Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: зь лічыльнікам вады можна штомесяц эканоміць 20 000 рублёў


Любоў Лунёва, Менск Агляд недзяржаўнага друку за 8 сакавіка.

“Брестская газета” аналізуе сытуацыю, у якой апынуліся прадпрымальнікі. Ці выйдуць яны пратэставаць супраць указу №760, які дазваляе ім наймаць на працу толькі сваякоў? У рэзалюцыі да ўладаў прадпрымальнікі паабяцалі адказаць на “клопат ураду” дэманстрацыямі, пікетамі і страйкамі. Чытайце падрабязнасьці ў артыкуле “У панядзелак таней”.

Вясной адбудзецца IV зьезд інтэлігенцыі. Аўтары публікацыі спасылаюцца на словы Вольгі Іпатавай, якая заклікае інтэлігенцыю запатрабаваць ад апазыцыі адзінства і маральна ўзьдзейнічаць на апазыцыйных лідэраў.

У Берасьцейскі абласны шпіталь мэдыкі выклікалі міліцыю, бо туды трапіў мужчына зь цяжкімі нажавымі ранамі. Высьветлілася, што гэта пацыент тубэркулёзнага дыспансэру. Ён пасварыўся ў калідоры зь іншым пацыентам, і той нанёс яму нажавыя раны. На чацьвёртай паласе “Брестск’ай газеты” – пра крымінальныя інцыдэнты, якія здарыліся на Берасьцейшчыне.

Газэта “Народная воля” прапануе чытачам інтэрвію з паэтам Славамірам Адамовічам, які з 2002 году жыве ў Нарвэгіі. Славамір кажа, што яму не хапае чорнага хлеба і белага сала, сырадою і сьмятаны, бульбы, згушчанкі глыбоцкай, шакалядак “Алёнка” і лыжаў з таямнічым надпісам “Целяханы”.

Журналістка Марыя Эйсмант размаўляла з амбасадарам Літвы ў Беларусі Эдмінасам Багдонасам. “Народная воля” прапануе чытачам першае падрабязнае інтэрвію, якое ён даў пасьля таго, як заняў пасаду амбасадара.

Карэспандэнт “Народнай волі” наведаў Віктара Садоўскага, мужа палітзьняволенай Кацярыны Садоўскай, якая адбывае пакараньне ў жаночай калёніі – суд у Менску палічыў Садоўскую вінаватай у абразе Аляксандра Лукашэнкі.

“Комсомольская правда в Беларуси” прапануе чытачам інтэрвію з Сафіяй Гройсман, аўтаркай знакамітай парфумы “Трэзор”. Грамадзянка ЗША нарадзілася ў Беларусі. У эксклюзіўным інтэрвію яна сказала, што абавязкова прыдумае пах для Беларусі.

Міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ўладзімер Белахвостаў сьцьвярджае, што зь лічыльнікам вады можна штомесяц эканоміць 20 000 рублёў. Як плаціць за пустую кватэру? Ці будуць падвышацца цэны на камунальныя паслугі? Адказы на гэтыя ды іншыя пытаньні ў сьвежым нумары газэты “Комсомольская правда в Беларуси”.
XS
SM
MD
LG