Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч называе палітыку Эўразьвязу “занадта абачлівай”


Алесь Дашчынскі, Менск Завяршыўся візыт у Менск супрацоўнікаў офісу вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў пытаньнях вонкавай палітыкі і бясьпекі Хавіера Саляны – кіраўніцы аддзелу палітычнага плянаваньня Хельгі Шмідт і галоўнага дарадцы Піркі Тапіолы.

Супрацоўнік нямецкай амабасады ў Менску паведаміў, што адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў Эўразьвязу з кіраўнікамі шмат якіх палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Беларусі. Ён таксама патлумачыў, што гэта быў візыт сакратарыяту Эўрапейскай рады, а не нямецкага старшынёўства ў Эўразьвязе. Іншых падрабязнасьцяў знаходжаньня дэлегацыі ў Менску ён не падаў. Дэлегацыя сустрэлася з прадстаўнікамі аб’яднанай апазыцыі – старшынём Палітрады Аляксандрам Мілінкевічам, лідэрамі Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і Партыі камуністаў беларускай Сяргеем Калякіным.

Аляксандар Мілінкевіч захварэў, і ягоныя высновы аб сустрэчах з дэлегацыяй, пераказаў прэсавы сакратар Павал Мажэйка:

“Аляксандар Мілінкевіч назваў тую палітыку, якую сёньня датычна Беларусі вядзе Эўрапейскі зьвяз, занадта абачлівай. На ягоную думку, Эўропа мае шмат магчымасьцяў рэальна ўплываць на разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі. Але часам дарэмна перасьцерагаецца”.

Аляксандар Мілінкевіч будзе настойваць на тым, што дыялёг Эўропы зь беларускім рэжымам магчымы толькі пасьля выкананьня ўмоваў, якія названы ў звароце да беларускага ўраду і народу.

“Таксама Мілінкевіч адзначыў высокапастаўленым эўрапейскім дыпляматам, што эўрапецы павінны верыць не запэўніваньням, а рэальным крокам беларускай улады. І падкрэсьліў таксама, што пра эфэктыўнасьць дыялёгу Эўропы з рэжымам Лукашэнкі можна будзе казаць толькі пры ўдзеле дэмакратычных сіл Беларусі”.

Таксама сваю пазыцыю адносна сытуацыі ў Беларусі дэлегацыі з Брусэлю выказалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці і афіцыйнага Менску. Прадстаўнікі Саляны сустрэліся зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Дэлегацыя мусіць падсумаваць вынікі візыту і выпрацаваць рэкамэндацыі.

Нагадаем, у лістападзе 2006 года Эўрапейская камісія назвала дванаццаць канкрэтных умоваў, пры якіх Эўразьвяз гатовы пайсьці Менску на значныя саступкі — адчыніць свае рынкі для беларускіх тавараў, даць фінансавую дапамогу беларускім фірмам, спрасьціць візавы рэжым і гэтак далей. Узамен афіцыйны Менск мусіць выканаць умовы, галоўныя зь якіх – вызваленьне палітвязьняў, спыненьне перасьледу апазыцыі, свабода мэдыяў, свабодныя выбары ды іншае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG