Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Палевікова: “8 Сакавіка – найперш гэта вясна і сонца”


Уладзімер Глод, Менск Сёньня 8 Сакавіка – сьвята, вядомае як Міжнародны жаночы дзень. Першапачаткова гэта быў дзень пратэсту супраць дыскрымінацыі жанчын. Наш карэспандэнт пытаўся ў беларускіх палітыкаў пра іхнае стаўленьне да 8 Сакавіка.

Сябра Палітычнай рады аб''яднаных дэмакратычных сілаў Віктар Карняенка цьвердзіць, што 8 Сакавіка ён адзначае выключна з традыцыі:

“Я ніколі ня думаў пра карані гэтай традыцыі. Безумоўна, калі ацэньваць гэты дзень у гістарычнай пэрспэктыве, дык тут, напэўна, нейкая бязглузьдзіца. А калі глядзець з пункту гледжаньня падставы для таго, каб аддаць належнае нашым жанчынам, дык гэта добрая традыцыя. І я заўсёды ў гэты дзень віншую ўсіх знаёмых жанчын. Дарэчы, сёлета да іх далучыліся яшчэ дзьве мае нявесткі. Так што вось такая традыцыя”.

Валянціна Палевікова – сябра Палітычнай рады Аб''яднанай грамадзянскай партыі – сёньня чакае віншаваньняў:

“8 Сакавіка – найперш гэта вясна і сонца. Гэта – прыход вясны. І хочацца, каб былі віншаваньні. Віншаваньні шчырыя, ад усяго сэрца”.

Намесьніца старшыні камісіі ў пытаньнях адукацыі, культуры, навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Натальля Аўдзеева адзначае:

“Калі існуе такое сьвята, у якое асабліва можна засяродзіць увагу на праблемах і на прыемных момантах, калі можна лішні раз адкрыта, ня ў пляне камплімэнту, а менавіта шчыра сказаць жанчыне: “Дзякуй за ўсё, што ты робіш, і няхай у цябе ўсё будзе цудоўна”, – хіба ж гэта дрэнна?”

Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандар Лукашэнка гаворыць, што на сьвеце няма нікога больш дасканалага за жанчыну:

“Прырода стварыла няшмат дасканалых рэчаў. А можа і многа? Але мы пра гэта яшчэ вельмі мала ведаем. Я лічу, што самае дасканалае, што магла прыдумаць і стварыць прырода, гэта – жанчына. Больш дасканалага нашая прырода, нашае жыцьцё ня выдумалі”.

Валер Костка – былы памочнік Генадзя Карпенкі – зьвязвае сёньняшняе сьвята зь веснавымі надзеямі:

“І гэта надзея на зьмены да лепшага. І я неабавязкова гэта зьвязваю выключна з жаночым днём. Хаця і жанчына, і прырода – гэта заўсёды прыгожа, заўсёды прыемна. Гэта ня толькі заўжды радуе, а яшчэ й дае станоўчую надзею”.

Апазыцыйная актывістка Вольга Карач гаворыць, што яна сёньня зьбіраецца не сьвяткаваць, а працаваць:

“Я 8 Сакавіка не сьвяткую. Мне не падабаецца, калі адзін раз на год хтосьці ўспамінае пра тое, што побач знаходзяцца жанчыны ці мужчыны. Мне гэта вельмі не падабаецца, бо выглядае гэта вельмі ненатуральна. Мы павінны памятаць пра тых, хто побач, кожны дзень, а ня раз на год у афіцыйна прызначанае сьвята”.

Традыцыя адзначаць Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка была пакладзеная дэманстрацыяй, якую правялі 8 сакавіка 1857 году нью-ёрскія работніцы на знак пратэсту супраць жахлівых умоваў працы і нізкіх заробкаў. Паліцыя разагнала гэтую дэманстрацыю. Міжнародным жаночым днём дзень 8 сакавіка быў аб’яўлены ў 1910 годзе пастановаю Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу.

У Савецкім Саюзе Міжнародны жаночы дзень у 1960-я гады стаў сьвятам і нерабочым днём. У сувэрэннай Беларусі гэтае сьвята захавалася – пры тым, што частка людзей успрымае 8 Сакавіка як спадчыну камуністычнага часу.
XS
SM
MD
LG