жанчын-афіцэраў ва Ўзброеных сілах павялічылася ў 3 разы. Іхны сярэдні ўзрост 29 гадоў. Вялікая колькасьць жанчын працуе ў Міністэрстве унутраных справаў.

У менскай міліцыі штогод павялічваецца колькасьць жанчын. Яны працуюць у асноўным у сьледчых органах, у інспэкцыях у справах непаўналетніх, а таксама ва Ўправе ў справах грамадзянству і міграцыі. Кіраўнік менскай міліцыі Анатоль Куляшоў паведаміў “Свабодзе”, што ніякіх прывілеяў жанчыны-міліцыянты ня маюць.

“Усе жывуць па адных і тых жа законах, загадах, нарматыўнай базе. Усе справы, якія расьсьледуюць мужчыны, расьсьледуюць і жанчыны. Так што ніякіх паблажак. Асаблівасьці, канешне ж, ёсьць. Але жанчына гэта чалавек мяккай натуры. Я б адзначыў, што яна больш ахайная і ў некаторай ступені больш добрасумленна ставіцца да сваіх службовых абавязкаў, паколькі яна больш адчувае тую адказнасьць, якая ляжыць на яе плячах”.

Генэрал Куляшоў лічыць, што ў найбліжэйшы час колькасьць супрацоўніц-жанчын імкліва павялічвацца ня будзе. Ён тлумачыць гэта вялікімі фізычнымі і псыхалягічнымі нагрузкамі ў міліцыі.

У палку спэцназу Менскай міліцыі, а таксама ва ўнутраных войсках байцоў-жанчын няма.

Што тычыцца службы ва Ўзброеных сілах, то за апошнія дзевяць гадоў колькасьць жанчын павялічылася ў тры разы. Большасьць зь іх працуюць вайсковымі мэдыкамі, псыхолягамі, перакладчыкамі і юрыстамі. Усе жанчыны падпісваюць кантракт.

Ад 2002 году на факультэт сувязі і аўтаматычных сыстэмаў кіраваньня Вайсковай акадэміі набіраюць і дзяўчынаў. Сёньня там вучыцца 38 курсантак. 1 жанчына-афіцэр вучыцца на камандна-штабным факультэце Акадэміі. Сёлета 6 курсантак Вайсковай акадэміі, якія вучацца на факультэце сувязі і аўтаматычных сыстэм упраўленьня стануць афіцэрамі Ўзброеных сілаў.

Дарэчы, самае высокае вайсковае званьне, да якога можа даслужыцца жанчына ва Ўзброеных сілах Беларусі, -- гэта падпалкоўнік. Такая норма Вайсковага статуту засталася з савецкіх часоў.

У Ізраілі абавязковую тэрміновую службу ў войску нясуць і 18-гадовыя дзяўчаты. Яны служаць два гады, а мужчыны – 3. Калі ў дзяўчыны загінулі брат ці сястра, то яе не пашлюць у баявыя войскі. Апроч таго, пасьля мэдкамісіі дасылаюць даведку, на якой пералічаны ўсе варыянты, якія добраахвотна можа выбраць навабранец. Першыя 6 месяцаў яны праходзяць курс маладога байца. Жанчыны абавязаныя добра валодаць зброяй, умець страляць і мець навыкі рукапашнага бою. Усе павінны дасканала валодаць прыёмамі аказаньня першай дапамогі параненаму. Марына Кацовіч у 1997 годзе скончыла ў Менску гімназію і адразу з’ехала з бацькамі ў Ізраіль. Яна служыла ў мэдычных войсках.

Кацовіч: “Пад’ём а 4 раніцы. Звычайна дзяўчаты працуюць у сакратарыяце ў якога-небудзь палкоўніка, ці маёра, ці генэрал-маёра... Прымаюць факсы, дасылаюць, друкуюць лісты і г.д. Я была памочнікам фармацэўта. Гэта нешта кшталту вайсковага санітара. Ёсьць норма, паводле якой дзяўчаты могуць хадзіць дахаты раз на тыдзень, альбо раз на два тыдні, а некаторыя штодня ходзяць у войска як на працу. Калі ты скончыш службу, то ў цябе ёсьць шмат ільготаў. Напрыклад, ёсьць зьніжкі на вышэйшую адукацыю, войска дае пэўную суму грошай, якія можаш патраціць на вучобу ці на працу”.

Марына Кацовіч кажа, што спачатку жанчыны і мужчыны, у адрозьненьне ад беларускага войску, служаць асобна. Гэтая сыстэма ўведзеная нядаўна, пасьля таго, як некалькі жанчынаў паскардзіліся на сэксуальныя дамаганьні. Нягледзячы на раўнапраўе палоў, якое строга ахоўваецца дзяржавай, першыя 6 месяцаў, “вучэбку”, як гэта называюць у беларускім войску, дзяўчаты і хлопцы ў Ізраілі служаць паасобку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG