Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: Ці існуе ў Беларусі дыскрымінацыя жанчын?


Галіна Абакунчык, Менск 8 сакавіка ў Беларусі, як і ў некаторых іншых постсавецкіх краінах, на дзяржаўным узроўні адзначаецца Дзень жанчын. Ён быў заснаваны на пачатку ХХ стагодзьдзя, як дзень абароны жаночых правоў і барацьбы з дыскрымінацыяй. Ці даводзілася вам сутыкацца з выпадкамі дыскрымінацыі жанчын у Беларусі?

Карэспандэнтка: “Ці даводзілася вам сутыкацца з выпадкамі дыскрымінацыі жанчын у Беларусі?”

Юнак: “Мне не даводзілася сутыкацца з такімі прыкладамі. І ўвогуле, такога не прыгадаю”.

Спадарыня: “Паўсюдна. На працы гэта ўвогуле на кожным кроку, асабліва пры аплаце працы. І ў жыцьці таксама, побытавы гвалт прысутнічае”.

Спадар: “Не, я такога ня бачыў. Шмат пражыў, але ня бачыў”.

Юнак: “У чыстым выглядзе, пэўна, не. Але пры прыёме на працу, паводле нейкіх профільных прафэсіяў, не бяруць жанчын”.

Юначка: “Вельмі часта, калі нешта на дарозе здараецца, нейкая жанчына не туды паехала, то ўсё -- нават мацюкі. Але калі мужчына памыліўся, то гэта нічога сабе”.

Спадар: “Не было такога, ніколі”.

Спадарыня: “Ёсьць такое, ёсьць, канешне, асабліва ў працы. Дома яшчэ можна зразумець, але ў працы гэтае падзяленьне вельмі непрыемнае. Таму хацелася б, каб гэта было зразумета, ацэнена і выпраўлена. Не для нас, а для нашых дзяцей, якія вучацца, растуць і якім трэба жыць”.

Спадар: “Я шмат пражыў, але ніколі нічога такога ня бачыў”.

Юнак: “Дыскрымінацыя – яна паўсюды ёсьць. Да прыкладу, на дарозе. Жанчыну ня лічаць паўнавартасным удзельнікам дарожнага руху”.

Юначка: “У некаторых справах – адназначна так. Да прыкладу, я перакладчыца. І мне вельмі непрыемна было, калі мне сказалі, што перакладчыкам ты ніколі ня станеш. Туды бяруць толькі хлопцаў, бо дзяўчаты – гэта ненадзейна – выйдуць замуж, народзяць дзяцей. Мне было вельмі непрыемна і крыўдна. І яшчэ мяне вельмі ўражвае выслоўе: “жаночая лёгіка”.

Юнак: “Я вучуся ў РТІ і ў нас у групе навучаюцца шэсьць дзяўчат. І ёсьць дзяўчаты, якія ў тэхнічных пытаньнях дадуць фору любому мужчыну. Тое, што ўсе людзі роўныя – гэта без сумневу, а таму ніякай дыскрымінацыі не павінна быць. І калі яна існуе ў грамадзтве, то я, наколькі магу, гэта перапыняю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG