Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя калёніі адмовілася прымаць дыетычныя харчы для Казуліна


Алег Грузьдзіловіч, Менску Аляксандру Казуліну забаранілі прымаць дадатковае харчаваньне з дому на час выхаду з галадоўкі. Таксама палітык кажа пра “дробныя прыдзіркі” да яго з боку турэмных ахоўнікаў. Пра гэта стала вядома пасьля наведваньня палітыка адвакатам.

Адміністрацыя віцебскай калёніі “Віцьба-3” адмовілася прымаць дыетычнае харчаваньне для Аляксандра Казуліна, якое прывёз у калёнію ягоны адвакат Ігар Рынкевіч. Паводле адваката, ў калёніі лічаць, што працэс выхаду палітыка з галадоўкі і так ідзе пасьпяхова.

“Прывёз харчаваньне, якое яму сабралі сваякі, а яны не прынялі ўжо нічога. Маўляў, ён пераведзены на рэжым 5В. Гэта дыетхарчаваньне праз турэмную сталоўку. Ніякіх больш прадуктаў яму не дазваляюць, акрамя тых нешматлікіх перадач, якія дасылаюцца як усім зьняволеным. Я спытаў, на падставе якіх мэдычных паказчыкаў гэта зроблена? Спаслаліся на добрыя аналізы і нейкі запіс ў мэдычнай картцы, але мне гэта не паказалі. Таму я зрабіў запыт на імя начальніка калёніі Віталя Агнісьцікава, каб праінфармавалі мяне як адваката”, – расказвае Ігар Рынкевіч.

Дзяжурны віцебскай калёніі адмовіўся камэнтаваць перавод Аляксандра Казуліна на іншы рэжым харчаваньня, а тэлефоны кіраўнікоў адміністрацыі 8-га сакавіка не адказвалі.

Паводле асабістых уражаньняў Ігара Рынкевіча, Аляксандр Казулін не выглядае цалкам здаровым, хаця дэманструе бадзёры настрой.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін выказаў задавальненьне тым, што яго зноў абралі старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада. Абраньне адбылося 4 сакавіка на чарговым партыйным зьезьдзе. Аляксандр Казулін даведаўся пра абраньне з рэпартажу Радыё Свабода, паведаміў адвакат. Паводле Ігара Рынкевіча, Казулін выказаўся за захаваньне адзінства партыі і пракамэнтаваў іншыя рашэньні зьезда “Грамады.

Таксама Ігар Рынкевіч паведаміў, што апошнім часам стаўленьне да Аляксандра Казуліна з боку турэмнай адміністрацыі стала больш жорсткім. “Прыкладам, зрабілі заўвагу, нібыта ён заседзеўся дапазна, падпісваючы віншавальныя паштоўкі з 8-ым сакавіка. Дробных прыдзірак стала болей, а ў яго ужо ёсьць два спагнаньні за парушэньне дысцыпліны”, – нагадаў Ігар Рынкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG