Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Валянціна Цюленева


Валянціна Аксак, Менск 8 сакавіка родныя і блізкія разьвіталіся з Валянцінай Цюленевай. Карэнная расейка з Арлоўшчыны, якая разам з братам прыехала паўстагодзьдзя таму ў Менск па камсамольскім закліку на новабудоўлю, яна прайшла шлях ад інтэрнацыянальнай камуністкі да перакананай беларускай незалежніцы.

Валянціна Цюленева нарадзілася 15 жніўня 1936 году ў Расеі, на Арлоўшчыне. Патрапіўшы ў Беларусь, працавала спачатку на будаўніцтве Менскага трактарнага заводу, а пасьля заканчэньня Інстытуту народнай гаспадаркі была праграмістам і кіраўніком вылічальнага цэнтру тонкасуконнага аб’яднаньня.

Мовазнаўца Зьміцер Саўка ведаў Валянціну Цюленеву як маці свайго найлепшага школьнага сябра Артура Клінава, цяпер выбітнага беларускага мастака. Ён адзначае вялікі эвалюцыйны шлях яе поглядаў ад перакананае камуністкі да шчырае прыхільніцы ідэалаў дэмакратычнае незалежнае Беларусі.

“Гэты чалавек здолеў — несумненна, пад уплывам сына, пад уплывам сытуацыі, акалічнасьцяў — зьмяніць свае погляды, чалавек, які здолеў зьмяніць сябе”, — зазначыў Зьміцер Саўка.

Яна ня проста падтрымлівала і падзяляла погляды і ўчынкі сына і ягоных сяброў. Калі пачаўся ціск на незалежную прэсу, спадарыня Валянціна стала ў шэрагі яе актыўных распаўсюднікаў, падкрэсьлівае супрацоўнік тыднёвіка “Наша ніва” Андрэй Дынько.

“Калі Беларусь ня стала Туркмэніяй і Расеяй ня стала, дык гэта дзякуючы таму, што ў нас былі такія людзі, як Валянціна Цюленева, дзякуючы таму, што гэтыя людзі не сядзелі, а дзейнічалі. Супрацоўнікі праваахоўчых органаў мучылі яе, не давалі ёй спакою, ганялі. Калі-небудзь у пераходзе каля вакзалу, дзе яна прадавала незалежную прэсу, паўстане помнік — бабулька трымае газэту. Гэта будзе помнік усім, хто заваёўвае цяпер для Беларусі свабоду слова”, — лічыць Андрэй Дынько.

Валянціна Цюленева памерла 6 сакавіка раптоўна ад сардэчнага прыступу. У яе кватэры засталіся стосы нераспаўсюджаных незалежных выданьняў, безь якіх немагчымая свабодная Беларусь, перакананы спадар Дынько. Таму сваё разьвітальнае слова ён завяршыў так: “Іншыя мусяць прыйсьці на месца Валянціны Цюленевай”.

Валянціна Цюленева пахаваная сёньня на могілках прыменскае вёскі Міханавічы. У яе засталіся сын Артур і ўнучка Дар’я.
XS
SM
MD
LG