Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У пошуках слонімскіх скарбаў” – новая кніга Сяргея Чыгрына


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Менску выйшла новая кніга сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, намесьніка рэдактара “Газеты Слонімскай” Сяргея Чыгрына “Ў пошуках слонімскіх скарбаў”.

Сяргей Чыгрын – краязнаўца, пісьменьнік, журналіст. Ён гаворыць, што ў сваёй кнізе напісаў пра скарбы, якія зьніклі са слонімскіх музэяў, храмаў, з палацаў і бібліятэк.

“Найперш мяне натхніла тое, – расказвае Сяргей Чыгрын, – што аднойчы ў адным з музэяў Уроцлава я ўбачыў слонімскую паштовую карэту, а ў польскім горадзе Слупску – слонімскія гадзіньнікі. Я быў у шоку, што дзесьці дзевяноста адсоткаў слонімскіх скарбаў знаходзяцца на сёньняшні дзень ня ў Слоніме, а па-за межамі Беларусі”.

Пісьменьнік сочыць за стратамі, цешыцца станоўчымі зьменамі ў горадзе: “Многія, як слонімцы гавораць, фігуркі, што былі ў касьцёле сьвятога Андрэя, вывезьлі ў Літву. Некаторыя зь іх удалося вярнуць. Плошча, дзе знаходзіцца касьцёл сьвятога Андрэя, называлася плошчай Горкага, а некалькі гадоў назад нам удалося перайменаваць яе ў плошчу Льва Сапегі”.

“Газету Слонімскую” рэдагуе Віктар Валадашчук. Ён расказвае, што кожны месяц у газэце друкуюцца літаратурныя творы аўтараў з навакольных раёнаў, а таксама сваіх, якія пішуць вершы і прозу.
Сяргей Чыгрын: “Я быў у шоку, што дзесьці дзевяноста адсоткаў слонімскіх скарбаў знаходзяцца на сёньня ня ў Слоніме, а па-за межамі Беларусі”.
“У прыватнасьці, я адзначыў бы Сяргея Чыгрына, які ў “Газеце Слонімскай” ад самага пачатку, працуе намесьнікам рэдактара, – гаворыць Віктар Валадашчук. – Я лічу: калі журналіст займаецца яшчэ паралельна творчасьцю, напісаньнем літаратурных твораў, гэта вельмі добра для газэты”.

Сяргея Чыгрына ўзрушыла нядаўняя навіна: улады заявілі, што пабудуюць камяніцу для тэатру. Драматычная трупа існуе ў горадзе 17 гадоў, але свайго памяшканьня ня мае. “Хочацца працягваць тэатральныя традыцыі, запачаткаваныя яшчэ Агінскім”, – гаворыць пісьменьнік. Сам ён, дарэчы, працуе ў тэатры на палову стаўкі загадчыкам літаратурнай часткі, перакладае п’есы, сам піша. Каля сямідзесяці адсоткаў рэпэртуару – на беларускай мове.

“Хацелася б мець спэктакль-візытоўку тэатру, прысьвечаны Міхалу Казіміру Агінскаму, – гаворыць Сяргей Чыгрын. – Таму мне верыцца, што калі пабудуюць тэатар, на адкрыцьцё мы напішам п’есу і паставім спэктакль, які будзе адлюстроўваць гісторыю нашага гораду, гісторыю Агінскіх. Вядома, ёсьць такая мара. Я думаю, калі будзем мы жывыя-здаровыя, то ажыцьцявім гэта”.

У сваёй кнізе “Ў пошуках слонімскіх скарбаў” Сяргей Чыгрын піша таксама пра знакамітых людзей Слонімшчыны, піша і пра тых, хто трапіў пад сталінскія рэпрэсіі і не вярнуўся дадому...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG