Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі Х.Саляны вывучаюць гатоўнасьць беларускіх уладаў да дыялёгу


Алесь Дашчынскі, Менск Дэлегацыя Эўразьвязу, накіраваная вярхоўным прадстаўніком Зьвязу ў пытаньнях вонкавай палітыкі і бясьпекі Хавіерам Салянам, правяла сёньня ў Менску шэраг сустрэчаў. Дэлегацыя мае намер азнаёміцца з сытуацыяй у Беларусі.

А.Лябедзька: "Аб’яднаныя дэмсілы – гэта той суб’ект, безь якога дыялёг проста фізычна быць не можа”

З прадстаўнікамі Хавіера Саляны, кіраўніцай палітычнага аддзелу кабінэта і дарадцы у пытаньнях Беларусі Хельгай Шміт і галоўным дарадцам кабінэту Піркам Тапіёлам сустрэліся сёньня старшыня Палітрады аб’яднаных дэмсілаў Аляксандар Мілінкевіч, лідэр АГП Анатоль Лябедзька і першы сакратар ПКБ Сяргей Калякін.

А.Лябедзька: “У іх няма нейкага асаблівага энтузіязму з нагоды таго, што заявіў Лукашэнка, што ён гатовы да дыялёгу... Пакуль яны разглядаюць гэта як словы. Яны за тое, каб была каардынацыя паміж Брусэлем і Вашынгтонам, каб размаўляць з Расеяй, але не вырашаць пытаньні закулісна. І мы ўсе настойліва паўтаралі, што аб’яднаныя дэмсілы – гэта той суб’ект, безь якога дыялёг проста фізычна быць не можа”.

Яны выказалі кансалідаваную пазыцыю адносна стратэгіі і пляну дзеяньняў, а таксама сваё стаўленьне да магчымага дыялёгу зь беларускімі ўладамі. Паводле лідэраў апазыцыі, у яго найперш павінны быць уключаны чатыры найважнейшыя пытаньні – вызваленьне палітвязьняў, зьмена выбарчага заканадаўства, свабода мэдыяў і маніфэстацый, бесьперашкодная дзейнасьць грамадзкіх структур, кажа Анатоль Лябедзька:

“Канструктыўная была сустрэча. І яны сказалі, што гэтыя чатыры накірункі найважнейшыя, і па іх найперш трэба дэманстраваць, каб быў посьпех. Спадарыня Шміт сказала, што ў іх няма нейкага асаблівага энтузіязму з нагоды таго, што заявіў Лукашэнка, што ён гатовы да дыялёгу з эўрапейскімі структурамі і ЗША, каб мяняць сытуацыю. Пакуль яны разглядаюць гэта як словы. Яны за тое, каб была каардынацыя паміж Брусэлем і Вашынгтонам, каб размаўляць з Расеяй, але не вырашаць пытаньні закулісна. І мы ўсе настойліва паўтаралі, што аб’яднаныя дэмсілы – гэта той суб’ект, безь якога дыялёг проста фізычна быць не можа”.

Т.Процька: “Пазыцыя Эўразьвязу зразумелая і прынцыповая”

Таксама дэлегацыя сустрэлася з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці – старшынёй БАЖ Жанай Літвіной, праваабаронцам Гары Паганяйлам, старшынёй БХК Тацянай Процькай і прадстаўніцай Цэнтру сацыяльных інавацый Тацянай Пашывалавай. Спадарыня Хельга Шмідт паабяцала закрануць падчас гутаркі з афіцыйнымі уладамі становішча грамадзкіх арганізацый, кажа Тацяна Процька:

“Пазыцыя ЭЗ тут зразумелая і прынцыповая. Беларуская дзяржава павінна выконваць свае міжнародныя абавязацельствы, і калі яна па нейкіх прычынах не ўрэгулявала сваё ўнутранае заканадаўства ў адпаведнасьці са сваімі міжнароднымі абавязацельствамі, то гэта праблема краіны, а не Эўразьвязу”.

Дэлегацыя прадстаўнікоў Хавіера Саляны мяркуе таксама сустрэцца зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым, прадстаўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Паводле сябра дэлегацыі спадарыні Шміт, беларускае пытаньне цяпер закранаецца даволі часта на паседжаньнях рады Эўразьвязу. Яна плянуе ўжо ў аўторак паведаміць у Брусэлі пра вынікі сваёй паездкі і выпрацаваць пэўныя рэкамэндацыі. Візыт завершыцца 8 сакавіка.
XS
SM
MD
LG