Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Сьвяцкая: "У палітыцы дагэтуль захоўваецца мужчынскі шавінізм"


Уладзімер Глод, Менск Сёньня 8 Сакавіка – сьвята, вядомае ў былым Савецкім Саюзе як Міжнародны жаночы дзень. Першапачаткова гэта быў дзень пратэсту супраць дыскрымінацыі жанчын. Ці адчуваюць беларускія жанчыны-палітыкі дыскрымінацыю з боку палітыкаў-мужчынаў?

Валянціна Сьвяцкая -- сябра сойму Партыі БНФ, дарадца рэгіянальнага грамадзкага фонду "За новую Беларусь" цьвердзіць, што жанчынам-палітыкам цяжка стаць на адзін узровень з мужчынамі:

"Дагэтуль захаваўся (як бы гэта мякчэй сказаць) гэткі мужчынскі шавінізм. Калі сёньня зьяўляецца жанчына-палітык, ёй вельмі цяжка даказаць, што яна – роўня з мужчынам-палітыкам. Якія б гэта палітыкі ні былі -- хоць дэмакраты, хоць аўтакраты, хоць хто заўгодна -- яны, перадусім, выглядаюць палітыкамі такога патрыярхальнага складу мысьленьня і паводзін. Яны заўсёды імкнуцца быць галянтнымі, уважлівымі, але ўсё ж у іх перамагае менавіта патрыярхальнасьць поглядаў. Зусім нядаўна адзін з палітыкаў-дэмакратаў мне прызнаўся: "Калі жанчына разумная, гэта вельмі дрэнна". А калі жанчына яшчэ разумнейшая за мужчынаў (а яны гэта адчуваюць), яны яе тады пачынаюць ненавідзець".

Намесьніца старшыні камісіі ў пытаньнях адукацыі, культуры, навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Натальля Аўдзеева гаворыць, што жанчына-палітык у Беларусі мае такія ж самыя магчымасьці рэалізаваць сябе, як і мужчына:

"Заканадаўчая база для гэтага існуе. Было б жаданьне ў самой жанчыны. Менавіта ў гэтым, мне падаецца, трэба шукаць корань таго, што яшчэ не паўсюдна, не на ўсіх узроўнях жанчыны і мужчыны колькасна прадстаўленыя аднолькава. Хаця, напрыклад, на абшарах СНД па колькасьці жанчын-парлямэнтароў Беларусь займае першае месца. Мы нават выйшлі тут на эўрапейскі ўзровень. Многія жанчыны пакуль выбіраюць для сябе такі прыярытэт -- на першым месцы сям''я, і мяне гэта задавальняе. Я не кажу, што гэта дрэнна. У кожнага свой выбар. У мяне таксама сям''я на першым месцы. Аднак мне сям''я ніколі не перашкаджала рабіць, у тым ліку, і кар''еру".

Сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган лічыць, што магчымасьці стаць палітыкам у беларускай жанчыны надзвычай абмежаваныя:

"Яна ня зможа рэалізаваць сябе як палітык у тым выпадку, калі ў яе ня будзе падтрымкі ўлады. Сёньня беларускае тэлебачаньне перадае, што ў нас для жанчын-палітыкаў цудоўныя ўмовы: маўляў, у парлямэнце 30% жанчын, больш чым у некаторых эўрапейскіх краінах. Аднак беларусы ня ведаюць прозьвішчаў гэтых жанчын, ня ведаюць, пра што яны там гавораць, што прапануюць. Гэта сьведчыць пра тое, што там патрэбныя ціхія, спакойныя жанчыны, каб яны не пярэчылі, каб прымалі тыя рашэньні, якія ім дыктуюць. І на мясцовым узроўні, і на ўзроўні парлямэнту -- адно і тое ж".

Намесьнік старшыні аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай партыі працоўных Тацяна Ваніна лічыць, што жанчын іхныя калегі-мужчыны не выпускаюць, так бы мовіць, на “апэратыўную прастору”:

"Нават калі ты выказваеш слушныя меркаваньні ды думкі, якія адрозьніваюцца ад мужчынскага погляду, дык у лепшым выпадку іх выкарыстаюць. І потым выдадуць як свае. Мужчына-палітычны лідэр пагаджаецца: гэта слушна, але, паколькі гэта выказвае жанчына, дык ніхто не ўспрыме. Таму яны выдаюць гэта як свае меркаваньні. І тады яны могуць нейкае ўвасабленьне мець".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG