Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект “Bronx Couture” у Менску пачаўся з В.Юдашкіна


Алесь Дашчынскі, Менск Учора ўначы ў менскім начным клюбе “Бронкс” адбыўся паказ вяснова-летняй калекцыі моды расейскага мадэльера Валянціна Юдашкіна “Сады Санкт-Пецярбургу”.

Пабачыць высокую моду ня кожнаму па кішэні. Кошт квіткоў зь месцам – 260 тысяч рублёў. А квіткі бязь месцаў – 170 тысяч рублёў. Больш за 150 гледачоў сачылі за дэфіле мадэлек на 15-мэтровым подыюме. Гэта толькі пачатак праекту “Бронкс-куцюр”. Плянуецца, што ў Менску будуць прывозіць калекцыі вядомых куцюр’е. Першым стаў Валянцін Юдашкін.

Калекцыя была паказаная ў Пецярбургу і Міляне: гарадзкое адзеньне, casual, унікальныя сукенкі ручной работы - куцюрныя, вечаровыя. У Менску калекцыю паказвалі бязь зьменаў. У такім самым выглядзе яна дэманстравалася ў Эўропе.

У канцы шоў на подыюм выйшаў Валянцін Юдашкін:

“Я маю гонар павіншаваць усіх з надыходзячым, жанчын, любімых жанчын, з надыходзячым 8 сакавіка. Я вельмі кранальна стаўлюся да гэтага дня. Дзякуй вам, што вы прыйшлі, удачы і, я думаю, што не апошні раз”, - сказаў куцюр''е.

Усялякія намаганьні падыйсьці да Валянціна Юдашкіна былі марныя. За кулісы не пускала ахова. Строі калекцыі выносілі ў вялізных валізах. Нарэшце, Юдашкін у футры, у атачэньні аховы шпарка праходзіць праз залю. Адказваць на пытаньні ён не пажадаў.

Напярэдадні паказу была прэсавая канфэрэнцыя ў гатэлі “Менск”. Хто ж зь вядомых палітыкаў ці іншых грамадзянаў Беларусі апранаецца ў Юдашкіна? Пра гэта я пацікавіўся ў мадэльера.

“Апранаць палітыкаў – няўдзячная справа. Жанчын у палітыцы мала. Дом адчынены для ўсіх”, - адказаў Юдашкін.

Пасьля паказу калекцыі “Сады Санкт-Пецярбургу” для публікі – фуршэт з марціні.

“Гэта было для мяне вельмі новае. Я ня бачыў такога вялікага паказу моды. Цягам амаль што гадзіны глядзець на цудоўных, прыгожых жанчын у цудоўным адзеньні – гэта было вельмі цікава”.

Ці прыжывецца такая мода ў Беларусі? Запытваюся ў тых, хто бачыў калекцыю Валянціна Юдашкіна. “Яна тут ужо існуе, але не для ўсіх. У Беларусі зашмат алігархаў, яны проста нелегальныя. Гэта мода для вышэйшай ўлады. Такая як бы нелегальная”.

“Я паглядзеў з задавальненьнем паказ, Юдашкіна ўбачыў. Але тое, што паказвалі, гэта калекцыя трох ці чатырохгадовай даўніны. З куфра. Гэта эскізы, а ня нейкая гатовая рэч, мяркуючы паводле якасьці тканіны”.

“Напэўна, гэта вельмі дорага”.

“Ёсьць, магчыма, перакананьне, што менская публіка ня вельмі выкшталцоная”.

“Вельмі прыгожыя ўборы былі. Думаю, што можна насіць на юбілеі, выпускныя вечарыны”.























Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG