Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны дзень салідарнасьці жанчын вярнуўся ў Літву


Тацьцяна Поклад, Прага Міжнародны дзень жанчын афіцыйна адзначаецца ў 17 краінах сьвету, у тым ліку ў Швэцыі, Нідэрляндах, Люксембургу, Італіі, Нарвэгіі. У суседняй Літве Міжнародны жаночы дзень быў скасаваны адразу пасьля аднаўленьня незалежнасьці, але цягам апошніх гадоў сьвята вярнулася.

Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы, калі бальшыню ў парлямэнце мела партыя кансэрватараў, Міжнародны жаночы дзень адмянілі як савецкі акупанцкі перажытак. Першыя гады на пачатку 1990-х гадоў 8 сакавіка жанчын у Літве не віншавалі, у офісах і ўстановах пра яго не згадвалі.

З сярэдзіны і ў другой палове 1990-х гадоў “жаночае сьвята” пачало вяртацца нефармальна, -- жанчын віншавалі родныя і сябры. Жанчын з кветкамі ў гэтыя дні на вуліцах можна было пабачыць няшмат, але, я памятаю, на тых, хто йшоў у гэты дзень з кветкамі, пазіралі з прыязнымі ўсьмешкамі.

У 2000-м, калі бальшыню ў парлямэнце атрымалі сацыял-дэмакраты, якія адзначаюць Міжнародны жаночы дзень пасьля таго, як у 1908 годзе яго ўвялі нью-ёркскія сацыял-дэмакраткі, гэтае сьвята вярнулася ў Літву, як афіцыйнае. У законе аб сьвяточных і памятных днях дзень 8 сакавіка названы Міжнародным днём жаночай салідарнасьці і пазначаны як памятны дзень, але не выходны.

У выніку атрымалася, што паколькі дзень 8 сакавіка – працоўны, але афіцыйна прызнаны як сьвяточны – памятны -- дзень, жанчын віншуюць і калегі на працы, і блізкія людзі – пасьля працы, у нефармальнай абстаноўцы, і дома.

Гэта сьвята мае сэнс у Літве і для фэміністак, для актыўных самастойных кабет, якія ў гэты дзень выказваюць салідарнасьць з усімі жанчынамі сьвету і нагадваюць пра прызнаную ўсім сьветам існуючую праблему дыскрымінацыі жанчын, і для людзей з патрыярхальнымі паглядамі, якія ўспрымаюць гэты дзень як сьвята, калі ушаноўваецца жаноцкасьць, прыгажосьць жанчыны – каханай, жонкі, маці.

Тым часам, многія не задумваюцца пра сэнс і гісторыю гэтага сьвята, віншуюць кабет зь вясной, жадаюць ім прыгажосьці і гавораць ім камплімэнты, і, натуральна, уздымаюць келіхі за жанчын.

З 2003 году літоўскі Сойм распачаў традыцыю віншаваць жанчын у гэты дзень – тады з ініцыятывы парлямэнтароў-мужчын дэпутаты запісалі і падаравалі кожнай жанчыне ў Сойме дыск, на якім яны самі чыталі вершы і сьпявалі на розных мовах. Гэты дыск адметны і тым, што мае і верш, прачытаны па-беларуску, які дэклямаваў для літоўскіх жанчын у Сойме кіраўнік парлямэнцкай камісіі ў справах НАТО Вацлаў Станкевіч, беларус па паходжаньні.

Сёньня у літоўскім Сойме -- сьвяточныя музычныя віншаваньні, якія другі год ладзіць у парлямэнце клюб Джэнтэльмэнаў, створаны віцэ-старшынём Сойму Чэславасам Юршэнасам. “Жадаю жанчынам быць больш шчасьлівымі, таму што ні любові, ні шчасьця ніколі не бывае зашмат”, -- з такімі віншавальнымі словамі да ўсіх жанчын зьвярнуўся сёньня віцэ-старшыня Сойму. Прэзыдэнт Літвы сёньня знаходзіцца ў Вене, а сьпікер парлямэнту Вікторас Муньцянас сёньня не пашкадаваў добрых словаў у віншаваньні жанчын Літвы.
XS
SM
MD
LG