Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Любая жанчына і на высокай пасадзе, і на нізкай – рабыня”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 8 сакавіка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Спадарыня: “У нас усё для народа. Гэта Геалягічная вуліца, тут учынілі стаянкі. Мы задыхаемся ў кватэрах, такое ўражаньне нібы ў памыйнай яме. Вось уключаюць тут маторы. Зрабілі стаянку грузавой тэхнікі пад домам нумар 103, Геалягічная вуліца, Сьцяпянка. Куды не зьвярталіся, там сядзяць высокія чыноўнікі і праціраюць штаны на сваіх крэслах. І вось яны прысылаюць патруль, патруль разводзіць рукамі, вось і ўсё. Удыхаем паветра…Акрамя Чарнобылю, мы мусім яшчэ на арытміяю сэрца хварэць, на падвышаны ціск ад тых газаў, што пранікаюць наўпрост у спальню. Вось такое наша жыцьцё. Усё для народа”.

Спадар: “Кажуць, што сапраўдны мужчына той, у каго сапраўдная жонка. Ад усёй душы з найлепшымі пажаданьнямі, болем у сэрцы і цьвёрдай надзеяй на блізкую перамогу сьвятла над цемрай віншую Ірыну Казуліну, яе дачок у дзень 8-га сакавіка. Радасна ўсьведамляць, што ў сапраўднага мужчыны Аляксандра Казуліна сапраўдная жонка і вартыя дзеці. Самыя цёплыя словы падзякі ў гэты горка-сьвяточны дзень дасылаю моцнай духам праваабаронцы Кацярыне Садоўскай, невінаватай ахвяры самаўладзьдзя дыктатуры. Свабоду вязьням сумленьня! Жыве Беларусь!”

Спадарыня: “Я хачу сказаць пра 8-е сакавіка, пра гэта сьвята. Жанчыну ў нас савецкая ўлада зрабіла рабыняй. Любая жанчына і на высокай пасадзе, і на нізкай – рабыня. Мы -- прыніжаныя, зьнішчаныя. Былі і ёсьць. І жанчына ніякай ня мае сілы. Ніякай. Няхай яны там ня кажуць. Як раз жанчыны казалі па “Свабодзе” і я іх паслухала. Яны справядліва расказвалі”.

Ларыса, Менск: “Калі казаць пра нашых жанчын, то, на мой погляд, яны маюць роўныя правы з мужчынамі. Нашы мужчыны зарабляюць у асноўнай сваёй масе так мала, што забясьпечыць сям’ю яны ня могуць. Жанчынам лягчэй знайсьці працу, бо яны працуюць у сфэры абслугі, у гандлі, настаўніцамі, лекарамі. Там значна больш працоўных месцаў. Жанчыны больш актыўныя, іх трэба абіраць у Парлямэнт, каб яны ўнесьлі прапановы, як падвысіць жыцьцёвы ўзровень. Такое маё пажаданьне”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Са сьвятам усіх нашых княгінь: слухачоў і работнікаў Радыё Свабода. Моцнага Вам здароўя і веру ў тое, што хутка будуць перамены ў Беларусі, то бок абярэм новага прэзыдэнта. І на нашай вуліцы надыдзе эўрапейская дэмакратыя заміж адной хлусьні. Яшчэ раз зычу Вам здароўя, дабра. Радасьці ў Вашым жыцьці”.

Віктар: “Наконт правоў чалавека на Беларусі. Возьмем, у першую чаргу, атрыманьне інфармацыі. Гэта -- радыё, тэлебачаньне, газэты і гэтак далей. Яны падаюць скажоную інфармацыю, ухваляючы прэзыдэнта і ягонае атачэньне. Наконт выступаў на ўтрыманьне за нашы ж падаткі і недаплату вартых заробкаў, завышаных коштаў на прадукты і іншых тавараў, за наш кошт, народа Беларусі, па тэлебачаньні, радыё і іншых сродках інфармацыі з дыскусіямі, круглымі сталамі, спрэчак зь іншадумцамі няма і размовы, хоць усё гэта аплачваем мы ўсе. Па-другое, заробкі штучна заніжаныя. За кошт ствараючых матэрыяльныя выгоды працуючых утрымліваюцца шэршні ў намэнклятурным апараце, раздутым тым больш апараце гвалту. То бок апарат гвалту: праваахоўныя органы, пракуратура, адвакаты, міліцыя, суд, утрыманьне ўнутраных войскаў, якія адкрыта даюць ілжывыя паказаньні, а не ахоўваюць правы, ведаючы пра беспакаранасьць. Па-трэцяе. Параўнайце кошт прадуктаў першай неабходнасьці ў Беларусі і заробкаў у Нямеччыне і Ангельшчыне.”.

Спадарыня: “Нашы правы нельга парушыць, таму што іх па-сутнасьці не існуе. Ёсьць толькі адмысловыя спосабы барацьбы з тымі, хто спрабуе пераканаць уладу, што правы павінны быць. Вось сьвежы прыклад. Суд аднаго з раёнаў Менску прыдумаў унікальны прыём барацьбы з мамачкамі, якія не адмовіліся ад права атрымліваць алімэнты на дзяцей ад іх нядбайных бацькаў. Для гэтага судовы выканаўца адсылае выканаўчы ліст куды-небудзь “на вёску да дзядулі” і родны Народны суд робіць выгляд, што нічога не адбылося. Я б ніколі не паверыла, што такое можа быць, калі б гэты трук ужо шэсьць год не рабілі са мной. За тое ў кабінэце старэйшага судовага выканаўцы стаіць сучасная кухонная тэхніка, нібыта гэта сталовая, а ня родны Народны суд”.
XS
SM
MD
LG